Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за паўтара месяца ў Беларусі прызналі менш за 800 новых выпадкаў COVID-19 за дзень


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 11 чэрвеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19. Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалася практычна аднолькавая статыстыка: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі.

Паводле міністэрства, на 11 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 51 816 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 293 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 26 643 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 750 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, а выпісалі 976 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 231 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 24 880;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 678 570 тэстаў — рэкордныя 19 005 за дзень (15,4 тысячы днём раней), рэкордна нізкі адсотак станоўчых тэстаў — 3,5% (яшчэ днём раней было 5,2%, да таго — цэлы тыдзень 7–8%);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 51 066​ ​выпадкаў COVID-19 (плюс 801 а дзень), прызнала сьмерць 288 чалавек (плюс 6 за дзень). За той дзень выпісалі выпісалі рэкордную колькасьць пацыентаў — 1161 чалавека.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расла да апошніх дзён — толькі 3–6 чэрвеня выпісвалі больш, чым выяўлялі новых хворых. Затым колькасьць «актыўных выпадкаў» працягнула расьці. Рост спыняўся толькі ў дні, калі выпісвалі рэкордную колькасьць пацыентаў.

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» наконт выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманій у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка не скасаваў вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, цісьне рукі пры сустрэчах. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG