Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вам цяжка, а мы больш ня хочам вас бачыць на гэтай пасадзе», — Кавалькова і Канапацкая адказалі Лукашэнку пра жанчыну-прэзыдэнтку


Аляксандар Лукашэнка і міс Беларусь-2018 Марыя Васілевіч падчас танца на першым Рэспубліканскім навагоднім балі для моладзі ў Палацы Незалежнасьці, 28 сьнежня 2018 году

Патэнцыйныя кандыдаткі на прэзыдэнта, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова і былая дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая ў сваіх сацсетках адказалі на чарговую заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што жанчына ня можа быць прэзыдэнтам.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Вось што напісала Вольга Кавалькова ў сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Аляксандр Рыгоравіч, вы сказалі што мужыку цяжка несьці ношу прэзыдэнцтва. Вам цяжка, а мы больш ня хочам вас бачыць на гэтай пасадзе. Бачыце, як выдатна сыходзяцца нашы жаданьні. Ня мучайце ні сябе, ні краіну. Ідзіце. Я дакладна ведаю, што беларуская жанчына-прэзыдэнт не абрынецца, таму што на беларускіх жанчынах трымаецца наша краіна. Колькасьць нашых штодзённых справаў і абавязкаў, такіх як праца, вядзеньне хатняй гаспадаркі і выхаваньне дзяцей не пад сілу большасьці мужчын. Беларускія жанчыны разумныя, адукаваныя, клапатлівыя, працавітыя, адказныя, мудрыя і сьмелыя».

Вольга Кавалькова працытавала знакамітую фразу прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр пра тое, што «любая жанчына, якая разумее праблемы, якія ўзьнікаюць пры кіраваньні домам, можа зразумець праблемы, якія ўзьнікаюць пры кіраваньні краінай».

Кавалькова заклікае жанчынаў падтрымаць яе зварот да Аляксандру Лукашэнкі аб яго адстаўцы: «Больш нельга трываць гэта прыніжэньне і хамства ў свой адрас ад першай асобы дзяржавы».

«Я не абрынуся і краіну ня страчу», — напісала патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнтку Ганна Канапацкая на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Дзеючы прэзыдэнт сёньня растлумачыў, што меў на ўвазе, калі казаў, што жанчына ў Беларусі пакуль ня зможа ўзначаліць краіну: „У нас Канстытуцыя такая, што нават мужыку цяжка несьці гэтую ношу. А калі яе загрузіць на жанчыну, яна абрынецца, небарака“.

Я не абрынуся! І краіну не страчу. Турбавацца няма пра што, хоць будзе няпроста. Як немаўля на руках пранясу.

А каб пасьля мяне наступнаму прэзыдэнту (магчыма, мужыку 😉) было лягчэй — ініцыюю распрацоўку і правядзеньне канстытуцыйнай рэформы. І хай народ вырашыць, як нам падправіць нашу рэспубліканскую форму праўленьня ў бок парлямэнцка-прэзыдэнцкай. Гарантую — горш ня стане, будзе толькі лепш».

  • 20 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што меў на ўвазе, калі казаў, што жанчына ў Беларусі пакуль ня зможа кіраваць дзяржавай. Паводле кіраўніка дзяржавы, «у нас Канстытуцыя такая, што нават мужыку цяжка несьці гэтую ношу». Пра гэта Лукашэнка заявіў на адкрыцьці мэмарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласьці ў вёсцы Боркі, перадае прэс-служба.
  • «Што я меў на ўвазе: што ў нас Канстытуцыя такая, што нават мужыку цяжка несьці гэтую ношу. А калі яе загрузіць на жанчыну, яна зваліцца, небарака. Гэта я меў на ўвазе, а не таму, што я не паважаю жанчын».
  • Паводле прэс-службы, Лукашэнка закрануў гэтую тэму, рэагуючы на словы падтрымкі адной з жанчын: «Што я ваш, гэта я ведаю дакладна. Мяне спрабуюць цяпер з жанчынамі сутыкнуць. Памятаеце, я аднойчы сказаў, што ў Беларусі пакуль жанчына ня можа быць прэзыдэнтам. Шэраг прычынаў, але выхапілі з кантэксту Канстытуцыю».
  • Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго «не атрымаецца супрацьпаставіць жанчынам»: «Калі б не было жанчын, я б ня быў прэзыдэнтам», — сказаў Лукашэнка.

28 траўня, выказваючыся пра блогера Сяргея Ціханоўскага, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «у нас Канстытуцыя не пад жанчыну».

«І ў нас грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Бо ў нас паводле Канстытуцыі прэзыдэнт мае моцную ўладу. У нас прэзыдэнт — не Літва. Там прэзыдэнт была Даля Грыбаўскайце, прыйшла, паўсьміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, бо там парлямэнцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзыдэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы».

Пасьля гэтага некалькі чалавек зьвярнуліся ў ЦВК з скаргамі на выказваньне Лукашэнкі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG