Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяскоўцы на Стаўпеччыне пагражаюць перакрыць чыгунку, калі ўлады ня зробяць для іх прыпынак


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выбарнікі Стаўпецкай выбарчай акругі № 70, што на Меншчыне, гатовыя перакрыць рух на чыгунцы Менск — Баранавічы, калі ўлады не пачуюць іх патрабаваньняў пабудаваць чыгуначны прыпынак каля вёскі Савоні на маршруце электрычкі. Пра гэта Свабодзе паведаміла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая балятавалася па згаданай акрузе.

Зварот на адрас кіраўнікоў краіны, ураду, абласнога і раённага начальства, Беларускай чыгункі з прапановай прыбыць на месца 17 лістапада для азнаямленьня з сытуацыяй падпісалі больш за 100 чалавек.

У адваротным выпадку жыхары пакідаюць за сабой права перакрыць рух на чыгунцы Менск — Баранавічы.

У чым праблема?

Мясцовыя жыхары патрабуюць пабудаваць чыгуначны прыпынак каля вёскі Савоні на маршруце электрычкі Менск — Баранавічы. Там аграгарадок «Горкі», паблізу вёскі Жа́церава, Раёўшчына, Вечатарова. Бліжэйшы прыпынак Асіпоўшчына — больш як за 4 кілямэтры без дарогі.

«Цягнікі праяжджаюць міма нашых пяці кампактна разьмешчаных вёсак, паміж якімі добрае злучэньне — асфальтаваная дарога, спыняюцца далёка ў полі, — гаворыцца ў звароце да ўладаў. — Ніякіх пад’язных дарогаў да прыпынку Асіпоўшчына няма. Мы ходзім па полі, па шпалах. Былі выпадкі траўмаваньня людзей на чыгунцы... За апошнія 5 год загінулі 6 чалавек».

Паводле Алены Анісім, існуюць дзьве пазыцыі. Мясцовыя дэпутаты — за прыпынак. Супраць — Беларуская чыгунка: яе прадстаўнікі кажуць, што праект эканамічна стратны.

«Гэта надзённая патрэба людзей, якія кожны дзень там працуюць. Тым жа настаўнікам даводзіцца дабірацца ў школу. А аўтобус ходзіць ня кожны дзень», — тлумачыць сытуацыю Свабодзе Алена Анісім, сама родам зь вёскі Савоні.

Яна кажа, што станцыя патрэбная ня менш як паўтысячы чалавек.

Чаму праблема абвастрылася?

З 12 кастрычніка пачалі дзейнічаць зьмены ў правілы перавозкі пасажыраў. Шмат якія ўладальнікі маршрутак мусілі згарнуць сваю дзейнасьць. Транспартнае злучэньне пагоршылася. Таму на сходзе жыхары Стаўпецкай выбарчай акругі № 70 запатрабавалі вярнуцца да будоўлі чыгуначнага прыпынку каля вёскі Савоні.

«Мясцовае кіраўніцтва гэта занэрвавала. Яно, можа, ня бачыць так востра глыбіню праблемы, бо мае казённыя машыны. Але бачыць пагрозу для сябе. Бо выбарнікі патрабуюць, каб кіраўнікі не пазьней за 17 лістапада прыйшлі на бліжэйшы ад Савоняў чыгуначны прыпынак Асіпаўшчына і на ўласныя вочы пабачылі, як сюды дабірацца. Гэта некалькі кілямэтраў раніцай і ўвечары ў любое надвор’е пешшу. І такое творыцца ў год малой радзімы!» — кажа дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.

Алена Анісім
Алена Анісім

Паводле Алены Анісім, людзі гатовыя на радыкальныя захады. Яны зьбіраюцца перакрыць рух на чыгунцы.

«Гэта, канечне, гіпатэтычна. Але сваім намерам яны паказваюць да якой ступені ім надакучыла, што ад іх праблем адмахваюцца», — кажа дэпутатка.

Пакуль улады паабяцалі пусьціць штодня аўтобус да Стоўбцаў. Паводле Анісім, гэта «вельмі стратная рэч», бо аўтобус аб’яжджае яшчэ некалькі вёсак. І таму час на пад’езд да прыпынку істотна павялічваецца. Нярэдка аўтобусам едуць усяго два-тры чалавекі.

Што робіць Анісім?

29 кастрычніка дэпутатка накіравала ў апарат Савету Міністраў запыт. Яна хоча даведацца, колькі грошай выдаткоўваецца на адну службовую машыну, уключаючы яе эксплюатацыю, рамонт, аплату кіроўцы.

«Мне хочацца супаставіць выдаткі на гэта і на пабудову прыпынку. І супаставіць гэтыя лічбы. І пасьля гэтага ставіць пытаньне рубам: што эканамічна выгадна?» — кажа яна.

З гісторыі прыпынку

«Упершыню будаваць прыпынак зьбіраліся яшчэ ў 1995 годзе. Тады нават сабралі зь мясцовых людзей грошы. Ім казалі, што астатнюю частку сродкаў унясе дзяржава. Другі раз паабяцалі збудаваць у 2007 годзе, уключылі ўзьвядзеньне ў інвэстпраграму. І зноў людзей „кінулі“. Грошы пералічылі Ўпраўленьню капітальнага будаўніцтва, на іх пабудавалі нешта іншае, але не прыпынак», — кажа спадарыня Анісім.

Дэпутатка абураная, што прадстаўнікі Беларускай чыгункі ня хочуць думаць пра жыцьцё людзей.

«Ужо зафіксаваныя некалькі выпадкаў, калі тут цягнікі забілі людзей, якія ішлі па шпалах. А іншай дарогі ў іх няма. А каб быў прыпынак, такога ня здарылася б. Кажуць, што на будаўніцтва патрэбныя бюджэтныя сродкі. А хто ж гэтыя сродкі стварае? Людзі, у тым ліку і тыя, што тут жывуць», — сказала Анісім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG