Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 2 траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
- «Белавія» з 2 траўня аднавіла палёты ў Мілян, загрузка рэйсу склала 60%.
- У шпіталях Беларусі занятыя амаль дзьве траціны месцаў, прызначаных для хворых з COVID-19 і пнэўманіямі.
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла дадзеныя распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі паводле стану на 2 траўня. Згодна са статыстыкай ведамства, зарэгістравана 15 828 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Гэта значыць, прырост за суткі склаў 911 выпадкаў. Колькасьць сьмерцяў — 97.
- Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан даў сыну, народжанаму 29 красавіка 2020 году, імёны Ўілфрэд Лоўры Нікалас. Імя Нікалас сын атрымаў у гонар двух лекараў, Ніка Прайса і Ніка Гарта, якія выратавалі Джонсану жыцьцё, калі ён звхварэў на COVID-19.
- Галоўная лекарка Стаўпецкай раённай лякарні Сьвятлана Глебка паведаміла журналістам, што за ўвесь час пандэміі COVID-19 праз раённую лякарню прайшлі 260–270 пацыентаў, хворых на пнэўманію. Але непасрэдна ад каранавірусу, нібыта, памерлі сем пацыентаў. Тым часам 27 красавіка галоўная рэдактарка мясцовай газеты пісала, што ў раёне ніхто ад пнэўманіі не памёр.
- У Гішпаніі колькасьць памерлых ад COVID-19 перавысіла 25 тысяч. Новых выпадкаў за суткі — больш за 2500.
- З 11 траўня 2020 візавыя цэнтры Польшчы ў Менску, Берасьці і Горадні часткова ўзнаўляюць прыём дакумэнтаў на выдачу віз у Польшчу, які быў прыпынены 17 сакавіка ў сувязі з захадамі супраць распаўсюду інфэкцыі COVID-19.
- Міністар будаўніцтва Расеі і яго намесьнік заразіліся каранавірусам.
- У Расеі падчас пандэміі два лекары «выпалі з акна».
- Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ і прэм’ер-міністар Нарвэгіі Эрна Сульбэрг падтрымалі заклік Эўракамісіі сабраць 7,5 мільярда эўра на распрацоўку агульнадаступнай вакцыны ад каранавіруса SARS-CoV-2.
- 9623 новыя выпадкі заражэньня каранавірусам выявілі за суткі ў Расеі, што стала новым сутачным рэкордам. Агульная колькасьць тых, хто заразіўся — 124 000. Усяго памерлі 1222 чалавекі.
- Мэр Масквы: Рэальна на COVID-19 хворыя 2% масквічоў.
- Каля тысячы індыйскіх студэнтаў, напужаных адсутнасьцю карантыну ў Беларусі, просяць вывезьці іх зь Беларусі на радзіму.
- Дзяржаўныя сродкі інфармацыі Паўночнай Карэі паведамілі пра першае зьяўленьне лідэра краіны Кім Чэн Ына за апошнія 20 дзён. 28 красавіка міністар па справах аб’яднаньня Кім Ён Чхоль патлумачыў, што Кім Чэн Ын не зьяўляецца на публіцы праз строгія меры, прынятыя для таго, каб не дапусьціць успышкі каранавірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ