У Новай Зэляндыі больш няма інфікаваных каранавірусам

Апошні пацыент, які лячыўся ад COVID-19, у нядзелю быў абвешчаны здаровым. На працягу апошніх двух тыдняў у краіне ня выявілі ніводнага выпадку заражэньня.

У панядзелак Новая Зэляндыя адмяняе ўсе абмежаваньні, зьвязаныя з эпідэміяй, за выключэньнем аднаго: межы застануцца пакуль закрытымі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Карантын у краіне быў уведзены 25 сакавіка, у канцы красавіка абмежаваньні пачалі паступова здымаць.

Усяго ў Новай Зэляндыі было выяўлена 1504 інфікаваных каранавірусам, 22 зь іх памерлі, астатнія акрыялі.

Новая Зэляндыя стала найбуйнейшай краінай, якая пазбавілася (прынамсі на нейкі час) ад каранавірусу. У Эўропе аб завяршэньні эпідэміі было абвешчана ў Чарнагорыі. Да нуля набліжаецца колькасьць інфікаваных у Ісьляндыі, Славеніі і Харватыі.

Колькасьць інфікаваных у сьвеце, аднак, працягвае расьці: у дзень іх дадаецца больш за 100 тысяч, галоўным чынам за кошт ЗША і краін Лацінскай Амэрыкі. Агульная колькасьць выпадкаў заражэньня ў сьвеце з пачатку эпідэміі, паводле зьвестак Унівэрсытэту Джонза Гопкінза, перавысіла 7 мільёнаў. Памерлі больш за 400 тысяч чалавек і амаль 3,5 мільёна акрыялі.

​
XS
SM
MD
LG