Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Падгол зладзіў пікет «Напішы Лукашэнку. Пазвані. Пажадай»

У Менску на скрыжаваньні праспэкта Пераможцаў і Нямігі прайшоў чарговы перадвыбарчы пікет-пэрформанс «Напішы Лукашэнку. Пазвані. Пажадай». Зладзілі яго кандыдаты ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Уладзiмер Падгол і Алесь Таўстыка.

Побач з плякатам «Напішы Лукашэнку. Пазвані. Пажадай» на століку — старыя тэлефонныя апараты: вайсковы, дыскавыя, кнопачныя. Унізе — вельмі старая друкарка з таблічкай: «Актывістам-стукачам». Тут жа каробка ад піцы з надпісам: «Месца спыненага часу. Падарунак Лукашэнку для яго дзетак і ўнукаў».

Як патлумачыў арганізатар акцыі Ўладзімер Падгол, гэтыя старыя рэчы азначаюць, што Лукашэнка закансэрваваў гісторыю Беларусі, краіна не разьвіваецца.

На таблічках пазначаны рэальныя нумары мабільнай сувязі. Пікетоўцы заклікаюць мінакоў патэлефанаваць па гэтых нумарах, зьвярнуцца да дзейнага кіраўніка дзяржавы і перадаць яму віншаваньні з днём народзінаў. Усе пажаданьні будуць запісаныя, а самыя цікавыя — апублікаваныя ў СМІ.

Сваёй акцыяй сябры БНФ хочуць прыцягнуць увагу да таго, што дзяржава iгнаруе звароты грамадзянаў, што да кіраўніка і высокіх чыноўнікаў простаму чалавеку немагчыма дагрукацца.

Месца правядзеньня акцыі шматлюднае, людзі спыняюцца, размаўляюць зь пікетоўцамі. Падышоў сябра выбарчай камісіі, дзе балятуецца Ўладзімер Падгол, запытаўся, ці мае кандыдат дазвол на пікет. Спадар Падгол патлумачыў, што паводле заяўнага прынцыпу мае права праводзіць перадвыбарчыя акцыі на ўсіх вуліцах сталіцы з 8 да 22 гадзіны.

Некалькі мінакоў спыталіся, ці сапраўды можна пазваніць кіраўніку дзяржавы.


Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG