Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачынкі-2018: «Беларусы зноў едуць у Крым і бяруць туры за 150 даляраў у растэрміноўку»


Ілюстрацыйнае фота. Пляж у Ялце, Крым
Ілюстрацыйнае фота. Пляж у Ялце, Крым

Экспэрт у турыстычнай галіне, галоўная рэдактарка сайту Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Лілія Кобзік распавяла ў інтэрвію выданьню «Салідарнасць» пра асаблівасьці летняга турыстычнага сэзону 2018 году.

Беларусы зноўку едуць у Крым. Але ў асноўным «дзікунамі»

З адкрыцьцём моста ў Крыме зафіксавана прыкметнае павелічэньне колькасьці турыстаў, паведамляюць улады анэксаванага паўвострава. Па словах экспэрта ў сфэры турызму Ліліі Кобзік, многія беларусы таксама скарысталіся сёлета новай магчымасьцю. Але гэта ў асноўным індывідуальныя турысты.

Ілюстрацыйнае фота. Адкрыцьцё аўтамабільнага руху па Крымскім мосьце
Ілюстрацыйнае фота. Адкрыцьцё аўтамабільнага руху па Крымскім мосьце

«Колькасьць паездак у Крым на асабістых аўто, безумоўна, павялічылася. Што тычыцца арганізаваных тураў, аўтобусных ланцужкоў, дык шмат якія турфірмы асьцерагаюцца аказваць такія паслугі», — кажа экспэрт.

Многія з турфірмаў актыўна працуюць на папулярных у беларусаў украінскіх напрамках і папросту ня хочуць рызыкаваць дзеля тураў у Крым. Украіна, якая, паводле Кобзік, стала ў беларусаў адным з самых улюбёных і папулярных напрамкаў адпачынку, выстаўляе ўласныя патрабаваньні што да парадку ўезду на тэрыторыю паўвострава.

Беларусы — нумар адзін ва Ўкраіне і Літве

«Ніякі Крым не зраўнаецца з Затокай у Адэскай вобласьці. Ня выключана, што па выніках сэзону на гэтым курорце адпачнуць да ста тысяч нашых турыстаў. Пасьля ўкраінцаў мы там — нумар адзін. Акрамя таго, нашы турысты на першым месцы ў Паланзе, дый у Літве наагул», — кажа Лілія Кобзік.

На курортах Заходняй Эўропы беларусы пакуль яшчэ не настолькі прыкметныя, але яны ўжо дамінуюць на курортах сумежных краін.

Туры ў растэрміноўку і лаўкост-авіякампаніі

Ілюстрацыйнае фота. Самалёт бюджэтнай авіякампаніі Ryanair
Ілюстрацыйнае фота. Самалёт бюджэтнай авіякампаніі Ryanair

​Асаблівасьцю гэтага сэзону, паводле Кобзік, стала тое, што беларусы сталі браць туры на курорты ў растэрміноўку:

«Людзі выбіраюць у першую чаргу найбольш бюджэтныя варыянты адпачынку. Гэтым летам беларусы бралі туры ў Затоку коштам 150 даляраў у растэрміноўку. Уяўляеце, які ў нас спажывецкі ўзровень?» — кажа экспэрт.

Паводле Кобзік, зьніжэньне спажывецкай здольнасьці беларускіх турыстаў ударыла па ўсіх напрамках: «Калі мы хочам у Турэччыну, дык выбіраем самыя танныя туры, калі ў Чарнагорыю, то бяром недарагія вілы, а не гатэлі».

Дзеля эканоміі беларусы ўсё часьцей выбіраюць для вылетаў на адпачынак аэрапорты суседніх краін, адкуль лётаюць бюджэтныя авіякампаніі.

Праблемы году

Сярод самых праблемных момантаў сёлетняга турыстычнага сэзону Лілія Кобзік назвала скандал вакол кампаніі «Наталі Турс», якая ў ліпені 2018 году абвясьціла пра фінансавыя праблемы і ня выключыла працэдуры банкруцтва. У выніку ў ліку тых, хто ня можа скарыстацца ўжо аплочанымі паслугамі, аказаліся сотні беларусаў.

Экспэрт таксама нагадала пра праблему затрымак вылетаў з аэрапортаў Кіева, зь якімі ў гэтым сэзоне сутыкнуліся многія беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG