Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бязьвіз» для замежнікаў працягнулі да 30 сутак


Фота ©Shutterstock

Тэрмін бязьвізавага знаходжаньня замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх уезду ў краіну і наступнага выезду празь дзяржаўную мяжу ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».

Адпаведны ўказ падпісаў 24 ліпеня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Аўтары ўказу разьлічваюць, што ён

  • будзе спрыяць разьвіцьцю турызму ў Беларусі, у прыватнасьці санаторнага і мэдычнага,
  • добра адабʼецца на эканоміцы і гаспадарчых сувязях зь іншымі краінамі,
  • прывабіць у Беларусь міжнародныя форумы, канфэрэнцыі, фэстывалі і спартовыя спаборніцтвы.

Беларускі бязьвіз пашыраецца, нягледзячы на раздражненьне Масквы

Бязьвіз у Беларусі пачаўся 12 лютага 2017 году. Але да зьменаў у беларуска-расейскіх адносінах ён прывёў яшчэ раней. Ужо 2 лютага ФСБ увяла на мяжы зь Беларусьсю памежную зону.

«Мы паважаем сувэрэнітэт Беларусі, але нас трошкі насьцярожвае гэты ўказ аб бязьвізавым уезьдзе ў Нацыянальны аэрапорт грамадзян 80 краін. Мы ня кажам, што гэта дрэнна ці добра. У Расею, напрыклад, бязь віз заяжджаюць грамадзяне больш як ста краін. Але не адразу ж», — пракамэнтаваў тады рашэньне аднавіць памежную зону амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

«Беларусь дэманструе большую адкрытасьць сьвету». Палітолягі пра 30-дзённы бязьвіз

Што трэба для бязьвізавага ўезду ў Беларусь

  • дзейны пашпарт,
  • грошы ў валюце ці рублях з разьліку 2 базавыя велічыні (49 рублёў) на кожны дзень або 50 базавых (1225 рублёў) на 30 дзён,
  • страхавы поліс на суму ня менш за 10 тысяч эўра.

Грамадзянам Віетнаму, Гаіці, Гамбіі, Індыі, Лібану, Намібіі і Самоа патрэбная таксама дзейная шматразовая віза дзяржаў Эўразьвязу ці Шэнгенскай зоны з пазнакай пра ўезд на іх тэрыторыю і зваротныя квіткі на вылет зь Менску.

Бязьвізам нельга скарыстацца, прыляцеўшы з Расеі, бо на гэтых рэйсах няма памежнага кантролю.

Замежнікам, якія зьбіраюцца гасьцяваць у Беларусі больш за 5 працоўных дзён, давядзецца рэгістравацца. У гатэлях і санаторыях рэгістрацыю праводзіць адміністрацыя падчас засяленьня.

Бязь візаў да 10 дзён іншаземцы могуць трапіць праз польскую і літоўскую межы — на тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнай зоны «Берасьце» і парку «Аўгустоўскі канал».

5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG