Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ўлада ня зьменіцца, мы апынёмся ў фашысцкай Нямеччыне». Як прайшоў першы агітацыйны пікет за Ціханоўскую на Гомельшчыне


Першы агітацыйны пікет на Гомельшчыне за Святлану Ціханоўскую прайшоў пасьля захаду сонца ў Буда-Кашалёве. Улады патлумачылі давераным асобам, што ўвесь «добры» час заняты агітатарамі за Лукашэнку. Застаўся невялікі выбар — ці з 8 раніцы, ці пасьля 21.00.

Пікет прайшоў у «дазволеным месцы» — на гарадзкім стадыёне. Людзей сабралася каля сотні чалавек. «А ў нас ціхар ёсьць!», — пахваліўся адзін мясцовы, паказваючы на чалавека ў цывільным. Высьветлілася, што «ціхар» — гэта мясцовы ўчастковы.

Юры Ўласаў, давераная асоба Ціханоўскай, патлумачыў, чаму пікет праводзіцца траха ня ноччу. «Агітатары за Лукашэнку замовілі ў рэгіёне 546 пікетаў. Нам улады прапанавалі ці ранкам, ці пасьля 21.00 праводзіць агітацыю. Таму так. Але мы змагаемся за лепшы час. Мы тут усе, каманда, людзі правераныя. Хто па 15 сутак адсядзеў, хто па 45, як я. Таму можаце сьмела да нас зьвяртацца», — пажартаваў Уласаў.

Юры Ўласаў
Юры Ўласаў

Ён зазначыў, што ў мясцовых сумныя твары. Ці стомленыя пасьля працы. Пасьля пераклічкі выявілася, што на пікеце прысутнічаюць ня толькі будакашалёўцы, але і жлобінцы, і гомельцы. «А хто на якім заводзе тут працуе, падыміце рукі!», — прапанаваў Уласаў. У адказ людзі засьмяяліся і адказалі: «Якія тут заводы... На Расею езьдзім...»

Давераныя асобы і валянтэры расказалі прысутным пра Святлану Ціханоўскую, яе прынцыпы і матывацыю на гэтых выбарах. «Для яе галоўнае — дабіцца справядлівых выбараў», — сказала давераная асоба Тацьцяна Канеўская. Яна запэўніла прысутных, што і Сяргей, і Сьвятлана Ціханоўскія — «гэта людзі з народу, такія, як мы з вамі».

«Сяргей здабыў папулярнасьць, бо ён здымаў па 5-6 стрымаў у дзень. Ехаў на сваёй машынцы па рэгіёне, даваў слова людзям. Яны яму верылі, бо людзі бачылі звычайнага хлопца», — расказала Канеўская.

Рамесьнік Ягор прыйшоў на пікет разам з жонкай і траімі дзецьмі. «Я быў у Эўропе, дык там людзі да 16:00 папрацуюць — і, усе газоны занятыя, адпачываюць. А ў нас бяруць водпуск, каб ехаць на Расею і грошы зарабіць. Мне, як і многім, хочацца перамен. Я сам больш-менш жыву, але хачу, каб наш народ меў грошы, мог заплаціць мне за маю прадукцыю (я раблю альтанкі, павеці). На жыцьцё хапае, але цяжка, асабліва калі не сэзон. Бюракратыя надакучыла. У выканкам прыйдзеш на прыём а 8-й, а 10-й цябе прымуць — усё каву п’юць! Ды дома папіце кавы ды ідзіце на працу», — падзяліўся Ягор.

Ягор
Ягор

Маладая дзяўчына Яна ўзяла слова. «Я нарадзілася пры адной уладзе. Пайшла ў школу пры адной уладзе. Скончыла ўнівэрсытэт пры той жа ўладзе. Ужо хочацца перамен. Сумна глядзець, што наша краіна несвабодная. Што мы ня можам выйсьці і сказаць, што мы думаем. Што цябе забяруць у міліцыю, гэта адаб’ецца на тваіх блізкіх.. Крыўдна да сьлёз», — сказала дзяўчына.

Яна
Яна

Яшчэ адзін выступоўца прыехаў са Жлобіна. «У якіх умовах мы ўсе жывём? Мы, простыя людзі, ды проста ў дзярме жывём — трэба казаць так, як яно ёсьць. Хацелася б убачыць ужо перамены. Сёлета, дай Бог, каб 9 жніўня было ўсё мірна, цывілізавана, без таго, што ён кажа — страляніны і так далей. Мы выйдзем ціха, мірна, мы браты і сёстры, нам тут жыць і нашым дзецям. Мы мусім падтрымаць адзін аднаго, досыць баяцца», — заклікаў жыхар Жлобіна.

Жыхар Буда-Кашалёва Віталь прыйшоў па пікет са сваёй жонкай Раісай. «Ох, калі ўлада ня зьменіцца, то мы ўбачым фашысцкую Нямеччыну. Гэта такая наша будучыня, пры такой уладзе. У мяне самога ўсё нармальна. Мы працуем самі на сябе і толькі на сябе спадзяёмся. Але за большасьць людзей мне крыўдна і балюча. Што мы пакінем дзецям? Не хапае ўпэўненасьці ня толькі ў заўтрашнім дні, але і ў сёньняшнім. Тут сказалі пра нас, што мы не ўсьміхаемся. А мы проста стомленыя. І ўсе людзі надта стомленыя», — зазначыў Віталь.

Раіса зьдзівілася, што шмат людзей сабралася, бо інфармаваньня пра сустрэчу фактычна не было, а ў мясцовым чаце ў тэлеграме — 31 чалавек.

Мясцовы жыхар Аляксандар радуецца, што прыйшлі людзі, але ў перамену ўлады сёлета ня верыць. «Буду скептыкам, але наўрад ці ён аддасьць уладу, тым больш празь мірныя мітынгі. Але добра, што людзі аб’ядноўваюцца», — сказаў Аляксандар.

Роўна а 22:00 пікет скончыўся. Юры Ўласаў паведаміў, што іх папярэдзілі: «Працягнецца пікет пазьней за 22:00 — гэта будзе несанкцыянаваны мітынг».

На разьвітаньне гомельскія і будакашалёўскія ўдзельнікі пікету засьпявалі разам «Стены рухнут».

«Пасьля гэтага пікету нам палягчала ад таго, што мы не адны такія, не адны мы такога хочам — новай улады. Гарадок маленькі ў нас, усе нечага баяцца... Я думаю, што мы нічога благога не зрабілі» — зазначыла жыхарка Буда-Кашалёва Ала.

Наступны «начны» мітынг пройдзе ў Добрушы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG