Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі ініцыяваў пашырэньне «бязьвізу» для іншаземцаў на наземныя межы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік начальніка галоўнага консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных спраў Беларусі Аляксандар Ганевіч расказаў, як плянуюць пашырыць магчымасьці для іншаземцаў наведваць Беларусь бязь візаў.

На круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў «Беларускі турыст: тэндэнцыі і пэрспэктывы» Аляксандар Ганевіч сказаў, што першы досьвед бязьвізавага ўезду іншаземцаў праз Нацыянальны аэрапорт Менск дае станоўчыя вынікі.

«Таму мы цяпер працуем над тым, каб паспрабаваць зрабіць такі ўезд ня толькі праз аэрапорт, але і праз сухаземную мяжу. Праўда, пакуль мы не атрымалі адназначнай падтрымкі гэтай ініцыятывы, але будзем за сваю ініцыятыву змагацца», — сказаў Ганевіч.

Намесьнік міністра спорту і турызму Міхаіл Партны заявіў, што „бязьвіз“ для іншаземцаў не прывёў да ўсплёску крыміналу, чаго баяліся праваахоўнікі.

Дамова аб прызнаньні візаў з Расеяй яшчэ абмяркоўваецца

Ганевіч таксама расказаў пра сытуацыю, якая тычыцца перамоваў з Расейскай Фэдэрацыяй аб узаемным прызнаньні візаў. Ён сказаў, што ўжо прайшло 6 раўндаў экспэртных перамоваў і, на думку МЗС Беларусі, сёньняшняя пазыцыя расейцаў адпавядае беларускім падыходам. Таму ёсьць вялікая імавернасьць таго, што на гэтым тыдні адпаведнае пагадненьне будзе падпісанае. 13 сьнежня ў Берасьці сустрэнуцца прэм’еры Беларусі і Расеі на паседжаньні Савету міністраў так званай Саюзнай дзяржавы.

Але пакуль невядома, калі яно пачне дзейнічаць, бо трэба выканаць яшчэ шэраг дзяржаўных працэдур, якіх у Расеі больш, чым у Беларусі, сказаў Ганевіч.

Пры гэтым беларускі дыплямат выказаў думку, што ўвядзеньне такога рэжыму ўзаемнага прызнаньня візаў будзе спрыяць і разьвіцьцю беларускага турызму, паколькі расейцы, па ягоных словах, выдаюць да 5 мільёнаў візаў за год. Тады людзі, якія атрымалі за мяжой расейскую візу, змогуць транзытам паехаць паглядзець Беларусь і тым самым пакінуць грошы ў Беларусі.

Беларускі бок хоча, каб узаемнае прызнаньне візаў Расеі Беларусі запрацавала ў красавіку 2019 году, перад 2-мі Эўрапейскімі гульнямі ў Менску. Расейцы пакуль не гатовыя к гэтаму часу выканаць свае працэдуры.

***

Кіраўніцтва Беларусі ўвяло пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў ад 12 лютага 2017 году, у ліпені бягучага году тэрмін бязьвізавага знаходжаньня быў павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх уезду ў краіну і наступнага выезду празь дзяржаўную мяжу ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» — але не празь пешыя і аўтамабільныя пераходы або чыгункай.

Паводле Міністэрства спорту і турызму, «бязьвізам» ужо скарысталіся 179 тысячаў чалавек. Празь «бязьвіз» пачалася памежная спрэчка з Расеяй: з 80 краінаў, якім Беларусь дае «бязьвіз», некаторыя ня маюць бязьвізавых дамоваў з Расеяй, а беларуска-расейская мяжа ня мае міжнародных пунктаў пропуску.

Таксама ёсьць бязьвізавыя зоны на Берасьцейшчыне і Горадзеншчыне, там іншаземцам дазваляюць быць бязь візы 10 дзён, калі яны скарысталіся паслугай турапэратара («дзікунам» трэба віза). Ад жніўня 2016 году горадзенскую зону бязь візы наведалі 134 тысячы чалавек, ад пачатку гэтага году ў берасьцейскую прыехалі 15 тысячаў «бязьвізавых турыстаў», сьцьвярджае міністэрства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG