Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная арганізацыя здароўя: сытуацыя з каранавірусам глябальна пагаршаецца, насіце маскі


Чарга ля пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня
Чарга ля пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня

Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Аданом Гебрэесус заявіў 8 чэрвеня аб пагаршэньні сытуацыі з пандэміяй COVID-19 у сьвеце.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Тэдрас Аданом Гебрэесус нагадаў, што агульная колькасьць выпадкаў COVID-19 дасягнула 7 мільёнаў, колькасьць памерлых — 400 тысяч. Хоць сытуацыя ў Эўропе паляпшаецца, глябальна яна пагаршаецца, адзначыў ён. Таксама ён адзначыў рост новых выпадкаў ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Каля 75% новых выпадкаў паходзяць з 10 краінаў, большасьць зь якіх у Амэрыках і Паўднёвай Азіі, дадаў кіраўнік WHO. За 8 чэрвеня найбольшы прырост выпадкаў новага каранавірусу далі ЗША, Бразылія, Расея, Індыя, Пакістан, Чылі, Мэксыка, Саудаўская Арабія, Пэру і Банглядэш (Беларусь на 21-м месцы ў гэтым паказьніку).

«У той жа час мы вітаем, што некалькі краінаў сьвету бачаць станоўчыя прыкметы, — дадаў Тэдрас Аданом. — У гэтых краінах сёньня найбольшую пагрозу мае самазаспакаеньне.

Вынікі дасьледаваньняў таго, наколькі вялікая частка насельніцтва трапіла пад узьдзеяньне вірусу, паказвае, што большасьць людзей па-ранейшаму ўспрымальная да інфэкцыі.

Мы працягваем заклікаць да актыўнага назіраньня, каб вірус не аднавіў наступ, тым больш што ў некаторых краінах пачынаюць вяртацца ўсе віды масавых сходаў».

Тэдрас Аданом заявіў, што WHO цалкам падтрымлівае глябальны рух супраць расізму, не прымае дыскрымінацыі любога кшталту. Заява прагучала на фоне пратэстаў супраць паліцэйскага гвалту, якія трываюць у ЗША больш за тыдзень.

«Мы заклікаем усіх, хто пратэстуе па ўсім сьвеце, рабіць гэта бясьпечна, — казаў Тэдрас Аданом. — Наколькі магчыма, трымайцеся ня менш як за 1 мэтар ад іншых, мыйце рукі, прыкрывайце кашаль і насіце маску, калі вы прысутнічаеце на акцыі пратэсту».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG