Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Ня справа банкаў займацца фінансаваньнем палітычных кампаній


Аляксандар Лукашэнка

Ня справа банкаў займацца фінансаваньнем палітычных кампаній, заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня ў Менску на нарадзе, якая была прысьвечаная падтрымцы рэальнага сэктара эканомікі банкаўскай сыстэмай, паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Не адцягваць фінансавыя рэсурсы на тое, каб буржуям набіць кішэні і закупіць карціны, завезьці ў краіну як мэцэнат, — заявіў афіцыйны лідэр. — Вялікі мэцэнат! І ўсе ў гэта паверылі, асабліва нашы тут, у Менску. Я думаю: дзякуй богу, прывезьлі карціны. Дык не! Ніякі не мэцэнат! Карціны не прывезьлі сюды для беларускага народа і дзяржавы. А карціны — гэта іх, як яны заяўляюць, акцыянэраў „Белгазпрамбанку“. Мы зараз бачым, якіх акцыянэраў. Усе яны прызналіся: адкуль карціны, за якія грошы закуплялі. І толькі паводле ацэначнага кошту там больш за 20 млн даляраў. Толькі па карцінах».

«Дык як так, Павел Уладзіміравіч? Грошай на эканоміку няма, а кішэні набіць, стварыць уласнасьць за мяжой, вывесьці туды сотні мільёнаў даляраў, закупіць карціны, сюды прывезьці і гэтак далей», — абурыўся Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніка Нацбанку Паўла Калаура.

Ён таксама растлумачыў, чаму «раней іх не ўзялі»: «Сёньня мы ядзім пірог, таму што ўчора яго яшчэ не сьпяклі. Таму асабліва чульлівых хачу папярэдзіць: вы нас не прысьпешваеце, мы разьбяромся з усімі пытаньнямі».

«А калі ў кагосьці ёсьць пытаньні — калі ласка, Іван Станіслававіч Тэртэль (старшыня КДК) два разы растлумачыў усяму грамадзтву. Калі трэба — у трэці раз растлумачыць. Калі трэба, далучацца іншыя, растлумачаць», — заявіў афіцыйны лідэр.

«А то стаўка рэфінансаваньня, грошай няма, таго няма, а раскрадаць грошы і выводзіць — ёсьць. Або ўвесь прыбытак аддаць тым, хто сёньня ўключыцца ў выбарчую кампанію. Прыбытак цэлага банку! Адкуль прыбытак у банках? У банку ж грошай няма! Натуральна, выцягваюць ад людзей, ад прадпрыемстваў, ствараюць прыбытак, а потым раздаюць на палітычную кампанію. Што за паводзіны банкіраў?!» — запытаўся Лукашэнка.

«Такога ў сьвеце вы ня знойдзеце. Таму што банкі, банкіры, служачыя банкаў — яны настолькі акуратныя і асьцярожныя, яны разумеюць, што грошы любяць цішыню. І яны сабе гэтага не дазваляюць. А ў нас — калі ласка. Але я ж бачу, і не толькі я, хто стаіць за гэтай кампаніяй. Я ж бачу, хто штурхае гэтых лялек, якія ў нас тут ашчасьлівіць народ хочуць», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Пакуль на дзейнасьць банкаў ёсьць нараканьні з боку як фізычных, так і юрыдычных асобаў, адзначыў Лукашэнка, выказаўшы занепакоенасьць частымі выпадкамі кібэрмахлярства, сьпісаньня сродкаў з банкаўскіх карт і іншымі злачынствамі. «У „Газпрамбанку“ дайшлі да таго, што на паўдня або на дзень (мы зараз правяраем гэтую інфармацыю) зьмянілі курс, каб работнікі банка змаглі памяняць грошы на даляры па меншым курсе, і блізу вечара паднялі курс назад, — прывёў прыклад Лукашэнка. — Чаму Нацбанк гэтага ня бачыў?»

Акрамя таго, паводле яго сьцьвярджэньня, вядомыя выпадкі, калі ў гэтым банку людзі атрымлівалі крэдыты на спажывецкія патрэбы пад абяцаныя 4%, а пры вяртаньні даводзілася аддаваць па стаўцы пад 80% гадавых. «Ашуканцы, абдзіралі людзей і грошы выводзілі ў Латвію», — заявіў афіцыйны лідэр.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG