Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арганізуем свой экзытпол». Як беларусы за мяжой рыхтуюцца да выбараў


Ілюстрацыйнае фота

Беларусы, якія стала жывуць за мяжой і галасуюць у дыппрадстаўніцтвах, апасаюцца, што іх могуць уключыць у сьпісы па ранейшым месцы жыхарства ў Беларусі. ЦВК пераконвае, што гэта немагчыма, бо консульскія ўстановы абавязкова зьвязваюцца зь беларускімі ўчасткамі.

А вось назіральнікаў пакуль не акрэдытоўваюць.

Усяго за межамі Беларусі ўтворана 44 выбарчыя ўчасткі, паведамляе МЗС. Галасаваць беларусы, якія знаходзяцца за межамі краіны, могуць толькі асабіста і прад’явіўшы дакумэнт з фатаздымкам.

ЦВК: Дыппрадстаўніцтвы зьвяжуцца з выбарчымі камісіямі ў Беларусі

Намесьнік загадчыка аддзелу прававой, аналітычнай і мэтадычнай працы Іван Толкач запэўніў Свабоду, што падвойнага ўліку грамадзян быць ня можа. Праца з консульскімі ўстановамі добра адладжаная. У асноўным будуць галасаваць грамадзяне, якія стала жывуць за мяжой, бальшыня зь іх стаіць на консульскім уліку. У службовыя камандзіроўкі беларусы з сакавіка ня езьдзяць, межы закрытыя, беларускіх турыстаў за мяжой амаль няма.

«Ва ўсіх пашпартах — і сэрыі РР (грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць за мяжой), і звычайных беларускіх — ёсьць адзнака пра месца жыхарства ў Беларусі. Выбарчыя камісіі дыппрадстаўніцтваў абавязкова зьвяжуцца з выбарчай камісіяй у Беларусі і ўдакладняць інфармацыю. Так што двойчы ў сьпісы выбарнік ня трапіць, гэта кажу з поўнай упэўненасьцю. Гэта выключана», — заявіў Іван Толкач.

«Навошта амбасадзе дамова арэнды ці выпіска з банку?»

Ганна, якая жыве ў Ізраілі, расказала Свабодзе, што неабыякавыя беларусы напісалі зварот у ЦВК аб парадку галасаваньня і 22 ліпеня атрымалі адказ за подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Адказ Лідзіі Ярмошынай
Адказ Лідзіі Ярмошынай

Згодна з гэтым дакумэнтам, людзі павінны знаходзіцца на часовым консульскім уліку, а таксама прад’явіць пашпарт і дакумэнт, які пацьвярджае пражываньне на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

«Да такіх дакумэнтаў адносяцца: дамова арэнды, дакумэнт з банку, копія працоўнай дамовы, дазвол на часовае знаходжаньне, рахунак з гатэля і г.д. Такім чынам, для ўключэньня ў сьпіс выбарнікаў ва ўчастковую выбарчую камісію з 25 ліпеня па 3 жніўня прадстаўляюцца адпаведныя дакумэнты, а ў пэрыяд галасаваньня (з 4 па 9 жніўня) — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь», — тлумачыцца ў дакумэнце.

Каб пазьбегнуць падвойнага ўліку, участковая камісія за мяжой пасьля ўключэньня ў сьпіс праінфармуе ўчастковую камісію ў Беларусі, паведамляецца ў лісьце з ЦВК.

Ганна дзівіцца, навошта паказваць столькі дадатковых дакумэнтаў.

«Дзіўна напісана пра дамовы арэнды або працоўныя кантракты. Навошта ім усё гэта? Па-першае, гэта як бы ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё, па-другое, дакумэнты ўсе на іўрыце. Гэта проста сьмешна», — кажа яна.

Заява аднаго зь беларусаў Ізраілю
Заява аднаго зь беларусаў Ізраілю


Цяпер беларусы Ізраілю пішуць заявы на імя консула, каб іх уключылі ў сьпісы, а таксама абавязкова паведамілі ва ўчастковую камісію ў Беларусь, што яны будуць галасаваць за мяжой. І каб ім абавязкова, паводле Закону аб зваротах грамадзян, далі пісьмовы адказ.

«Пішам заявы: хтосьці адпраўляе па электроннай пошце, хтосьці асабіста. А пры асабістай падачы консул яшчэ „ерапеніцца“, што не павінен падпісваць, што ён атрымаў заяву», — абураецца Ганна.

«Чытайце заканадаўства», — беларускі консул у Ізраілі пра назіраньне

Таксама беларусы замежжа дамагаюцца, каб на выбарчы ўчастак у амбасадзе пусьцілі незалежных назіральнікаў. Сын Ганны, які мае досьвед працы назіральнікам на трох выбарах у Дзяржаве Ізраіль, зьвярнуўся ў беларускую амбасаду, каб назіраць 9 жніўня за хадой галасаваньня. Уцямнага адказу, ці дазволяць яму назіраць, так і не атрымаў.

«Сёньня сын тэлефанаваў у беларускую амбасаду, пытаўся пра назіраньне. Сакратарка кажа: „Пайду запытаюся ў консула“. Консул прасіў перадаць: „Чытайце заканадаўства“. Сын кажа: „ОК, я пачытаю, а што далей?“ Яна паўтарае: „Консул сказаў, каб чыталі заканадаўства. Ну, можа, вы яшчэ не гатовыя...“ А сам консул вельмі заняты, кантактаваць з сынам ня стаў», — пераказвае размову сына Ганна.

«Гішпанскія» беларусы падалі заявы, каб стаць назіральнікамі. Адказу пакуль няма

У Гішпаніі пастаянна пражываюць каля 5,5 тысячы беларусаў.

Беларусы, якія жывуць у Барсэлёне, таксама пісалі зварот у ЦВК і 22 ліпеня атрымалі такі самы адказ за подпісам Лідзіі Ярмошынай, як і беларусы Ізраілю.

«Гішпанскія» беларусы таксама абураюцца, што іх прымушаюць загадзя даслаць у амбасаду ўсе дадзеныя і копіі дакумэнтаў. Маўляў, каб ведаць, колькі спатрэбіцца бюлетэняў.

«Мы кансультуемся ў юрыстаў праваабарончага цэнтру „Вясна“. Нам патлумачылі, што галасаваць можна і не знаходзячыся на консульскім уліку. Многія беларусы вырашылі ніякіх дадзеных загадзя ў беларускую амбасаду ў Мадрыдзе не падаваць. Прыйдзем 9 жніўня на галасаваньне з дакумэнтамі. Датэрмінова галасаваць ніхто ня пойдзе. Зьбіраемся на выхадзе з пасольства арганізаваць экзытпол», — кажа Аляксандар, які ўжо 15 гадоў жыве ў Барсэлёне, але застаецца грамадзянінам Беларусі і мае звычайны беларускі пашпарт.

Беларусы Гішпаніі таксама хочуць вылучыць незалежных назіральнікаў. Патрэбныя людзі, якія стаяць на консульскім уліку. Ахвотныя знайшліся, заявы ў выбарчую камісію амбасады Беларусі ў Мадрыдзе яны падалі, але адказу з дыппрадстаўніцтва пакуль не атрымалі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG