Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі кандыдатаў рэгістравалі, а колькім адмаўлялі на выбарах 1994–2020 гадоў


Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі правяла 14 ліпеня паседжаньне, на якім разглядала рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. Да збору подпісаў дапусьцілі 15 ініцыятыўных групаў, але толькі 7 зь іх пасьля заканчэньня збору подпісаў прэтэндавалі на рэгістрацыю. Зарэгістравалі пяць кандыдатаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

З 10 патэнцыйных кандыдатаў, якім адмовілі ў рэгістрацыі, 8 не здалі дастатковай для вылучэньня колькасьці подпісаў. Штабы двух кандыдатаў зьбіраюцца аспрэчваць рашэньне ЦВК у судзе.

У аднаго, Валера Цапкалы, ЦВК адхіліла большую частку подпісаў. Да таго ж заўважылі, што ў дэклярацыі ягонай жонкі не пазначаныя акцыі «Прыёрбанку».

У зьняволенага Віктара Бабарыкі было дастаткова подпісаў, але старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прапанавала адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі ў сувязі зь неадпаведнасьцю дэклярацыі фактычным даходам, а таксама з удзелам замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі.

Нават на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе — адзіных, якія краіны Эўразьвязу і Злучаныя Штаты прызналі дэмакратычнымі — былі прэтэндэнты, чые ініцыятыўныя групы не зарэгістравалі.

Палітоляг Міхаіл Пліско, які рыхтуе да выданьня кнігу аб прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, расказваў Свабодзе, што на тых першых выбарах не зарэгістравалі ініцыятыўныя групы трох прэтэндэнтаў:

  • у сьпісе Валянціна Мароза выявілі людзей, якія ня ведалі, што іх запісалі чальцамі ініцыятыўнай групы;
  • Віктару Альшэўскаму адмовілі, бо ён не пражываў апошнія 10 гадоў у Беларусі;
  • графу Аляксандру Прушынскаму адмовілі, бо ён ня меў грамадзянства Беларусі (атрымаў толькі ў 2008 годзе).

Тады зарэгістравалі 19 ініцыятыўных групаў, але ў выніку толькі 6 групам удалося сабраць 100 тысяч подпісаў. Ініцыятыўная група Станіслава Ліцкевіча не здала ніводнага падпіснога аркуша. Такім чынам, у бюлетэні тады трапілі толькі 27,3% з тых, хто сабраў ініцыятыўную групу.

На наступных выбарах лічбы былі такія:

2001 год. 27 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, 23 зарэгістраваныя групы, 4 зарэгістраваныя кандыдаты (14,8% ад колькасьці заявак). З гэтых чатырох адзін (Сямён Домаш) зьняў сваю кандыдатуру на карысьць другога (Уладзімера Ганчарыка).

2006 год. 8 заяваў і 8 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў, 4 кандыдаты ў бюлетэнях (50%).

2010 год. 19 заяваў, 17 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў, 10 кандыдатаў у бюлетэнях (52,6%).

2015 год. 15 заяваў, 8 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў, 4 кандыдаты ў бюлетэнях (26,7%).

Сёлетнія выбары ў Беларусі незвычайныя ня толькі колькасьцю заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, але і мэтамі вялікай часткі гэтых групаў. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць тры дзясяткі «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць у саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых. Падобную тактыку выбралі тры ўдзельнікі праймэрыз па выбары «адзінага кандыдата».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG