Брусэль зноў выказаў Менску занепакоенасьць і шкадаваньне з нагоды выбараў

ВЫбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве, 23 ліпеня 2020
ВЫбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве, 23 ліпеня 2020

Эўразьвяз зноў выказаў занепакоенасьць з нагоды «невыкананьня Беларусьсю асноўных свабод і, як уяўляецца, наўмыснага выключэньня кандыдатаў з выбарчага працэсу», паведамляе БелаПАН, цытуючы заяву прэс-офісу Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў.

Згаданая занепакоенасьць прагучала ў Брусэлі 23 ліпеня на сустрэчы высокапастаўленых чыноўнікаў Эўразьвязу з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску. Дэлегацыю Беларусі на гэтай сустрэчы ўзначальваў намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.

Прадстаўнікі ЭЗ заклікалі Беларусь вызваліць усіх адвольна затрыманых палітычных актывістаў, забясьпечыць ім доступ да абароны, а таксама правесьці справядлівае, бесстароньняе і празрыстае расьсьледаваньне ва ўсіх выпадках.

ЭЗ таксама выказаў шкадаваньне, што Беларусь своечасова не накіравала запрашэньня ў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ, і заклікаў афіцыйны Менск выконваць міжнародныя выбарчыя стандарты цягам астатняй часткі выбарчага працэсу.

​
XS
SM
MD
LG