Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусаў паліцэйскім гвалтам не зьдзівіць». Беларускі з Лос-Анджэлесу і Мінэапалісу аб пратэстах у ЗША


Затрыманы пратэстовец глядзіць з паліцэйскага аўтобуса. Нью-Ёрк, 4 чэрвеня 2020
Затрыманы пратэстовец глядзіць з паліцэйскага аўтобуса. Нью-Ёрк, 4 чэрвеня 2020

У выходныя ў ЗША і гарадах па ўсім сьвеце адбыліся шматтысячныя акцыі пратэсту супраць паліцэйскага гвалту і расізму. У Злучаных Штатах гэтыя пратэсты не спыняюцца ад канца траўня, калі ў Мінэапалісе пасьля затрыманьня белым паліцыянтам памёр афраамэрыканец Джордж Флойд.

Гэтая сьмерць прывяла ня толькі да мірных акцыяў пратэсту, але і да беспарадкаў: у Мінэапалісе пасьля сьмерці Флойда былі разгромленыя і спаленыя дзясяткі будынкаў, разрабаваныя крамы, затым хваляваньні перакінуліся на іншыя гарады ЗША.

Пандэмія каранавірусу, якая да падзеяў у Мінэапалісе была галоўнай тэмай усіх сусьветных СМІ, саступіла месца навінам аб шэсьцях удзельнікаў руху Black Lives Matter і пагромах.

Алена Радкевіч і Марк Крутаў пагутарылі зь дзьвюма беларускамі з розных гарадоў ЗША — Мінэапалісу на поўначы краіны і Лос-Анджэлесу на захадзе.

Вітаслава, Лос-Анджэлес

Вітаслава Раманенка
Вітаслава Раманенка

Вітаслава Раманенка жыве ў Лос-Анджэлесе, куды пераехала ў 2015 годзе. «Гэта быў сьвядомы выбар месца, бо мне імпануе, што тут „ёсьць усё, што можна толькі ўявіць“, а людзі настолькі розныя, што немагчыма быць „незвычайным“, бо тут усё і ўсе — асаблівыя», — кажа яна. Паводле адукацыі Вітаслава мастацтвазнаўца, у Беларусі была тэлежурналісткай, працавала з дакумэнтальным кіно, займалася інфармацыйнымі тэхналёгіямі. Цяпер стварае ўласную галерэю для фота- й дызайн-мастакоў, прадусар кінавытворчасьці.

Карантын і камэнданцкая гадзіна

— Лос-Анджэлес ня стаў гэтым разам, як здараецца часта, ініцыятарам гэтага забурэньня, дый, здаецца ня самыя страшныя сутычкі адбываліся тут. Я б зьдзівілася, калі б нічога зусім у нас не было, бо гэта адзін з найбуйнейшых гарадоў, тут прадстаўлена багата розных сацыяльных ды этнічных групаў, і народ любіць выступаць за ўсё, што лічыць вартым голасу.

Я жыву ў ваколіцах Лос-Анджэлесу, троху далей ад густанаселеных раёнаў, дзе праходзілі асноўныя сутычкі. У нас пад гарамі ціха, пагроза толькі ад мядзьведзяў, але нават тут «патыхала паленым». Усе мабільныя тэлефоны адначасова ўжо колькі дзён страшэнна вібруюць каля трэцяй гадзіны папаўдні, нагадваючы, што ў нас дзейнічае камэнданцкая гадзіна. Практыка паведамляць пра надзвычайнае становішча праз СМС на тэлефоны ўсім адначасова была ўведзеная ў сувязі зь землятрусамі, якія тут часта бываюць — цяпер яна выкарыстоўваецца для каранавіруснага інфармаваньня ды вось цяпер, у сувязі з паўстаньнем.

Нам, аднак, да нядаўняга часу можна было ехаць па працоўных справах ці іншых патрэбах, хаця крамы зачыняліся ўвечары а шостай. Рэстараны не працуюць даўно, яшчэ ад пачатку карантыну, так што людзям асабліва няма куды хадзіць. Але з прычыны таго, што падзеі распаўсюджваліся хутка й не аціхалі, ужо пачалі сачыць строга, арыштоўваюць усіх, хто ў цэнтры ходзіць пасьля дазволенага часу.

Рэзкія зьмены

— Жыцьцё зьмянілася вельмі рэзка. Падчас пандэміі я доўга не магла ўцяміць, пра якую гэта камэнданцкую гадзіну кажуць у Расеі на карантыне? Я не разумела, у чым сэнс жартаў пра сабак, зь якімі толькі і можна на вуліцу. У нас падчас карантыну такога не было нават блізка. Ну, прасілі не хадзіць там, дзе шмат людзей, ды каб рукі ўвесь час мылі. А цяпер — самая натуральная камэнданцкая гадзіна.

Я сама няшмат ежджу па горадзе цяпер, але гляджу тэлевізію, дзе 24 гадзіны йдуць трансьляцыі зь месцаў падзей. Я добра ведаю Лос-Анджэлес і бачу, што асноўныя сутычкі адбываюцца ў месцах, дзе заўсёды была крымінальна ці сацыяльна вострая сытуацыя. Гэта толькі тры-чатыры раёны на вялікі Лос-Анджэлес.

Уласныя назіраньні

— Што мне кінулася ў вочы падчас беспарадкаў. Больш інтэлігентная публіка стаяла з плякатамі ды здымала на тэлефоны. Часам здавалася, што яны ўсе сабраліся, каб зрабіць пасты ў сацсеткі. Але былі й такія, хто проста білі шкло вітрынаў, ламалі дзьверы крамаў ды цягнулі, што маглі. З таго, што паліцыя напачатку была зьбянтэжаная і не настолькі жорстка актыўная, такія марадэры зьяўляліся паўсюль. Маскі давалі ім уражаньне, што іх не пазнаць, энэргіі пасьля карантыну набралася багата, дадайце, што шмат хто сядзеў падчас карантыну бяз працы — вось і кацёл, гатовы выбухнуць. Тым болей што менавіта каляровая частка насельніцтва самая бедная, у іх шмат дзяцей, унутраныя ўласныя канфлікты — дык яны найбольш стаміліся ад гэтага карантыну. Вось яно й вылілася на вуліцы, я думаю.

Амэрыка ахопленая пратэстамі і пажарамі. Тлумачым, што адбываецца. ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00

Цалкам бясьпечна выходзіць на вуліцы, калі ты ня побач з актыўнымі раёнамі. Мая сяброўка жыве ў цэнтры гораду, дык езьдзіць па справах, і ніхто яе не спыняе. А іншага знаёмага арыштавалі, бо ён чакаў у машыне, пакуль паўзь яго пройдуць дэманстранты, стаміўся ды паехаў, а хтосьці з натоўпу абразіўся ды скочыў яму на капот. Тут паліцыя й арыштавала чалавека ў машыне за тое, што небясьпечна вёў сябе паміж людзей. У ЗША пешаход — галоўны заўсёды.

Паводле маіх назіраньняў, людзі падзяліліся на тых, хто рабуе, выпускаючы нянавісьць, хаваючыся за маскамі каранавірусу, на тых, хто стаіць з плякатамі ды тых, хто жыве па-ранейшаму. У маім асяродзьдзі, напрыклад, няма ні яўных сымпатый, ні антыпатый. Людзі асуджаюць паліцыю за тое, што ўчыніла з Джорджам Флойдам, і спадзяюцца, што цяпер будзе нейкая перамена, але таксама незадаволеныя тым, што робяць пагромшчыкі. Нават сям’я гэтага хлопца, які загінуў, папрасіла ўжо прытрымлівацца мірнага шляху.

А ў нядзелю ў Лос-Анджэлесе прайшла велізарная мірная маніфэстацыя з патрабаваньнем спыніць гвалт і расізм. Нацгвардыю паступова выводзяць з гораду, але мэр Лос-Анджэлесу заявіў, што «невялікая колькасьць падразьдзяленьняў» будзе знаходзіцца паблізу як найменш яшчэ два дні на выпадак надзвычайнай сытуацыі.

Гістарычна неспакойны Лос-Анджэлес

— Пра тое, што жыцьцё чарнаскурых мае вартасьць, гаварылі і раней, заўсёды, паўсюль. Дагэтуль дарослыя амэрыканцы памятаюць тыя часы, калі да афраамэрыканцаў ставіліся сапраўды агідна. Дый у гісторыі Лос-Анджэлесу былі паўстаньні, якія не забыліся — да прыкладу, беспарадкі 1992 году сталі аднымі з самых жорсткіх у сучаснай гісторыі ЗША.

Але асабіста мне здавалася, што цяперашняе жыцьцё больш-менш спакойнае. Пераехаўшы ў ЗША, я спачатку працавала кіроўцай таксі — дык паглядзела зблізку на жыхароў Лос-Анджэлесу, нават навучылася адрозьніваць людзей паводле сацыяльных ды этнічных спэцыфічных рысаў.

Мне наогул цяжка дзяліць людзей на расы, групы, хоць, натуральна, мы розныя. А некаторыя групы маюць такую спэцыфіку, што дагэтуль жывуць сваімі коламі, сваёй культурай. Мэксыканцы, азіяты, афраамэрыканцы, габрэі з былога СССР, іранскія і савецкія армяне — тут, у Лос-Анджэлесе, так заведзена. Ну, і атрымліваецца, што культурныя прынцыпы адной групы незразумелыя для іншай.

Не магу не параўноўваць зь Беларусьсю

— Хоць і дыялёг мае месца. У сродках масавай інфармацыі. І права на пратэст застаецца. На мінулым тыдні СМІ крытыкавалі Трампа за тое, што ён разагнаў дэманстрантаў газам, бо яму трэба было сфатаграфавацца перад царквой. Так і казалі: «Ён закрануў права грамадзян на пратэст».

Затрыманьні на пікетах 7 чэрвеня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:28 0:00

Гэта не да тэмы, але, вядома ж, назіраючы цяпер, што й якім чынам адбываецца тут, у ЗША, ды ў Беларусі... Здаецца, што тут наогул кіруе права народу на ўсё, а там — турма. Нават тое, як усё паказваюць онлайн! Мясцовыя каналы працуюць па абодва бакі, размаўляюць і з тымі, і з тымі. Тут наогул не існуе панятку «чый бок прыняць» (ну, калі гэта ня FOX, які за Трампа). Буйныя СМІ больш даюць камэнтары вуснамі запрошаных экспэртаў, якія таксама прадстаўляюць розныя бакі. Я не магу ня думаць і не параўноўваць гэта з тым, як працуюць СМІ ў Беларусі.

Я не адчуваю ніякай небясьпекі. Гэта выглядае троху дзіўна, але мае амэрыканскія сябры больш непакояцца наконт сутычак кагосьці з паліцыянтамі, чым я. Для іх гэта нячастая зьява. А мяне паліцэйскім гвалтам не зьдзівіць: шмат чаго давялося пабачыць у Беларусі.

Тацяна, Мінэапаліс

Тацяна Мельнік
Тацяна Мельнік

Лекар зь Мінэапалісу Тацяна Мельнік прыехала ў ЗША зь Менску амаль 30 гадоў таму. Працуе ў жаночай кансультацыі ў клініцы пры тым жа ўнівэрсытэце Мінэсоты, дзе атрымала мэдычную адукацыю. Для амэрыканскіх лекараў барацьба з каранавірусам ускладнілася наступствамі масавых акцый пратэсту. Гаворка ня толькі пра тых, хто непасрэдна пацярпеў падчас пратэстаў, але і пра людзей, якія маглі заразіцца COVID-19 на шматтысячных маніфэстацыях.

Як зьмянілася праца дактароў

— Са зьяўленьнем каранавірусу мая праца зьмянілася. Я працую ў асноўным у амбуляторыі, не ў шпіталі. Мы спачатку ня ведалі толкам, што нам рабіць. Хто захварэў, хто небясьпечны, хто не небясьпечны? Таму на ўсялякі выпадак усе клінікі проста зачынілі і перавялі нас на тэлемэдыцыну, зь якой мы да гэтага працавалі пастолькі-паколькі. То бок мы адказвалі на пытаньні пацыентаў, але праводзіць тэлефонныя ці нават відэакансультацыі не маглі.

У сярэдзіне сакавіка ў нас адкрылася «віртуальная хуткая дапамога» — гэта сыстэма, калі пацыент тэлефануе дактарам, і яны праводзяць зь ім відэапрыём па нейкіх пытаньнях. У асноўным яны займаліся менавіта пацыентамі з сымптомамі COVID. Я таксама ўдзельнічала ў гэтай працы, таму што пацыентаў у мяне было мала, а «віртуальнай хуткай» патрэбная была дапамога. Можна сказаць, што я пайшла добраахвотнікам на віртуальны «кавідны» фронт.

Рэакцыя на сьмерць Джорджа Флойда

— Рэакцыя грамадзтва была досыць хуткая. Літаральна на наступны дзень пачаліся пратэсты і выступленьні супраць паліцыі з патрабаваньнямі прыняць нейкія меры супраць паліцэйскіх, якія ўдзельнічалі ў затрыманьні, падчас якога загінуў Джордж Флойд. Гэта досыць хутка перарасло ў беспарадкі і марадэрства. Ужо ў сераду, 27 траўня, сытуацыя напалілася да такой ступені, што ў горадзе пачаліся пажары і рабункі.

У сераду яшчэ толкам ніхто не закрываўся, была надзея, што ўсё гэта скончыцца вельмі хутка. Але ў чацьвер стала ясна, што хутка нічога ня скончыцца. Прыкладна а чацьвёртай гадзіне дня, калі я працавала ў клініцы, прайшло ўказаньне — усім як мага хутчэй вызваліць усе памяшканьні. Мы імкнуліся даць магчымасьць людзям зьехаць да таго, як спыніцца транспарт. Аўтобусы спыніліся а шостай гадзіне вечара, руху па горадзе і сувязі паміж гарадамі не было наогул. Перасталі езьдзіць трамваі. Таму клініка паспрабавала даць магчымасьць усім зьехаць да таго, як транспарт спыніцца.

У чацьвер увечары мы зразумелі, што справа набірае абароты. І замест таго, каб адпачываць у пятніцу, я прыехала на працу. Частка пэрсаналу з нашага аддзяленьня зрабіць гэтага папросту не змагла.

Хто і для чаго выходзіць на вуліцы ў ЗША? Спрабуем разабрацца
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:13 0:00

У пятніцу клініку зачынілі вельмі хутка. Яшчэ раніцай у нас былі пацыенты, але потым нам сказалі: «Усё, едзьце». Мы зачынілі шпіталь, туды маглі зайсьці толькі пацыенты, прычым у іх павінны былі быць важкія доказы таго, што ім неабходная мэдычная дапамога. У нас працавала, па сутнасьці, толькі машына хуткай, прыяжджалі жанчыны, якія пачыналі нараджаць, якім дзявацца абсалютна не было куды.

Я ведаю, што як мінімум два шпіталі — гэта вялікая клініка ў Сэнт-Поле і вельмі вялікая ў Мінэапалісе — практычна цалкам перапрафіляваліся ў той дзень на аказаньне дапамогі тым, хто пацярпеў падчас беспарадкаў.

Беспарадкі і COVID-19

— Ці прывялі масавыя пратэсты да росту колькасьці выяўленых носьбітаў вірусу? Цяпер яшчэ рана пра гэта казаць, бо ўсё гэта пачалося ня так даўно. Празь нейкі час мы можам убачыць усплёск. Інкубацыйны пэрыяд каранавірусу — каля 5–7 дзён, гэта значыць, неўзабаве мы павінны ўбачыць большую колькасьць заражаных, і мы, натуральна, будзем назіраць за статыстыкай. Яшчэ прыкладна 7 дзён займае працяг хваробы да неабходнасьці шпіталізацыі, то бок рост новых паступленьняў у шпіталі і, магчыма, нават сьмерці мы ўбачым прыкладна празь некалькі тыдняў. У тым, што сярод пратэстоўцаў будуць заражаныя, я не сумняваюся. Ужо цяпер у «віртуальнай хуткай дапамозе» ёсьць пацыенты, якія былі на пратэстах і адчуваюць сымптомы. Пазьбегнуць заражэньня ў такім натоўпе досыць складана.

Акрамя гэтага, на жаль, у нас былі хворыя і заражаныя парамэдыкі і пажарныя. Сярод гэтых беспарадкаў ім было вельмі цяжка арыентавацца. Дыспэтчары намагаліся сабраць інфармацыю па выкліках, ці няма там заражаных, але яны не заўсёды маглі атрымаць зьвесткі. Людзі тэлефануюць у паніцы, ім патрэбная дапамога проста цяпер, і яны нават ня думаюць, што могуць ставіць у небясьпеку тых, хто прыедзе ім гэтую дапамогу аказваць. Таму шмат хто прыяжджаў бяз сродкаў індывідуальнай абароны ў той дом, дзе хтосьці хварэў.

Карантын і вулічны пратэст

— У Штатах зь вельмі даўніх часоў выступы за грамадзянскія правы насельніцтва лічацца вельмі сурʼёзнай справай. Ці магу я раіць жыхарам выходзіць на пратэсты? Не. Але ў той жа час я магу зразумець іх жаданьне выказаць сваю думку з дапамогай такіх пратэстаў. Таму мая задача як лекара тут — пастарацца даць нейкія парады, як яны могуць засьцерагчы сябе, улічваючы сытуацыю з каранавірусам.

Я і сама зьбіраюся ўдзельнічаць у пратэсьце, які арганізуюць менавіта для мэдычных работнікаў, таму што мы бачым на свае вочы, што адбываецца з нашымі пацыентамі, у тым ліку з пацыентамі з чорных супольнасьцяў, у якіх калясальныя праблемы са здароўем. Пры гэтым, так, усім удзельнікам нашай акцыі сказалі ў абавязковым парадку быць у масках і знаходзіцца адзін ад аднаго на адлегласьці двух мэтраў.

Мне было вельмі страшна

— Што тычыцца беспарадкаў, я шчыра скажу, што было вельмі страшна. Было пачуцьцё, што ўсё гэта прыйдзе да нас у клініку. Паліцыя адсутнічала, было наогул незразумела, што адбываецца і чаму. Празь нейкі час мне давялося проста выключыць эмоцыі. Рэагаваць з эмоцыямі — гэта нармальна, але заставацца ў тым жа эмацыйным напале бясконца нельга, трэба ўключаць галаву і аналізаваць.

Для мяне галоўным было пытаньне: чаму гэта наогул адбываецца? Чаму я разумею, што ЗША нібыта краіна роўных правоў, але ў той жа час шмат людзей, маіх пацыентаў, кажуць мне, што правы, у прынцыпе, не для ўсіх аднолькавыя? Замест таго каб казаць ім: «Вы ня маеце рацыі, усё насамрэч выдатна», — я спрабую іх зразумець, я спрабую пачуць іх гісторыі. Пакуль мы не навучымся слухаць адзін аднаго і рабіць нешта ў гэтай сувязі, дапамагаць адзін аднаму, Амэрыцы будзе вельмі цяжка, — сказала Тацяна Мельнік у інтэрвію Радыё Свабода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG