Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абняў Лаўрова і сказаў, што той не абавязаны праходзіць санітарную апрацоўку перад сустрэчай


Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў

Аляксандар Лукашэнка перакананы, што ў беларуска-расейскіх адносінах удасца вырашыць наяўныя праблемы. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.

Лаўроў заявіў, што перад сустрэчай з Лукашэнкам ён карыстаўся санітайзэрам, разумеючы небясьпеку каранавірусу. Лукашэнка ж адказаў, што гэта не прымусова, ён яму верыць, паколькі запрашае ў госьці. Пасьля гэтага яны абняліся.

Перад пачаткам размовы Аляксандар Лукашэнка праінфармаваў, што пагутарыў праз тэлефон з калегам Уладзімірам Пуціным і перадаў госьцю «прывітаньне ад начальніка». Сказаў, каб чакалі ў Маскве на парадзе.

«Многія тут думаюць, што ў нас нешта іскрыць. Нічога ў нас не іскрыць, хоць праблемы ёсьць, як бязь іх?» — сказаў Лукашэнка.

Сяргей Лаўроў пагадзіўся, што «гэта не катастрафічныя праблемы, вырашым».

Галоўнымі праблемамі для ўсяго сьвету Аляксандар Лукашэнка назваў «каранавірус і палітыку», цытуе яго БелТА.

«Гэта і пандэмія, якая абвастрыла многія праблемы, у тым ліку на міжнародным узроўні, — сказаў ён, зьвяртаючыся да расейскага міністра. — І ў вас сёньня палітычных праблемаў вышэй за дах у сувязі з прыняцьцем новых паправак у Канстытуцыю. А ў нас — прэзыдэнцкія выбары. Як у братоў, усё ідзе паралельна, люстраныя праблемы, што ў вас, што ў нас. І калі нехта разьлічвае сутыкнуць нас ілбамі і пагоршыць адносіны, гэтага не атрымаецца».

Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што атрымаецца пераадолець цэлы шэраг пандэмій, уключна з інфапандэміяй, эканамічнай, палітычнай, нафтавай, газавай ды іншымі. Таксама запэўніў, што даручыў Міністэрству аховы здароўя пачаць пастаўкі з Расеі лекаў супраць каранавірусу і паспрабаваць на практыцы.

«Гэты прэпарат эфэктыўнасьць сваю паказаў нават на вялікіх чыноўніках у Расеі. Мы паспрабуем яго таксама. Хоць сытуацыя ў нас цярпімая. Думаю, справімся разам», — дадаў Лукашэнка.

Сяргей Лаўроў адзначыў, што яго візыт у Беларусь плянаваўся яшчэ месяц таму, але санітарнае становішча ўнесла карэктывы. Але гэта не перашкодзіць са згоды двух прэзыдэнтаў падпісаць міжурадавае пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў, што будзе мець пазытыўнае значэньне для грамадзян трэціх краін, якія наведваюць Расею і Беларусь. І выказаў перакананьне, што гэта яшчэ больш паспрыяе «будаўніцтву саюзнай дзяржавы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG