Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакладчык Эўрапарлямэнту прапануе санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, калі рэпрэсіі ў Беларусі не аслабнуць


Пятрас Аўштравічус

Пастаянны дакладчык Эўрапейскага парлямэнту па Беларусі, дэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус 8 чэрвеня зьвярнуўся да віцэ-старшыні Эўрапейскай камісіі, вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпа Барэля з просьбай адрэагаваць на рэпрэсіі ў дачыненьні да дэманстрантаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

У лісьце кіраўніку дыпляматыі Эўразьвязу, копію якога эўрапейскі дэпутат перадаў агенцтву БелаПАН, адзначаецца, што «на фоне росту колькасьці грамадзян, якія кідаюць выклік утрыманьню ўлады прэзыдэнтам Лукашэнкам, пэрспэктывы свабодных і справядлівых выбараў выглядаюць бязрадасна: у рэжыму відавочна няма намеру стварыць раўнапраўныя ўмовы для кандыдатаў ці разгледзець даўнія рэкамэндацыі Вэнэцыянскай камісіі БДІПЧ АБСЭ».

Аўштравічус зьвяртае ўвагу, што пра гэтыя праблемы гаворыцца і ў апошняй справаздачы спэцыяльнай дакладчыцы ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, у якой яна «выказвае сур’ёзную занепакоенасьць з нагоды пастаянных парушэньняў у краіне асноўных свабодаў — мірных сходаў, свабоды меркаваньняў і іх выказваньня».

«На працягу апошніх чатырох гадоў Эўразьвяз, дзейнічаючы ў духу "крытычнага ўзаемадзеяньня", працягнуў Менску руку — падпісаў пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія ўступяць у сілу 1 ліпеня, падвоіў абʼём сваёй дапамогі і ступень уключэньня ў тэхнічныя перагаворныя працэсы па канкрэтных пытаньнях. Тым ня менш беларускі рэжым сваіх абяцаньняў не выканаў».

Аўштравічус заклікаў «наколькі гэта магчыма, перанакіраваць наяўныя сродкі арганізацыям грамадзянскай супольнасьці, якія адданыя яго каштоўнасьцям. Гэты можа выявіцца складаным з улікам таго, што беларускія ўлады нядаўна ўвялі абмежаваньні ў адносінах міжнароднай дапамогі субʼектам грамадзянскай супольнасьці. Тым не менш я лічу, што ЭЗ павінен прынамсі больш актыўна выказвацца пра імклівае здушэньне свабод, выразна выказваючы салідарнасьць з ахвярамі рэпрэсій і безумоўна асуджаючы арышты актывістаў, сябраў апазыцыі і кандыдатаў у прэзыдэнты»

Дакладчык таксама заявіў, што «глыбока занепакоены абуральнымі спробамі дзяржаўных чыноўнікаў і праўладных СМІ прадставіць фінансавую і тэхнічную дапамогу ЭЗ доказам таго, што ЭЗ аказвае падтрымку Лукашэнкі ці падае яму нейкі карт-блянш». Такія «зламысныя спробы дэзынфармацыі», на яго думку, «могуць паўплываць на імідж і палітычны рэйтынг ЭЗ, як унутры Беларусі, так і за яе межамі».

Аўштравічус лічыць, што ЭЗ павінен пачаць перагляд палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, у тым ліку «прадугледзець санкцыі ў дачыненьні да службовых асоб і іншых вінаватых у парушэньнях правоў чалавека і асноўных свабод, калі эскаляцыя гвалту не аслабне, а прэзыдэнцкія выбары будуць праведзены ў катастрафічных абставінах».

«Прымаючы пад увагу важнасьць і ўлічваючы хуткае пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі, я заклікаю вас неадкладна адрэагаваць, накіраваўшы выразны і рашучы сыгнал беларускім уладам», — заклікаў эўрапарлямэнтар вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпа Барэля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG