Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПВТ — гэта «заслуга кіраўніка дзяржавы», а апанэнты маюць «крымінальнае мінулае». Як агітуюць за Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка наведаў сустрэчу Андрэя Іванца — даверанай асобы Аляксандра Лукашэнкі і галоўнага вучонага сакратара Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — з выбарнікамі ў менскай школе №99.

Паводле назіральніка, прысутным апрацоўвалі рукі антысэптыкам і мералі тэмпэратуру, але памяшканьне было душным, а «праз наплыў настаўнікаў» 60 удзельнікаў сустрэчы не маглі разьмясьціцца на бясьпечнай дыстанцыі.

Як Іванец агітаваў за Лукашэнку, сьцісла:

  • Затрыманьні 14 і 15 ліпеня былі цалкам законнымі, бо перасьледавалі мэтай «аднаўленьне законнасьці» і «грамадзкага парадку». Сярод затрыманых 14 ліпеня толькі ў Менску 40 грамадзянаў «раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці».
  • Тое, што былі затрыманыя 20 непаўналетніх, паказвае «сталасьць грамадзянскай супольнасьці».
  • «Становішча ўнутры краіны спрабуюць расхістаць ня толькі з-за мяжы, але і ўнутры краіны», «перамены грамадзянам прапануюць асобы з крымінальным мінулым».
  • Парк высокіх тэхналёгіяў ёсьць заслугай выключна кіраўніка дзяржавы, а Валер Цапкала павінен быць удзячным за дадзены яму гонар узначальваць ПВТ.
  • «Ніводзін з вылучэнцаў ня зьнізіў хоць бы на адзін працэнтны пункт стаўкі па крэдытах на жыльлё».
  • Нядаўні капітальны рамонт школы «сьведчыць аб увазе дзяржавы да праблем настаўнікаў у выглядзе ўдасканаленьня матэрыяльна-тэхнічнай базы», і «настаўнік не павінен зьвяртаць увагу на свой заробаку, бо прафэсія настаўніка зьяўляецца пакліканьнем».
  • Адным з найважнейшых паказьнікаў разьвіцьця малочнай галіны за апошнія тры гады зьяўляецца «значнае зьніжэньне колькасьці занятых у галіне на адзінку галоў жывёлы».

Назіральнік адзначае, што прысутных на сустрэчы цікавілі мясцовыя праблемы: рэканструкцыя Тучынскага сквэру і ачыстка вадаёму ў ім, адсутнасьць грамадзкага транспарту на вуліцы Берута. Іванец адказаў: транспарт пускаць не плянуюць, рэканструяваць сквэр у наступныя тры гады не плянуюць, ачыстка вадаёму — у кампэтэнцыі мясцовых уладаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG