Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Езьдзілі на мора, нам заплацілі па 30 даляраў». Чаму маўчаць пацярпелыя ў аварыі беларусы?


Аварыя ў Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны, у якой загінулі 5 чалавек зь Беларусі
Аварыя ў Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны, у якой загінулі 5 чалавек зь Беларусі

У Гомельскай абласной больніцы на дадзены момант застаецца толькі адна пацярпелая ў жудаснай аварыі ва Ўкраіне беларуска. Жыхарка Гомля Тацяна з суботы праходзіць лекаваньне ў нэйрахірургічным аддзяленьні. Яна выжыла ў аварыі ў Мікалаеўскай вобласьці, дзе пяць беларусаў загінулі і дванаццаць атрымалі траўмы.

Пра акалічнасьці бясплатнай паездкі на мора, за якую яшчэ і плацілі, Тацяна адмаўляецца гаварыць. Іншыя ўдзельнікі паездкі таксама неахвотна дзеляцца інфармацыяй.

«Проста езьдзілі бясплатна на мора. Прапанавалі знаёмыя, і я згадзіўся. Па вяртаньні дахаты плацілі па 30 даляраў. За што — ня ведаю», — кажа Свабодзе Сяргей з Гомля.

Што вядома пра перавозчыка — ТПУП «ОксАльЯнс»

Тут зарэгістраванае ТПУП «ОксАльЯнс»
Тут зарэгістраванае ТПУП «ОксАльЯнс»

Прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «ОксАльЯнс» заснаванае дзесяць гадоў таму. Рэгістрацыю як падаткаплатнік прайшло ў інспэкцыі па падатках і зборах Чыгуначнага раёну Гомля 18 лістапада 2008 году. Сфэра дзейнасьці — пасажыраперавозкі.

​Юрыдычны адрас — прыватны дом на Канцавой вуліцы. Заснавальнік прадпрыемства — малады чалавек па імені Ян Плюшчай. Суседзі кажуць, што ён жыў тут з грамадзянскай жонкаю. Дзяцей у іх не было. Побач са старой хатай Ян будаваў дом з гаражом на дзьве аўтамашыны.

У КУП «Гомельпасажыртранс», якое займаецца арганізацыяй пасажырскіх перавозак, Свабодзе паведамілі, што ня маюць дамовы на перавозку пасажыраў з ТПУП «ОксАльЯнс».

І наагул, каб ажыцьцяўляць міжнародныя пасажырскія перавозкі, патрэбна ліцэнзія Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі.

Як тлумачаць турысты, якія выжылі ў здарэньні, паездку ў Адэсу на мора арганізаваў сам уладальнік мікрааўтобуса. Ён жа выбіраў час і маршрут. У мікрааўтобусе з Адэсы вярталіся жыхары Гомлю, Жлобінскага, Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага раёнаў. Разам з кіроўцам у маршрутцы ехалі 17 чалавек.

«Ніколі ня бачыла такога асьцярожнага і ветлівага кіроўцы»

Аварыя на аўтадарозе Кіеў — Адэса паблізу паселішча Крывое Возера Мікалаеўскай вобласьці здарылася на досьвітку 20 ліпеня. Кіроўца мікрааўтобуса Mercedes-Benz сутыкнуўся з прыпаркаваным на ўзбочыне грузавым аўтамабілем. Загінулі чатыры пасажыры і кіроўца.

Яна Плюшчая ведалі ў Гомлі многія. Ня толькі як кіроўцу, але і як аматара сьпеваў. Жыхары Гомля езьдзілі зь ім у шоп-туры ў Чарнігаў, на мора ў Адэсу. Вельмі хваляць яго і шкадуюць аб трагічнай гібелі.

«Ня веру, што ён мог парушыць правілы дарожнага руху ці заснуў! Пяць разоў езьдзіла зь ім у Чарнігаў — ніколі ў жыцьці ня бачыла такога ветлівага і асьцярожнага кіроўцы. Ён больш за 80 і ня ехаў. А які быў сьветлы, прыязны чалавек...» — кажа Свабодзе жыхарка Гомля Алеся. Яна ўзгадвае, што кіроўца сам зьбіраў і сушыў зёлкі, а потым частаваў пасажыраў смачнай гарбатай.

«Нічога ня буду казаць!»

У суботу з украінскай бальніцы ў Крывым Возеры ў Гомельскую абласную бальніцу перавезьлі дзевяць чалавек, тры зь іх засталіся на лекаваньні. У траўматалёгіі ляжалі сужэнская пара Раман і Дар’я, у нэйрахірургіі — 35-гадовая Тацяна. У яе траўмы сьпіны, ног і галавы. Яе родная сястра пакуль застаецца ў рэанімацыі ў Мікалаеве.

У панядзелак Раман і Дар’я выпісаліся з Гомельскай абласной бальніцы. Мэдыцынская сястра ў траўматалёгіі патлумачыла, што яны адмовіліся ад лячэньня і паехалі дахаты. Тацяна мае сур’ёзныя траўмы, у яе гематомы на твары, галава ў бінтах. Яна ледзь гаворыць. Даваць камэнтары адмаўляецца катэгарычна. «Ня буду нічога расказваць, пакіньце мяне ў спакоі», — кажа Тацяна.

Сваячка аднаго з загінулых, 21-гадовага гамельчука, кажа, што ня ведае, за што менавіта плацілі 30 даляраў удзельнікам паездкі.

«Плюс-мінус 25–30 гадзін — і 30 даляраў!»

Абвестка пра «бясплатныя» паездкі ў Адэсу
Абвестка пра «бясплатныя» паездкі ў Адэсу

Тым часам карыстальнікі сацыяльных сетак пішуць пра «шэрыя схемы» перагону эўрапейскіх аўтамабіляў ва Ўкраіну, у якіх удзельнічаюць беларусы. У тым ліку — і пацярпелыя ў жудаснай аварыі. У інтэрнэце і цяпер можна знайсьці прапановы для жыхароў Гомля зьезьдзіць у Адэсу «бясплатна, плюс-мінус 25–30 гадзін, і 30 даляраў».

«Так ужо палова Беларусі, мабыць, езьдзіла. Мне прапанавалі знаёмыя. Бясплатна, і плюс 30 даляраў па вяртаньні. Я нічога не пытаўся. Сам ня ведаю чаго, але паехаў. Гэта быў мінулы тур, тыдзень таму. Ну, зьезьдзіў, нават і не пакупаўся — сьпёка была. Ня ведаю я, за што плацілі. Проста далі 30 даляраў па вяртаньні дахаты», — кажа жыхар Гомля Сяргей. Ён рады, што застаўся жывы. «Маліўся Богу, каб хоць нармальна даехалі — бо ва Ўкраіне вельмі кепскія дарогі», — дадае Сяргей.

Іншы жыхар Гомля, Максім, таксама езьдзіў у «бясплатны тур» і атрымаў 30 даляраў. На ўмовах ананімнасьці сказаў, што ўдзельнікі паездкі дапамагалі ў афармленьні дакумэнтаў на аўтамабілі з эўрапейскіх краінаў. Беларусы за «дапамогу» могуць атрымаць ад 20 да 40 даляраў. Увозіць аўто на год выгадна толькі іншаземцам, бо яны вызваленыя ад мытных плацяжоў. Ня дзіва, што ў схеме пры ўвозе аўтамабіляў з замежнай рэгістрацыяй на год нярэдка ўзьнікае дадатковае зьвяно ў выглядзе грамадзяніна іншай краіны.

Беларусы дапамагаюць украінцам абыходзіць мытнае заканадаўства

Як пісала Свабода, схема працуе наступным чынам. Аўтамабіль з тэрыторыі Эўразьвязу ў рэжыме транзыту ўяжджае ва Ўкраіну. У такім статусе машына мае права знаходзіцца ў краіне ня больш за 10 дзён. За гэты час аўтамабіль едзе на іншы пункт пропуску, напрыклад, на мяжы зь Беларусьсю. Машына выяжджае з Украіны, аднак у Беларусь не заяжджае. На нэўтральнай тэрыторыі ў аўтамабіль сядае грамадзянін Беларусі, які мае даверанасьць ад уладальніка машыны. Беларус уяжджае ва Ўкраіну, выходзіць з машыны і неўзабаве, часам пешшу, вяртаецца ў Беларусь. Аўтамабіль жа застаецца ў карыстальніка-ўкраінца, які таксама атрымлівае даверанасьць ад уласьніка. Пры дапамозе беларусаў украінцы могуць год езьдзіць на іншамарцы, ня плацячы мыта.

На 1 траўня 2018 году, паводле зьвестак Дзяржаўнай фіскальнай службы, ва Ўкраіне знаходзілася звыш 315 000 аўтамабіляў з замежнай рэгістрацыяй. Больш за траціну — 125 000 — з парушэньнем тэрміну знаходжаньня.

Як беларусаў выкарыстоўваюць для ўвозу ва Ўкраіну аўтамабіляў на нумарах Эўразьвязу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG