Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікі Беларусі могуць забясьпечыць «бязьвіз» праз усе пункты пропуску. Чакаюць загаду


Ілюстрацыйнае фота. Чарга на польска-беларускай мяжы
Ілюстрацыйнае фота. Чарга на польска-беларускай мяжы

Беларусь гатовая забясьпечыць бязьвізавы ўезд для іншаземцаў ня толькі праз аэрапорт, але і праз сухапутную мяжу, заявіў 16-га кастрычніка Анатоль Лапо, старшыня дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Адказваючы на пытаньне старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валерыя Варанецкага, ці здольныя беларускія памежнікі перанесьці экспэрымэнт з аэрапорту на іншыя пункты пропуску, генэрал-маёр Лапо адказаў: «Калі нам такую задачу паставяць, мы яе выканаем».

Паводле генэрала-маёра, ён разумее, што такое рашэньне павялічыць турыстычную прывабнасьць Беларусі ў вачах іншаземцаў, а адпаведна і тыя прыбыткі, якія будзе атрымліваць ад іх беларускі бюджэт.

Ён таксама адзначыў, што нядаўна ў пункце перасячэньня беларускай мяжы ў Казловічах быў праведзены экспэрымэнт у паляпшэньні праходжаньня кантролю. Практыка паказала, што на афармленьні аднаго чалавека можна эканоміць ад 3 да 4 хвілін.

«Бязьвіз» для іншаземцаў у Беларусі. Што важна ведаць:

  • 24 ліпеня тэрмін бязьвізавага знаходжаньня замежных грамадзян у Беларусі быў павялічаны да 30 сутак пры ўмове ўезду ў краіну і наступнага выезду празь дзяржаўную мяжу ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».
  • Іншаземцы, якія прыехалі ў Беларусь па 5-дзённым бязьвізе, змогуць застацца на 30 дзён, калі будуць легальна знаходзіцца на тэрыторыі краіны на момант уступленьня ў сілу новага ўказу.
  • Агульны тэрмін знаходжаньня іншаземцаў у Беларусі складае 90 дзён на год. Па бязьвізе можна прыяжджаць на 30 дзён за раз. Фактычна цягам году іншаземцы могуць гасьцяваць у Беларусі тры разы па 30 дзён.
  • Цягам пяці сутак іншаземцы павінны зарэгістравацца па месцы знаходжаньня. Але падрыхтаваны законапраект, згодна зь якім тэрмін знаходжаньня без рэгістрацыі павялічваецца да 10 сутак.
  • У будучым іншаземцы, якія будуць пражываць у гатэлях, санаторыях, аграсядзібах, наагул будуць вызваленыя ад рэгістрацыі на ўвесь пэрыяд пражываньня ў гэтых установах.
  • Плянуецца налета арганізаваць рэгістрацыю іншаземцаў праз адзіны інтэрнэт-партал электронных паслуг, таму ня будзе патрэбы ісьці ў спэцыяльныя ўстановы. Рэгістрацыю праз інтэрнэт плянуюць зрабіць бясплатнай. (Сёньня для рэгістрацыі трэба сплаціць пошліну — палову базавай велічыні)
  • Калі іншаземец мае важкую прычыну, каб застацца ў Беларусі звыш 30 дзён, то, калі верыць чыноўнікам, яму пойдуць насустрач.
  • 99% іншаземцаў, якія дапусьцілі парушэньні нормаў указу «па няведаньні», цяпер выключаныя са сьпісу неўязных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG