Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін візыт падчас пандэміі: сьледам за Орбанам у Менск зьбіраецца Лаўроў 


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 19 чэрвеня зьбіраецца ў Менск.

Гэта другі візыт у Беларусь высокага чыноўніка іншай дзяржавы ад пачатку пандэміі каранавірусу — на мінулым тыдні ў Менск прыяжджаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.

Паводле агенцтва Інтэрфакс, рабочая паездка ў Менск кіраўніка расейскага зьнешнепалітычнага ведамства заплянаваная на 19 чэрвеня. Галоўная мэта — падпісаньне пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў паміж Расеяй і Беларусьсю.

«Важны напрамак работы на інтэграцыйным трэку — гэта фармаваньне адзінай міграцыйнай прасторы саюзнай дзяржавы, — сказаў падчас відэаканфэрэнцыі намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Андрэй Рудэнка. — І найважнейшым крокам будзе пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў, падпісаць якое плянуецца ў рамках візыту міністра замежных спраў у Менск».

Гэтае пагадненьне меліся падпісаць яшчэ больш як 2 гады таму, аднак беларускі бок настаяў, каб працэдуру адклалі, бо дакумэнт не прайшоў поўнага ўнутрыдзяржаўнага ўзгадненьня. Сутнасьць пагадненьня ў тым, што замежнікі, у якіх ёсьць беларуская або расейская віза, змогуць карыстацца ідэнтычнымі правамі на тэрыторыях абедзьвюх краін. У Расею таксама змогуць трапіць іншаземцы, якія маюць права на бязьвізавы ўезд у Беларусь.

Ад пачатку 2018 году ў Беларусь бязь візы могуць уехаць грамадзяне 85 краін, якія прыбываюць празь міжнародны аэрапорт Менску. Расея ж патрабавала ад грамадзян краін Эўразьвязу атрымліваць візу пры кожным уезьдзе на сваю тэрыторыю, а транзыт празь Беларусь аўтадарожным шляхам быў цалкам забаронены.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG