Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь дэманструе большую адкрытасьць сьвету». Палітолягі пра 30-дзённы бязьвіз


Тэрмін бязьвізавага знаходжаньня замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх уезду ў краіну і наступнага выезду празь дзяржаўную мяжу ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Адпаведны ўказ Аляксандар Лукашэнка падпісаў 24 ліпеня.

Указ Аляксандра Лукашэнкі зьявіўся на другі дзень пасьля тэлефонных перамоваў з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным.

Ці мае гэтае рашэньне беларускага боку аб павелічэньні бязьвізу для іншаземцаў палітычны характар і як яго будзе ўспрымаць Расея?

«Беларускі бок ня мусіць атрымліваць ад Расеі згоду»

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман сказаў карэспандэнту Свабоды, што палітычным гэтае пытаньне было на этапе першага рашэньня пра 5-дзённы бязьвіз.

«І тое толькі ў тым пляне, што Расея высунула нейкія свае незадаволенасьці. Але па тых дамоўленасьцях, якія існуюць паміж Расеяй і Беларусьсю, беларускі бок ня мусіць атрымліваць ад Расеі згоду, ён мусіць кансультавацца. Я думаю, што ўсе кансультацыі тады і цяпер былі праведзеныя. Таму наўрад ці тут можна казаць пра нейкае палітычнае рашэньне», — сказаў Яўген Прэйгерман.

Паводле Прэйгермана, 30 дзён — гэта стандартная лічба (хоць можна казаць, што і 90 можна ўвесьці) і дастатковая дзеля ўсіх мэтаў, дзеля якіх у Беларусь прыяжджаюць замежнікі.

Яўген Прэйгерман не выключае, што можа працягнуцца дыскусія адносна таго, каб дадаць іншыя пункты перасячэньня мяжы, апроч Нацыянальнага аэрапорту.

«Але для гэтага спатрэбіцца пэўны час. Калі ёсьць жаданьне ў гэты бок рухацца, то нават нейкія тэхнічныя пытаньні — гэта наўрад ці вялікая праблема».

«Зьнешнепалітычны імідж Беларусі робіцца больш пазытыўным»

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў лічыць, што палітычныя нюансы ў гэтым рашэньні ёсьць, але хутчэй яно прадыктавана эканамічнымі прычынамі.

«Яно зьвязана з тым, што 5-дзённы бязьвізавы рэжым дастаткова добра працаваў і колькасьць турыстаў павялічвалася. І гэта было матывацыяй для такога рашэньня. Але палітычны аспэкт зьвязаны з тым, што праз павелічэньне тэрміну і спрашчэньне працэдуры ўезду ў Беларусь для замежнікаў Беларусь дэманструе большую адкрытасьць сьвету. І гэта ўплывае на яе зьнешнепалітычны імідж, робіць яго больш пазытыўным».

Паводле Ягорава, у Расеі будуць ня вельмі задаволеныя гэтым рашэньнем беларускага боку.

«Але цяпер гэта ня тая прычына, дзеля якой адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй могуць моцна ўскладніцца».

«Бязьвіз» для замежнікаў працягнулі да 30 сутак

5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG