Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Хашчавацкі: «Лукашэнка — гэта сума баязьліўцаў»


Юры Хашчавацкі

Рэжысэр Юры Хашчавацкі, аўтар фільмаў «Звычайны прэзыдэнт», «Плошча», «Звычайныя выбары» ды іншых, расказвае пра магчымасьці супрацьстаяньня фальсыфікацыям, самага прарасейскага кандыдата ў прэзыдэнты і як з такой фільмаграфіяй жывецца ў Беларусі.

«Я па натуры аптыміст»

— Спадар Юры, вы яшчэ напярэдадні выбараў 2010 году лічылі, што грамадзкія настроі хутка дазволяць вам у працяг фільму «Звычайны прэзыдэнт» зрабіць карціну «Звычайны фінал». Чаму, як вы думаеце, вашае прадказаньне ня спраўдзілася?


— Мы ўсе ў палоне сваіх надзей, я па натуры аптыміст і прадказаньнямі намагаюся падбадзёрыць і сябе, і тых, хто побач. А ня спраўдзілася, бо апроч памылак і пралікаў апазыцыі галоўнай праблемай заставаўся стан беларускага грамадзтва. Калі я бачу папрокі ў бок апазыцыі, маўляў, яна не такая, не змагла павесьці за сабой, ня здолела зрабіць тое і гэтае, заўсёды ўсьміхаюся: я бачыў, як яе прадстаўнікоў арыштоўвалі, як ім выломлівалі рукі, як яны зьнікалі, як яны клалі на алтар жыцьці, лёсы свае і блізкіх — з майго пункту гледжаньня, гэта былі акты мужнасьці. А вось грамадзтва было не гатовае — спадзяюся, яно гатовае сёньня — зразумець, што яго падманваюць, зь яго зьдзекуюцца і аб яго выціраюць ногі.

У палітыку прыйшлі цудоўныя людзі, у прыватнасьці, Ціханоўскі, Бабарыка і Цапкала, але яны нэафіты. Бабарыка выказваў, з майго пункту гледжаньня, дзікія думкі, маўляў, гэта першыя сумленныя выбары. Думаю, цяпер ён зразумеў, што значыць быць у апазыцыі і пагражаць нашаму ўладару, але, спадзяюся, не адчуе, як яму здраджваюць прыхільнікі і пакідаюць сам-насам з гэтай уладай. Усё ж ня толькі лідэры маюць абавязкі перад грамадзтвам, але і грамадзтва нясе адказнасьць перад лідэрамі, яно павінна іх абараняць — магчыма, беларусы гэта зразумелі. Я бачу, зь якой нянавісьцю і сапраўды паўсюдна людзі выказваюцца пра сёньняшнюю ўладу — гэта, канечне, не 97 працэнтаў, але ня менш за 75.

«Фінал я ўжо бачу»

— А напярэдадні наступных выбараў як вы адчуваеце, ці хутка ў вас зьявіцца нагода зьняць «Звычайны фінал»?

— Справа ў тым, што фінал я ўжо бачу — у адукаванасьці маладых людзей, іх вачах і памкненьнях. Фінал ужо адбыўся, яго засталося засьведчыць у «натарыяльнай канторы» — грамадзтва павінна гэты фінал падпісаць, і, спадзяюся, падпіша, пачынаючы з 10 жніўня. 9-га, зразумела, будуць намаляваныя патрэбныя ўладзе лічбы — калі краіна гэта праглыне, прыйдзецца чакаць наступнага разу. У грамадзтва насамрэч ёсьць вялікая колькасьць магчымасьцяў, нават адносна бясьпечных, супрацьстаяць фальсыфікацыям. Абвясьціць агульнанацыянальную забастоўку, забраць уклады з банкаў, прычым вытрымаць трэба было б нядоўга, — гэта магчыма. Другі варыянт, канечне, плошча, але яна павінна быць ня толькі ў Менску, а ва ўсіх гарадах і гарадках Беларусі — тады б мы паглядзелі, ці хапіла б у яго АМАПу і ці ўтрымалася б яго ўлада.

«Галоўны агент дагэтуль ва ўладзе»

— У перадвыбарныя месяцы ў нас ледзь ня кожны кандыдат у кандыдаты стаў «прарасейскім стаўленікам», паўсюль гучаць тэорыі змовы. Як вы думаеце, якія рэальныя пагрозы існуюць для Беларусі з усходняга боку?

— 25 гадоў — падкрэсьліваю, не 26, а 25, бо патрэбны быў час, каб разабрацца, — самай вялікай пагрозай нашай незалежнасьці зьяўляецца Лукашэнка. Ён, як наркамана на іголку, пасадзіў Беларусь на нафтавую трубу, чым фактычна затармазіў разьвіцьцё эканомікі краіны. Ці разумелі ў Расеі, што гэтая распуста з нафтай і газам за бесцань ня проста шкодзіць эканоміцы Беларусі, а зьнішчае яе, — мне падаецца, нехта разумеў. Лукашэнка, хоць ён на інтуітыўным узроўні разумее, што такое ўлада, у пытаньнях эканомікі — недасьведчаны чалавек. Ён ніякі не палітык, бо палітык, на мой погляд, бачыць будучыню краіны і разумее, як яна павінна разьвівацца, а Лукашэнка кіруецца толькі тым, каб захаваць сваю ўладу, для чаго яму трэба, каб народ быў у галечы, каб людзі станавіліся так званымі бюджэтнікамі і залежалі ад яго падачак.

Калі паглядзець на эканоміку Беларусі — мы ня проста ў саюзе з Расеяй, мы прывязаныя да Расеі настолькі, што гэта ўжо катастрофа, незалежнасьць краіны фактычна здадзеная і можа быць здадзеная ў любы момант, ня трэба сябе падманваць. А калі сюды прыйдзе расейскі НКВД — я наўмысна кажу НКВД — мала нікому не пакажацца, і беларускамоўным, і расейскамоўным. Таму думаць, расейскія ці не расейскія агенты Бабарыка і Цапкала, няправільна: галоўны агент дагэтуль ва ўладзе. З сытуацыі ёсьць толькі адзін нармальны, хоць і нялёгкі, выхад: вызваліць беларусаў, то бок даць ім магчымасьці для самарэалізацыі. Гэта людзі зь вялізным інстынктам выжывальнасьці, і калі зьявіцца беларуская сярэдняя кляса, яна здолее і абараніць незалежнасьць, і пагнаць любога замежнага агента.

«Вялікія падзеі пачынаюцца з малых крокаў»

— «Звычайнага прэзыдэнта» вы зьнялі ў 1996 годзе, то бок сваё стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі, напэўна, склалі ад пачатку. Помніце, як успрынялі вынікі выбараў 1994 году?

— У дзень, калі абвясьцілі вынікі выбараў, мы зь сябрам ішлі па вуліцы, спыніліся на пераходзе, і да нас падышоў дрэнна апрануты п’яненькі мужычок: «Хлопцы, я вас віншую, нарэшце!». А мы ўжо адчувалі, што адбылося, яшчэ некалькі месяцаў я думаў падладзіцца, народ жа выбраў, але потым у газэтах замест дакладу пра карупцыю Сяргея Антончыка зьявіліся «белыя плямы», праз год у Авальнай залі Вярхоўнага Савету зьбілі і выкінулі дэпутатаў — і ўсё стала ясна. На тым пешаходным пераходзе я гэтага яшчэ ня ведаў, але дзядзьку, які нас віншаваў, сказаў: «Пачакайце, яшчэ наплачацеся».

— Назвай фільму «Звычайны прэзыдэнт» вы зрабілі адсылку да карціны «Звычайны фашызм» Міхаіла Рома. Усё ж сур’ёзнае параўнаньне — што вам дазволіла яго зрабіць?

— Вялікія падзеі пачынаюцца з малых крокаў, якія часам складана ацаніць як дарогу ў пекла. Калі перасьледуюць пэўную сацыяльную групу людзей, як Лукашэнка перасьледаваў прадпрымальнікаў, называючы іх вашывымі блохамі, адбываецца гульня на нізкіх інстынктах грамадзтва. А расавая розьніца ці сацыяльная — у гэтым сэнсе нямецкі нацызм і прыніжэньне прадпрымальніцкай клясы ў Беларусі маюць адзін корань і адзіную мэту: умацаваць уладу за кошт цкаваньня пэўнай групы. У 1994 годзе было ня вельмі добра і сытна жыць, цэны нікому не падабаліся, урэшце, у кожным з нас ёсьць зайздрасьць — зь людзей было лёгка выцягнуць самае дрэннае, тупое і жорсткае і накіраваць гэта супраць прадпрымальнікаў, што я і называю «звычайны прэзыдэнт».

«Людзі баяцца са мной працаваць»

— Як гэта — быць апальным рэжысэрам у Беларусі?

— У 1990-х я ўпершыню пазнаёміўся зь нелінейным мантажом, прыкупіў кампутар, усталяваў адмысловую праграму і атрымаў незалежнасьць. Мяне пастаянна намагаліся пазбавіць магчымасьці працаваць — помню, напрыклад, у Саюз кінэматаграфістаў прыйшлі гэбэшнікі і вынесьлі адтуль тэхніку, якую Саюзу перадаў ПЭН-цэнтар, — але нічога ў іх не атрымлівалася. Седзячы дома, можна стварыць цудоўнае кіно, і ніхто нічога табе ня можа зрабіць — хіба толькі кідаць гранаты ў вокны. Канечне, я ўвесь час мушу аглядвацца і старацца нармальна сябе весьці, каб недарэчна не памыліцца.

І потым, вакол мяне адпачатку ствараўся вакуўм. Гадоў пятнаццаць таму мяне для фільму здымаў мой сябар, які быў у прэзыдэнцкім пуле, — яго выклікалі, сказалі, што ён не таго, каго трэба, здымае, і выключылі з пула, праз што ён страціў працу, а працаваў ён на расейскі тэлеканал.

А недзе ў 1997 годзе адзін рэдактар паклікаў мяне на тэлебачаньне абмеркаваць зьезд Саюзу кінэматаграфістаў, маўляў, «мы ж ня будзем гаварыць пра палітыку, толькі пра кіно». Я прыйшоў на праграму — яна выйшла ноччу ў 12.30, у 1.30 скончылася, а ўжо ў 9.15 рэдактар быў звольнены. Я ня мог знайсьці актораў для агучваньня анімацыйных пэрсанажаў: людзі баяцца са мной працаваць.

За 25 гадоў я зразумеў, што такое Лукашэнка — гэта сума баязьліўцаў, якія яго робяць, абараняюць і прасоўваюць наперад. Старшыні і сакратары выбарчых камісій, што хутка будуць складаць пратаколы, — тыя самыя баязьліўцы, якія — хаця ў цэлым, напэўна, нядрэнныя людзі, што добра гатуюць і клапоцяцца аб сваіх дзецях, — пазбавяць краіну будучыні.

«Расейскім прапагандыстам далёка да беларускіх»

— Вы шчыльна дасьледавалі расейскую прапагандысцкую машыну ў фільме «Лабатамія». Нядаўна Аляксей Навальны сказаў, што «беларускія прапагандысты яшчэ горшыя за Ўладзіміра Салаўёва і Дзьмітрыя Кісялёва» — што вы на гэта скажаце?


— У беларускай прапаганды значна большы досьвед, яна дзейнічае з 1995 году, а на расейскім тэлебачаньні тады была вольніца, журналісты пачуваліся свабодна, Яўген Кісялёў, які вёў «Итоги» на НТВ, помню, казаў: «Нам ужо не закрыць рот». Яны сьвяткавалі перамогу, а ў Беларусі закручваліся гайкі і пачынала панаваць хлусьня. Расейскім прапагандыстам яшчэ далёка да сыстэмы, уведзенай нашай уладай, якая выдатна навучылася выцягваць дзярмо зь любога, каб прымусіць працаваць на сябе. Думаю, у КДБ напісаны вялізныя дысэртацыі на гэтую тэму.

Пачынаючы з 1996 году многія нашы палітыкі папярэджвалі расіян і эўрапейцаў, што ў нас адбываюцца небясьпечныя рэчы, але ніхто на гэта не зьвярнуў увагі. Мае расейскія калегі ўпікалі мяне: «Ты зноў зрабіў палітычны фільм, навошта гэта табе», — і лічылі, што яны па-за палітыкай. А потым я неяк прыехаў на «Артдокфэст» да Віталя Манскага, і ўсе гэтыя хлопцы таксама прывезьлі палітычныя фільмы. Я часта сутыкаюся зь нежаданьнем бачыць, што адбываецца вакол, але схавацца ад гэтага ўсё роўна немагчыма. У часы Пушкіна можна было зьехаць у Болдзіна і атрымаць там Болдзінскую восень, а сёньня ў Болдзіне мабільная сувязь, інтэрнэт і п’яныя мянты ганяюць па вуліцах на мэрсэдэсах. Калі нехта хоча схавацца ад палітыкі, ён вельмі наіўны: яна прыйдзе да кожнага.

«Фанат чысьціні»

— Вы вядомы як сталы крытык Аляксандра Лукашэнкі. А ці ёсьць нешта, за што вы б маглі яго пахваліць?

— Ён быў бы добрым міністрам камунальнай гаспадаркі. Вядома, бывае, засьмярдзіць вада, але камунальнікі пры ім запрацавалі нядрэнна, бо ён фанат чысьціні. Хацелася б, вядома, каб гэта распаўсюджвалася ня толькі на цэнтар сталіцы, але і на яе ўскраіны, а ў ідэале яшчэ і на рэгіёны, але бачна, што ў Лукашэнкі ёсьць такі пункцік.

І другое — але тут ужо нічога ня зробіш — ён выбраў ня тую прафэсію: зь яго быў бы фантастычны актор, бо ён умее прыдумаць хлусьню і так зь ёю зжыцца, што яна для яго становіцца рэальнасьцю. Помніце, як пасьля сьмерці віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету Генадзя Карпенкі Лукашэнка сказаў, што да яго прыйшла жонка палітыка Людміла і папрасіла дастаць чаравікі, бо Карпенку няма ў чым пахаваць? Людміла на наступны ж дзень купіла ў краме белыя тапачкі і паслала іх Лукашэнку. Праблема ня ў тым, што ён схлусіў, а ў тым, чаму ён гэта зрабіў. Хадзілі чуткі, што Карпенка памёр ня проста так, і хлусьня Лукашэнкі, на мой погляд, гэта пацьвярджае. Калі гэта было забойства, я ўяўляю, як чалавек ляжыць ноччу і разумее, што ўчыніў сьмяротны грэх, і яму трэба нешта, што супакоіць сумленьне і дазволіць заснуць. І вось ён думае: «Ды не, я добры, калі б яна да мяне прыйшла і папрасіла, я б даў». І тут ён пачынае гэта бачыць, да раніцы ён у гэта ўжо верыць, а потым становіцца за трыбуну і пачынае пра гэта расказваць, бо самае галоўнае, што ў яго цяпер ёсьць, — «Я добры». Лукашэнка — проста Сара Бэрнар.

Гутарыла Стэфанія К.

Фота з архіву Юрыя Хашчавацкага

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG