Цэнтральны камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) правёў паседжаньне, падчас якога вызначыў палітычныя прыярытэты на бліжэйшы час.
Як расказаў Свабодзе лідэр партыі Ігар Барысаў, перадусім абмяркоўваўся ход прэзыдэнцкай кампаніі. Цэнтральны камітэт выказаў пратэст Цэнтравыбаркаму ў сувязі з абмежаваньнем колькасьці назіральнікаў на выбарчых участках і лічыць яго незаконным.
У звязку з гэтым падрыхтаваныя скаргі на імя старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, а таксама ў Міністэрства юстыцыі, Генэральную пракуратуру і суд.
Таксама было заяўлена, што БСДП (Грамада) адкрытая да супрацы і каардынацыі дзеяньняў са штабамі Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.
Па словах Ігара Барысава, сябрам і прыхільнікам БСДП рэкамэндавана галасаваць у асноўны дзень выбараў за Сьвятлану Ціханоўскую, а таксама адстойваць свае права на волевыяўленьне ўсімі законнымі мэтадамі.