Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міліцыянт заявіў, што яго прынялі за аднаго зь «людзей у цывільным» і закідалі ў сацсетках пагрозамі


Затрыманьне блогера Сяргея Ціханоўскага ў Горадні, 29 траўня
Затрыманьне блогера Сяргея Ціханоўскага ў Горадні, 29 траўня

Нараджэнец Пінску, які працуе ў Менску кухарам, 22-гадовы Ягор Пузынін расказаў Tut.by, што яго памылкова пазналі як аднаго з удзельнікаў затрыманьняў на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.

Паводле Пузыніна, у адным з Telegram-каналаў зьявіліся зьвесткі пра тое, што ён быў адным зь міліцыянтаў у цывільным адзеньні. Пасьля ягоныя сацсеткі завалілі абразамі і пагрозамі, «за дзесяць хвілін прыйшло звыш ста паведамленьняў». Акрамя яго, сьцьвярджае Пузыкін, пісалі і ягоным знаёмым, яго маці.

Яшчэ 30 траўня ён разам з маці падаў заяву ў міліцыю — кажа, «справай заняўся СК», распачаў крымінальную справу.

Такая ж куртка і падобны гадзіньнік

Мужчына сьцьвярджае, што звольніўся зь міліцыі яшчэ летам 2019 году, а ў лютым 2020-га пераехаў у Менск, і вечарам 29 траўня (падчас затрыманьняў на пікеце ў Горадні) быў зь сям’ёй дома і «не зразумеў, што адбываецца». У сеціве знайшлі ягонае фота 2019 году, на якім ён носіць такую ж куртку і падобны гадзіньнік да таго, што насіў адзін з удзельнікаў затрыманьняў. На кадрах з затрыманьняў падобны «чалавек у цывільным» носіць маску і панаму, твар не разабраць.

Пузыкін расказвае, што зьяўляецца прафэсійным спартоўцам, зь дзяцінства займаўся барацьбой, трэнэр паводле адукацыі. Служыў у войску, пасьля працаваў у Дэпартамэнце аховы Міністэрства ўнутраных справаў у Пінску, але пасьля пераезду ў Менск стаў працаваць кухарам у страўні, дзе робяць шаўрму. У Горадні ён апошні раз быў 6 ці 7 гадоў таму, дадае Пузыкін.

Ён таксама расказвае, што пасьля таго, як падаў заяву ў міліцыю, зьвязаўся з аўтарам Telegram-каналу, дзе яго «пазналі», і напісаў у чаце каналу, прадставіў зьвесткі пра лякацыю свайго тэлефону ў момант затрыманьняў. Яму паверылі ня ўсе.

Пра Ціханоўскага ня чуў

Паводле Пузыкіна, хтосьці ў чаце казаў яму: «Мы паверым табе толькі калі пойдзеш і прагаласуеш за Ціханоўскага», а пра Ціханоскага ён ня чуў, бо «яго не цікавіць палітыка».

Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году яшчэ не пачалося, цяпер ідзе збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў. Сяргей Ціханоўскі хацеў зьбіраць подпісы і стаць «кандыдатам пратэсту», але ягоную групу не зарэгістравалі праз адсутнасьць аднаго з подпісаў — самаго Ціханоўскага на той момант затрымалі, доўгі час не пускалі да яго адваката. У выніку зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай — цяпер подпісы зьбіраюць за вылучэньне яе.

Хто такія «людзі ў цывільным»

Беларускія законы не абавязваюць праваахоўнікаў насіць форму падчас масавых акцыяў або падчас затрыманьняў. Нярэдка затрыманьні палітыкаў і актывістаў праводзяць людзі ў звычайным (цывільным) адзеньні.

Пры тым часта «людзі ў цывільным» не прадстаўляюць дакумэнтаў, не называюць падставаў затрыманьняў, кідаюць затрыманых у машыны без нумароў — усё выглядае як крымінальнае выкраданьне. Ці ўсе яны працуюць у праваахоўных органах і маюць права на такія дзеяньні, невядома. Да таго ж, праваахоўнікі пасьля не паведамляюць родзічам лёс затрыманых — нярэдка родзічы пішуць заявы пра выкраданьне.

Былы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч адмаўляўся спыніць такія затрыманьні, пры ім «людзі ў цывільным» выкарыстоўваліся толькі часьцей, актывісты сталі нават называць іх «шуняўкамі» па прозьвішчы міністра. Новы міністар унутраных справаў Юры Караеў, прызначаны летам 2019-га, пакуль не камэнтаваў дзеяньні «людзей у цывільным».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG