Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З фатаздымка кандыдата ад БНФ зьніклі «Пагоня» і бел-чырвона-белыя сьцягі. Акруговая камісія: Гэта тэхнічная памылка


Зьміцер Салаўёў
Зьміцер Салаўёў

Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 85 Зьміцер Салаўёў патрабуе перавыдаць перадвыбарныя плякаты зь ягоным фатаздымкам.

Як паведамляе БелаПАН, 31 жніўня Салаўёў даслаў у аблвыбаркам скаргу, дзе напісаў, што пры рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты ён падаў у акруговую выбарчую камісію № 85 сваю біяграфію і фатаграфію. На фота ён быў зьняты на фоне банэраў Партыі БНФ, дзе было шмат гербаў «Пагоня» з надпісам пад кожным «Партыя БНФ».

«Тэкст біяграфіі я ўзгадніў з акруговай камісіяй, а да фатаграфіі пытаньняў у камісіі не было», — сьцьвярджае кандыдат.

«Аднак калі я паглядзеў вырабленыя камісіяй агульныя плякаты зь біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты, то ўбачыў, што на агульным плякаце надрукаваны іншы здымак, на якім я сфатаграфаваны ў іншай вопратцы і на чыста белым фоне. Гэта значыць, на фоне фатаграфіі адсутнічае ўказаны банэр Партыі БНФ», — піша Салаўёў.

Як адзначае апазыцыянэр, у выбарчым заканадаўстве нідзе не сказана, што кандыдаты павінны ўзгадняць з акруговымі камісіямі свае фатаграфіі, прызначаныя для разьмяшчэньня на агульных плякатах, або што акруговыя камісіі маюць права на свой одум і бяз згоды кандыдатаў мяняць іх фота на агульных плякатах.

«Таму лічу такое абуральнае стаўленьне акруговай выбарчай камісіі № 85 да мяне грубым парушэньнем выбарчага заканадаўства», — заяўляе Салаўёў і патрабуе абавязаць акруговую камісію неадкладна канфіскаваць усе надрукаваныя агульныя плякаты кандыдатаў і ў самыя кароткія тэрміны надрукаваць новыя агульныя плякаты зь ягонай фатаграфіяй, прадстаўленай у камісію ў дзень рэгістрацыі.

У акруговай выбарчай камісіі № 85 сказалі, што гэта была тэхнічная памылка. Рашэньне, што далей рабіць, будзе прымацца пасьля разгляду скаргі Салаўёва ў Магілёўскай абласной камісіі па выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG