Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прапануем іншым кандыдатам зьняцца і далучыцца да нас». У штабе Сьвятланы Ціханоўскай апавялі пра далейшыя пляны


Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала, Марыя Калесьнікава апавялі пра кампанію, далейшыя пляны і спосабы абароны галасоў на выбарах у інтэрвію Tut.by.

Пра прамову на тэлевізіі

«Над прамовай працавалі і ў штабе і таксама дапамагалі нашы калегі зь іншых штабоў. Суфлёр працаваў добра, вялі сябе ветліва. Ніхто не папярэджваў, што і як трэба гаварыць»

Першую прамову Сьвятланы Ціханоўскай паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі 21 ліпеня. 28 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская выступіць яшчэ раз.

Пра абарону галасоў

Паводле Марыі Калесьнікавай, над абаронай галасоў выбарцаў цяпер працуюць адразу некалькі ініцыятыў. Адна зь іх — «Честные люди».

«Нягледзячы на заяву ЦВК пра абмежаваньне колькасьці назіральнікаў, мы заклікаем людзей назіраць. Людзі могуць назіраць ня толькі знутры, але і звонку. Так можна ўбачыць яўку. Мы можам ведаць, якая колькасьць людзей прыйшла на ўчасткі зь белымі бранзалетамі», – паведаміла Марыя Калесьнікава.

Раней Вераніка Цапкала заклікала насіць на руках белыя бранзалеты як сымбаль прыхільнасьці да пераменаў.

Пра меркаваньне Сяргея Ціханоўскага

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што «Сяргей Ціханоўскі ведае пра аб’яднаньне штабоў і пра тое, што яна не зьнялася з выбараў».

Сьвялана Ціханоўская сказала, што ён ухваліў такія дзеяньні, але як гэтая інфармацыя да яе трапіла, кандыдатка не ўдакладніла.

Пра камітэт народнага адзінства

Валеры Цапкала заклікаў палітыкаў, культурных дзеячаў і ўсіх ахвотных далучацца да Камітэту народнага адзінства, мэта якога – перамены ў Беларусі. Вераніка Цапкала пацьвердзіла, што гэта агульная ініцыятыва аб’яднанага штабу.

Пра масавыя пратэсты

На пытаньне пра масавыя пратэсты Марыя Калесьнікава адказала, што любыя законныя сродкі на выказваньне свайго меркаваньня аб’яднаны штаб падтрымае.

Вераніка Цапкала нагадала, што да «Майдану ці да масавых пратэстаў штаб не заклікае», але калі людзі выйдуць выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю самі, то «штаб да іх далучыцца».

Сьвятлана Ціханоўская дадала, што «як абараняць свае галасы, кожны грамадзянін вырашае сам».

Пра магчымае зьняцьце Сьвяланы Ціханоўскай

У выпадку, калі Сьвятлану Ціханоўску здымуць з выбараў, то «ёсьць некалькі варыянтаў» далейшых паводзінаў. Пра гэта сказала Марыя Калесьнікава.

Адзін з варыянтаў – прагаласаваць супраць усіх.

Вераніка Цапкала прапанавала зьняцца на карысьць Сьвятланы Ціханоўскай усім альтэрнатыўным кандыдатам.

Пра лёс Валера Цапкалы

Валеры Цапкала цяпер на самаізаляцыі, паведаміла Вераніка Цапкала. У пэўны час ён перастаў адчуваць пахі і таму «на ўсялякі выпадак самаізаляваўся». Тэстаў Валер Цапкала пакуль не рабіў, паведаміла Вераніка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG