Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Ціханоўскай запусьціў інтэрнэт-праект «Голас», просіць фатаграфаваць бюлетэні. Падпісаліся ўжо больш за 200 тысяч чалавек

абноўлена

Мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве, 23 ліпеня
Мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве, 23 ліпеня

На агітацыйным мітынгу 23 ліпеня ў Барысаве кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла пра запуск інтэрнэт-праекту «Голас», каб абараніць галасы выбарнікаў. Сайт зрабілі пры падтрымцы кампаніі «Честные люди», запушчанай экс-прэтэндэнтам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам.

На сайце выбарнікам прапануюць дапамагчы палічыць галасы на кожным участку — прыслаць фота запоўненага бюлетэня на прэзыдэнцкіх выбарах. Вынікі падліку галасоў у атрыманых бюлетэнях апублікуюць. На сайце пішуць, што плятформа не замяняе сабой галасаваньне і не зьяўляецца экзыт-полам, не зьбірае пашпартных зьвестак.

Выбарнікаў заклікаюць прыйсьці на ўчастак у дзень выбараў, сфатаграфаваць бюлетэнь у кабінцы для галасаваньня, адправіць фота боту ў Telegram або Viber. Такую сыстэму аўтары лічаць «законнай і бясьпечнай», яе прыдумалі на хакатоне ў мінулыя выходныя.

Чат-боты ўжо працуюць, будуць прымаць галасы ад 4 жніўня і нават пасьля дня выбараў — 9 жніўня. Сайт пакуль мае толькі расейскамоўную вэрсію.

Раней чальцам ініцыятывы «Честные люди» адмовілі ва ўдзеле ў выбарчых камісіях. Таксама чальцы ініцыятывы могуць ня трапіць у назіральнікі на ўчастках праз абмежаваньне колькасьці ўсіх назіральнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG