Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітрыеў правёў прэс-канфэрэнцыю па калена ў вадзе. ВІДЭА


Сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў 16 ліпеня даў першую прэс-канфэрэнцыю ў статусе кандыдата ў прэзыдэнты ў Тучынскім сквэры ў Менску. Ён адзначыў, што агітацыя дазволеная на ўсёй тэрыторыі сквэру, таму на частку пытаньняў ён адказаў, стоячы па калена ў сажалцы.

Як перадае БелаПАН, Андрэй Дзьмітрыеў заявіў наступнае:

  • Ён не зьбіраецца адмаўляцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах і здымаць сваю кандыдатуру.
  • Месца для прэс-канфэрэнцыі сымбалічнае, яно «пра ўсё». «Яно пра тое, дзе сёньня прапануюць нам весьці агітацыю: у сажалках, у парках. Задача вэртыкалі сёньня — правесьці перапрызначэньне свайго патрона Лукашэнкі такім чынам, каб ніхто гэтага не заўважыў». Побач, адзначыў ён, руіны кінатэатру «Сучасьнік», які калісьці аддалі пад інвэстыцыйны праект, а інвэстар зьнік — Дзьмітрыеў лічыць, што «так улады бачаць усю Беларусь», а з тэлевізараў толькі і кажуць: «Нам трэба зьберагчы».
  • «Усе, хто дапамагае сёньня вэртыкалі цішком перапрызначыць Лукашэнку прэзыдэнтам, зьяўляюцца яе саўдзельнікамі на гэтых выбарах. І мне шкада, што Сяргей Калякін і Партыя БНФ, усё роўна зь якіх прычын, да гэтага далучыліся» (яны заклікалі кандыдатаў зьняцца з выбараў. — РС).
  • Беларусы сёньня ўсяляк паказваюць, што «ім патрэбная ўпэўненасьць у тым, што іх не пакінуць адных».
  • Калі сабраць тысячы людзей у назіральнікі, можна зьмяніць хаду галасаваньня і «дамагчыся, каб у Беларусі зьявіўся новы прэзыдэнт».
  • «Я цяпер бачу, што многія лаюць [штаб Бабарыкі] у сацсетках, маўляў, як гэта так, яны нас не заклікалі на вуліцы, не паклалі сэрца на стол і не разрэзалі яго напалову для нас. Давайце будзем салідарнымі. Яны знаходзяцца пад жудасным прэсінгам цяпер. Тое, што яны не здаюцца, гэта дорага каштуе, як бы яны гэта ні праяўлялі. Я абсалютна ўдзячны ім, што яны не пайшлі ў крыўду, не сказалі: „Усё, мы сыходзім, усе астатнія — кепскія“. Яны працягваюць ісьці шляхам, дзе галоўная мэта — не чалавек, ня прозьвішча, а выбраць новага прэзыдэнта».
  • «Першае, што я зраблю, калі стану прэзыдэнтам, гэта сфармую альтэрнатыўны ўрад з усімі альтэрнатыўнымі кандыдатамі, апроч Канапацкай. І мы абвесьцім сумленныя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары адразу. Нейкі час будзем іх рыхтаваць, але тады людзі па-сапраўднаму выберуць таго, каго яны хочуць».
  • Грамадзянам ня варта «паўтараць уладу ў яе злосьці», варта не рабіць ворагаў з тых, хто «на тым баку», бо «яны таксама закладнікі»
  • Пра арышты ў чарзе падаць скаргі ў ЦВК: «Што вы будзеце рабіць у дзень выбараў, паважаныя ўлады? Арыштоўваць тых, хто прыйшоў прагаласаваць не за „правільнага“, не за патрэбнага вам кандыдата?»

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG