Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці высокая імавернасьць заразіцца COVID-19 у чарзе на перадвыбарчым пікеце? Адказвае інфэкцыяніст


Чарга да пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня
Чарга да пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня

Ці павялічваюць рызыку захварэць на каранавірус тысячныя чэргі на перадвыбарчых пікетах у Менску і іншых гарадах краіны? Сытуацыю на просьбу Свабоды камэнтуе кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца катэдры дзіцячых інфэкцыйных хваробаў Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Іна Германенка.

Сьцісла

  • На сьвежым паветры рызыка заражэньня значна меншая, чым пры паездцы ў грамадзкім транспарце ці пры непасрэдным кантакце бяз сродкаў засьцярогі.
  • Аднак рызыка існуе: людзі павінны трымаць дыстанцыю і надзяваць маскі, калі яны размаўляюць паміж сабой.​
  • Калі зьбіральнік подпісаў у пальчатках і масцы, то небясьпека вельмі малая.
  • Аднак трэба заўсёды апрацоўваць рукі дэзынфэкцыйнымі сродкамі або мыць іх з мылам, а да таго — не дакранацца да твару, ня церці вачэй і г. д.

Якая рызыка ў чарзе падпісацца

— Як бы вы ацанілі рызыку заражэньня ў гіганцкіх чэргах да пікетаў незалежных прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, якія мы назіралі ў мінулыя выходныя? Чым яна адрозьніваецца, напрыклад, ад паездкі ў грамадзкім транспарце? Усё ж прынамсі 10–20% людзей у чэргах ня маюць на тварах маскі, адлегласьць у два мэтры не захоўваецца.

— Я лічу, што на сьвежым паветры рызыка заражэньня значна меншая, чым пры паездцы ў грамадзкім транспарце ці пры непасрэдным кантакце бяз сродкаў засьцярогі.

Асноўная праблема і асноўная рызыка для заражэньня каранавірусам — калі ўзьнікае аэразоль з найдрабнейшых кропелек сьліны і трапляе на рызыкоўныя месцы. Гэта сьлізістая абалонка носа, горла і вачэй.

Іна Германенка
Іна Германенка

Цяпер мэдыкі ўжо ведаюць, што найбольш рызыкоўна блізка кантактаваць з хворым чалавекам — на адлегласьці менш як паўтара-два мэтры. І вось якраз у транспарце гэты аэразоль можа захоўвацца значна даўжэй, чым на адкрытым паветры. Даказана, што ў закрытым памяшканьні аэразоль можа заставацца ў паветры прынамсі 30 хвілін. А вось на вуліцы ён так доўга ў паветры не трымаецца — там вецер, рух людзей і машын.

Так што стаяць у чэргах на адкрытым паветры — гэта значна меншая рызыка, чым ехаць у грамадзкім транспарце або, напрыклад, знаходзіцца ў краме.

Зь іншага боку, калі людзі ў чарзе да перадвыбарчага пікету стаяць побач адзін з адным і размаўляюць паміж сабой бяз сродкаў засьцярогі, то рызыка заражэньня існуе. Бо гэта дастаткова блізкі кантакт. Людзі павінны трымаць дыстанцыю і надзяваць маскі, калі яны размаўляюць паміж сабой.

Калі ж гаварыць пра кантактную перадачу вірусу праз рукі — калі чалавек бярэцца за ручку дзьвярэй ці за іншыя прадметы, да якіх мог дакрануцца хворы чалавек, то тут, натуральна, рызыка існуе. Трэба заўсёды апрацоўваць рукі дэзынфэкцыйнымі сродкамі або мыць іх з мылам, а да таго — не дакранацца да твару, ня церці вачэй і г. д.

Афармленьне подпісу

— Чарга — гэта адна гісторыя, а афармленьне подпісу за таго або іншага кандыдата — іншая. Тыя, хто стаіць у чэргах, падыходзяць да сталоў, падаюць свой пашпарт, бяруць асадку і падпісваюць падпісныя лісты. Перапісчыкі сядзяць у масках і пальчатках, але вочы іх не абароненыя. За дзень зьбіральнікі подпісаў могуць патрымаць у сваіх руках некалькі сотняў пашпартоў, уладальнікі якіх могуць аказацца хворымі ці інфікаванымі. Наколькі тут вялікая рызыка перадачы вірусу здаровым удзельнікам перадвыбарчага працэсу?

— Я думаю, што для зьбіральніка подпісаў гэтая сытуацыя ніякай небясьпекі не нясе. Калі ён у пальчатках і масцы, то небясьпека вельмі і вельмі малая.

Толькі калі ён сваімі рукамі ў пальчатках пачне церці вочы ці нос або возьме і зьесьць яблык, тады зьяўляецца рэальная пагроза заражэньня.

Збор подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Гомлі, 31 траўня
Збор подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Гомлі, 31 траўня

— А для чалавека, які ўзяў асадку, каб падпісацца за таго або іншага кандыдата?

— Большасьць асадак вырабленыя з плястыку. Мы ведаем, што на плястыку вірус трымаецца даўжэй, чым, напрыклад, на паперы. Але гэтае пытаньне вельмі дыскусійнае. Нават калі сухія часьцінкі вірусу трапляюць на асадку, то і тут рызыка настолькі мінімальная, што ня мае прынцыповага значэньня для наступнага чалавека.

Бо, паўтараю, самая важная крыніца заразы — аэразоль, а самае небясьпечнае месца заражэньня — закрытыя памяшканьні. Да таго ж яшчэ патрэбныя і спрыяльныя ўмовы для вірусу — вільготнасьць, тэмпэратура і г. д.

Усе астатнія выпадкі — даволі адносная рызыка. Галоўнае — непасрэдны кантакт.

— Ці трэба зьбіральнікам подпісаў засьцерагаць вочы?

— Так, лепш гэта рабіць, напрыклад, надзець акуляры. Бо калі нехта хворы будзе размаўляць на вельмі блізкай адлегласьці і аэразольныя кроплі трапяць у вочы, тады рызыка існуе.

Але, у прынцыпе, і яна ня надта вялікая. Усё ж крамы, грамадзкі транспарт, працоўныя памяшканьні — значна больш небясьпечныя месцы.

Я, напрыклад, ня чула, каб у Беларусі людзі ў офісах выконвалі элемэнтарныя гігіенічныя правілы падчас эпідэміі, напрыклад, праціралі свой працоўны стол антысэптыкам. Вось гэта больш небясьпечна, чым збор подпісаў на сьвежым паветры — і для людзей, і для перапісчыкаў.

Збор подпісаў за Ганну Канапацкую ў Менску, 26 траўня
Збор подпісаў за Ганну Канапацкую ў Менску, 26 траўня

— Але вы ўсё ж сказалі, што на асадках ці на перададзеных перапісчыку пашпартах могуць застацца сухія часьцінкі вірусу.

— Так, могуць. Але для мінімізацыі рызыкі дастаткова апрацаваць рукі антысэптыкам ці памыць іх з мылам.

А вось калі чалавек пакінуў свой подпіс, не памыў рукі, пайшоў на Камароўскі рынак, пачаў каштаваць яблыкі ці вяндліну, дык тут рызыка будзе троху большая. Але зноў жа — гэта вельмі дыскусійнае пытаньне, дзе вірус застаецца даўжэй, на ручках ці на яблыках.

— Значыцца, ваша рэкамэндацыя — часьцей мыць рукі, у тым ліку і пасьля стаяньня ў чарзе да перадвыбарчага пікету?

— Так, абсалютна дакладна. Мыць рукі з мылам цалкам дастаткова. Галоўнае, трэба памятаць, што цяпер у любым грамадзкім месцы нельга дакранацца да твару. Нават калі вам вельмі сьвярбіць у носе, ня трэба да яго дакранацца, калі чэшацца вока — ня трэба да яго дакранацца. Лепш перацярпець.

І трэба зьменшыць знаходжаньне ў грамадзкіх месцах. Знаходзіцца на вуліцы, на сьвежым паветры — вельмі карысна і бясьпечна. Але трэба пазьбягаць натоўпаў людзей у гандлёвых цэнтрах і іншых закрытых памяшканьнях, такіх як, напрыклад, той жа крыты Камароўскі рынак.

На адкрытым жа паветры асаблівай рызыкі няма. Мы, наадварот, заклікаем людзей больш бываць на сьвежым паветры.

Падчас затрыманьняў рызыка заражэньня павялічваецца і для міліцыянтаў, і для пікетоўцаў

— Пачатак выбарчай кампаніі паказаў, што маюць месца і больш шчыльныя кантакты паміж людзьмі. Я маю на ўвазе затрыманьні ўдзельнікаў пікетаў, падчас якіх адбываюцца сутыкненьні і вельмі блізкі фізычны кантакт паміж пікетоўцамі і супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Міліцыянты рызыкуюць заразіцца?

— Натуральна. Бо гэта адбываецца ў эмацыйнай абстаноўцы, людзі больш эмацыйна і гучна размаўляюць, крычаць. І калі чалавек ужо мае ў сабе вірус, то ён яго больш актыўна перадае тым, хто знаходзіцца зь ім побач, у фізычным кантакце. Тут рызыка вельмі вялікая. Можна сказаць, што затрыманьні адбываюцца ў воблаку аэразолю, і некаторыя кропелькі могуць несьці ў сабе вірус.

Мала таго. Калі заражаны чалавек будзе затрыманы і зьмешчаны ў закрытае памяшканьне, дзе наўрад ці выконваюцца правілы гігіены, то рызыка хуткай перадачы вірусу вельмі павялічваецца. У тым ліку і для пэрсаналу такіх установаў.

Затрыманьне блогера Сяргея Ціханоўскага ў Горадні, 29 траўня
Затрыманьне блогера Сяргея Ціханоўскага ў Горадні, 29 траўня

На сёньняшні дзень у сьвеце шмат абмяркоўваецца праблема перадачы вірусу ў месцах зьняволеньня, напрыклад, у Злучаных Штатах. У турмах распаўсюджваньне вірусу адбываецца лявінападобна.

У такі час лепш людзям не абмяжоўваць свабоду, хай яны будуць пад кантролем, але жывуць у звычайным асяродзьдзі.
Рызыку і сур’ёзнасьць каранавірусу нельга недаацэньваць. Гэта вельмі цяжкая інфэкцыя.

* * *

Іна Германенка — інфэкцыяніст, аўтарка пяці кніг, займалася вывучэньнем вірусаў герпэсу і ВІЧ, пастаянная ўдзельніца міжнародных канфэрэнцый. Працавала загадчыцай катэдры інфэкцыйных хваробаў пэдыятрычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту і прарэктарам па лячэбнай працы гэтай ВНУ. Кандыдат мэдычных навук, дацэнт. Сем гадоў назад у сувязі зь сямейнымі абставінамі пераехала на сталае жыхарства ў Швэцыю. Працуе старшым лекарам дзіцячага аддзяленьня бальніцы гораду Трэлеборг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG