Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчы мітынг Ціханоўскай у Віцебску і Дзьмітрыева ў Стоўпцах. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

24 ліпеня Андрэй Дзьмітрыеў агітаваў за сябе ў Стоўпцах, Сьвятлана Ціханоўская — у Віцебску. Свабода вяла жывую трансьляцыю.

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася са сваімі выбарцамі ў Віцебску ў 19:00 у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. За 24 ліпеня гэта быў ужо трэці мітынг Ціханоўскай: раней прайшлі мітынгі ў Глыбокім, дзе сабралася каля тысячы чалавек, і ў Наваполацку, куды прыйшлі некалькі тысяч.

У Віцебску людзі запоўнілі Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Вядоўца са сцэны кажа пра «больш чым 5 тысяч чалавек».

На сцэне зьявіліся Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава. Сьвятлана Ціханоўская нагадала прысутным пра лёс свайго мужа Сяргея Ціханоўскага. Яе прамовы ў розных гарадах 24 ліпеня падобныя.

Сьвятлана расказала пра эканамічныя праблемы беларусаў, а таксама пра тое, як яна стала кандыдатам. Нагадвала, што гэта адбылося праз арышт яе мужа Сяргея.

Вераніка Цапкала зьвярнула ўвагу, што на мітынг людзі прыйшлі з рознымі сьцягамі, і заклікала ўсіх да аб'яднаньня.

«Нас пужаюць падзелам грамадзтва, войскамі NATO, войскамі Расеі, майданам. Вы калі-небудзь чулі ад альтэрнатыўных кандыдатаў пра майдан? Мы проста хочам нармальнага жыцьця ў цывілізаваным грамадзтве», — сказала Вераніка Цапкала.

Пікет у Віцебску
Пікет у Віцебску

Андрэй Дзьмітрыеў 24 ліпеня агітаваў у Стоўпцах. Раней ён заявіў аб падтрымцы Сьвятланы Ціханоўскай, а ў сваім першым відэазвароце заклікаў галасаваць «за альтэрнатыўнага кандыдата», а не за сябе.

Са сцэны ў Стоўпцах паведамілі, што меўся выйсьці на волю мясцовы актывіст Андрэй Буката. Але яго завезьлі на допыт у Сьледчы камітэт. Да пачатку пікету прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

Са сцэны выступіў Андрэй Дзьмітрыеў. Многія пыталіся ў Андрэя Дзьмітрыева, ці не плянуе ён зьняцца з выбараў на карысьць Ціханоўскай. Дзьмітрыеў на гэта адказваў што «тады могуць зьняць Сьвятлану Ціханоўскую, таму рабіць гэтага ня варта».

У Стоўпцах прысутным давалі магчымасьць расказаць са сцэны пра свае праблемы. Гэта, у асноўным, эканамічныя праблемы, праблемы з заробкамі.

Пікет у Стоўпцах
Пікет у Стоўпцах

У 2010 годзе Андрэй Дзьмітрыеў быў кіраўніком штабу кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, а ў 2015 годзе ад кампаніі «Гавары праўду» балятавалася Тацяна Караткевіч.

У Добрушы і Лідзе таксама прайшлі шматлюдныя агітацыйныя пікеты Сьвятланы Ціханоўскай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG