Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літар «і» і «ў» няма ў праграме. Беларуская чыгунка адмовілася афармляць квіткі па-беларуску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ініцыятыва «Ўмовы для мовы» працягвае атрымліваць адказы на звароты аб выпуску квіткоў у грамадзкім транспарце і іншых дакумэнтаў на беларускай мове. Большасьць адказаў станоўчыя, але ёсьць і адмоўныя.

Ініцыятар кампаніі «Ўмовы для мовы» Ігар Случак заявіў Свабодзе, што Беларуская чыгунка «адмаўляецца спыніць дыскрымінацыю беларускамоўных беларусаў паводле моўнай прыкметы». Да такой высновы ён прыйшоў з адказу на пэтыцыю «За чыгуначныя квіткі па-беларуску», якую падпісалі 1400 чалавек. Гэта ня першая такая пэтыцыя, адзначае Случак, і «сотні людзей» накіроўвалі індывідуальныя звароты.

«Сфэра выкарыстаньня беларускай мовы ў дзейнасьці Беларускай чыгункі цалкам адпавядае патрабаваньням заканадаўства, — піша ў адказе намесьнік начальніка Беларускай чыгункі Пётра Стоцкі. — Парадак ужываньня раўназначных дзяржаўных моваў немагчыма зьмяніць на падставе зваротаў асобных групаў насельніцтва краіны. Для выключэньня неабгрунтаваных выдаткаў Беларуская чыгунка лічыць неабходным прыняцьце рашэньня аб парадку прымяненьня дзяржаўных моваў на ўзроўні адпаведных органаў дзяржаўнага кіраваньня».

Уся праблема, паводле Стоцкага, заключаецца ў немагчымасьці выкарыстаньня літараў «і» і «ў» у кампутарнай праграме расейскай вытворчасьці.

«БЧ адкрыта заяўляе, што ня будзе мяняць сваю моўную палітыку на падставе таго, што людзі ёй дыскрымінуюцца, — кажа Случак. — Матывуе гэта грашовымі выдаткамі і неабходнасьцю вырашаць гэтае пытаньне з улікам не людзей, а зацікаўленых дзяржаўных арганізацыяў. Але галоўнай зацікаўленай дзяржаўнай арганізацыяй тут зьяўляецца менавіта сама БЧ. І яна вырашаць праблему не зьбіраецца.

Цягам некалькіх гадоў БЧ хлусіла, што беларускую мову нельга выкарыстоўваць для афармленьня квіткоў, якія прадаюцца праз сыстэму АСК „Экспрэс“, звычайныя „жоўтыя“ квіткі, бо міжнароднае заканадаўства гэта забараняе. Намі быў праведзены юрыдычны аналіз, які гэтую хлусьню выкрыў. Пасьля гэтага БЧ прызнала, што беларускую мову выкарыстоўваць можна, але чыгунка ня будзе гэтага рабіць, бо за гэта неабходна будзе даплаціць расейскаму Навукова-дасьледчаму інстытуту чыгуначнага транспарту, як гэта рабілі іншыя краіны – падпісанты Пагадненьня паміж чыгуначнымі адміністрацыямі краінаў – удзельніц СНД, Грузіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі».

Блянк квітка Беларуская чыгунка таксама не зьбіраецца мяняць на беларускамоўны, расказвае Случак, бо лічыць, што «гэта ня мае сэнсу». У той жа час Міністэрства фінансаў, якое зацьвярджае блянкі, паведаміла, што гатовае зацьвердзіць беларускамоўны блянк у самыя кароткія тэрміны, але для гэтага трэба, каб БЧ даслала ім неабходны праект блянка.

«Такім чынам мы бачым з боку БЧ нематываваную дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы беларускамоўных карыстальнікаў паслуг чыгункі», — кажа Случак.

«Сінія» квіткі будуць па-беларуску, калі папросіш. «Жоўтыя» — мо праз чатыры гады

Пры тым, дадае Случак, касірам даручылі друкаваць квіткі цягнікоў рэгіянальных лініяў эканом-клясу і гарадзкіх лініяў («сінія» квіткі) на той мове, на якой зьвяртаецца пасажыр. Юрыст раіць пасажырам сачыць за выкананьнем даручэньня, пры невыкананьні прасіць выдаць беларускамоўны квіток і пісаць у кнігу заўваг.

У распараджэньне кампаніі «Ўмовы для мовы» трапіў адказ на індывідуальны зварот, у якім сьцьвярджаецца, што да 2024 году плянуюць распрацаваць нацыянальную сыстэму продажу праязных дакумэнтаў, дзе будзе магчымасьць аформіць і чыгуначныя квіткі па-беларуску. Случак адзначае, што ня мае ўпэўненасьці ў тым, што абяцаньне будзе выкананае. І яшчэ чатыры гады дыскрымінацыі на чыгунцы, дадае ён, гэта недапушчальна доўгі тэрмін.

Звароты за квіткі па-беларуску можа пісаць любы ахвочы, «Умовы для мовы» даюць падрабязныя інструкцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG