Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам на заметку. Ва Ўкраіне выдзелілі дадатковыя паветраныя лініі для бюджэтных авіякампаній


Выканаўчы дырэктар Ryanair Майкл О'Ліры і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас падпісаньня дамовы з авіякампаніяй-лоўкостэрам сёлета ўвесну
Выканаўчы дырэктар Ryanair Майкл О'Ліры і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас падпісаньня дамовы з авіякампаніяй-лоўкостэрам сёлета ўвесну

Усяго на ўкраінскім рынку працуюць больш за 10 замежных і нацыянальных авіякампаній-лоўкостэраў, у Беларусі — ніводнай.

З украінскіх аэрапортаў ад сёньня стартавалі 22 новыя рэйсы, якія ажыцьцяўляюць бюджэтныя авіякампаніі — ірляндзкая Ryanair, вугорская Wizz Air, румынская Tarom і турэцкая Atlasglobal.

«Я марыў пра гэта, калі летась 11 чэрвеня мы адкрывалі сымбалічныя дзьверы ў Эўропу, калі ўводзілі бязьвізавы рэжым. Цяпер мы пашыраем магчымасьці падарожжаў для ўкраінцаў па канкурэнтаздольным кошце. Бязьвіз працуе, Эўропа становіцца ўсё бліжэйшай і больш даступнай», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Найбольшую колькасьць авіярэйсаў арганізуе Ryanair — 12 з Кіева і 5 зь Львова ў эўрапейскім кірунку — у Лёндан, Вільню, Барсэлёну, Стакгольм, Браціславу і шэраг польскіх гарадоў — Варшаву, Кракаў, Гданьск, Уроцлаў і Познань. Але, напрыклад, пералёт у Бэрлін з гэтай авіякампаніяй абыдзецца ня менш як 100 эўра ў адзін бок.

Прыход Ryanair на рынак Украіны быў даволі складаны: летась бакі не змаглі дамовіцца пра ўмовы працы — кіраўніцтва аэрапорту «Барыспаль» не пагаджалася на прапанаваныя стаўкі пасажырскага збору. Сёлета пры пасярэдніцтве Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны перамовы былі адноўленыя і завяршыліся падпісаньнем пагадненьня.

Першаю, у 2008 годзе, на ўкраінскі рынак прыйшла вугорская Wizz Air. У сакавіку наступнага году яна будзе ажыцьцяўляць ужо 26 рэйсаў, у тым ліку ў Брэмэн, Рыгу і дацкі горад Білюн. Цэны на квіткі гэтай авіякампаніі будуць залежаць ад даты, дня тыдня і загружанасьці рэйса. Кошт квіткоў у эўрапейскія гарады будзе пачынацца ад 40 эўра.

Усяго на ўкраінскім рынку працуюць каля 10 замежных авіякампаній-лоўкостэраў.

Сёньня ж у канкурэнцыю зь імі ўступаюць і невялікія нацыянальныя авіяперавозчыкі Ўкраіны. Дзяржаўная авіяцыйная служба Ўкраіны дала права карыстацца паветранымі лініямі чатыром такім кампаніям — SkyUp, Anda Air, Azur Air Ukraine, Jonika.

Гэтыя авіякампаніі пераважна будуць ажыцьцяўляць пералёты ў найбольш папулярных сярод беларусаў кірунках — у Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), Шарм-эль-Шэйх і Хургаду (Эгіпет). Адначасова яны разьвіваюць злучэньне і з эўрапейскімі краінамі — Баўгарыяй і Славаччынай. Кошт квіткоў пакуль не называецца. Рэйсы будуць ажыцьцяўляцца як з Кіева, так і з Адэсы, Запарожжа, Харкава, Львова, Хэрсону, Чарнаўцоў, Мікалаева, Крывога Рога, Віньніцы і Палтавы.

Сёлета ва Ўкраіне сотні ўкраінскіх ды беларускіх турыстаў, якія падарожнічалі з найбуйнейшым украінскім турыстычным апэратарам Join UP, пацярпелі ад затрымак ды пераносаў вылетаў з украінскіх аэрапортаў.

Праблема ўзьнікла таму, што наймаладзейшы ўкраінскі лоўкостэр SkyUp, на якога арыентаваўся турыстычны апэратар, ня змог своечасова наладзіць анансаваныя рэйсы па 16 турыстычных напрамках у Эгіпет, Турэччыну, Баўгарыю і іншыя краіны, бо не атрымаў сэртыфікатаў Дзяржаўнай авіяцыйнай службы Ўкраіны аб прыдатнасьці самалётаў.

Тым часам у Беларусі не дапусьцілі прыходу замежных авіякампаній-лоўкостэраў. Манаполію трымае нацыянальны перавозчык «Белавія», у Менск лятаюць таксама самалёты буйных замежных перавозчыкаў з высокімі тарыфамі. У гэтых умовах сярод беларускіх спажыўцоў папулярнымі сталі палёты лоўкостэрамі зь Літвы, Польшчы, Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG