АБНОЎЛЕНА. Давераная асоба Святланы Ціханоўскай Юры Ўласаў паведаміў Свабодзе 24 ліпеня, што ў Гомлі міліцыя затрымала актывіста і валянтэра Аляксея Раманава. Гэтая інфармацыя пазьней не пацьвердзілася.
З Раманавым не было сувязі, але пазьней стала вядома, што актывіст быў у аддзеле па грамадзянству і міграцыі, дзе яму прапанавалі пагутарыць з начальнікам Цэнтральнага РАУС Гомля.
«Быў у пашпартысткі, а яна кажа, што я ў пошуку. Прапанавала пагутарыць з начальнікам міліцыі. Я пытаю: „Я затрыманы?“ Яна адказала, што пакуль ня ведае, і мяне павялі да начальніка Цэнтральнага РАУС», — паведаміў Аляксей Раманаў.
Паводле ягоных словаў, начальнік міліцыі папярэдзіў яго аб недапушчальнасьці абразаў у бок прэзыдэнта.
«Імаверна, гаворка ідзе пра пікет у Буда-Кашалёва, дзе я крытычна выказваўся. Але чаму прэзыдэнту можна абражаць усіх нас, а нам і слова нельга сказаць?», — заўважыў Раманаў.
Пасьля гутаркі яго адпусьцілі з міліцыі.
На наступны дзень прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў заявіла ў Telegram, што Раманаў «напісаўшы заяву і падаўшы квітанцыю аб аплаце дзяржмыту, аформіў рэгістрацыю і ў 11:15 пакінуў будынак АГІМ РАУС». Пра папярэджаньні Раманаву МУС ня згадвае.
Актывіст удзельнічаў у агітацыйным пікеце за Сьвятлану Ціханоўскую ў Буда-Кашалёве 22 ліпеня, і крытычна выказваўся там у бок дзейнай улады. Сёньня ён зьбіраўся дапамагаць давераным асобам правесьці мітынг у Добрушы ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.
Нядаўна Аляксей Раманаў перанёс складаную анкалягічную апэрацыю, ён мае групу інваліднасьці і часта трапляе ў шпіталі па стане здароўя.