Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць Мікіты Мелказёрава расьсьледуюць як ненаўмыснае забойства, — пракуратура


Мікіта Мелказёраў, архіўнае фота
Мікіта Мелказёраў, архіўнае фота

Варшаўская пракуратура пачала расьсьледаваць сьмерць журналіста Мікіты Мелказёрава паводле артыкулу аб ненаўмысным забойстве. Такі артыкул ужываюць, калі прычыну сьмерці яшчэ ня выявілі.

Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба паведаміў тэлеканалу «Белсат», што сёньня пачалося расьсьледаваньне справы аб ненаўмысным забойстве:

«Гэта традыцыйная фармулёўка, якая даецца ў сытуацыях, калі прычына сьмерці невядомая. Будзе праведзенае анатамаваньне — мы ня ведаем, калі дакладна, магчыма, гэта будзе яшчэ да Калядаў. Не выключаю, што пасьпеюць да Новага году».

Прадстаўнік пракуратуры адзначыў, што праваахоўныя органы будуць абнародаваць толькі тыя зьвесткі ў гэтай справе, якія адпавядаюць інтарэсам сям’і нябожчыка:

«Цела ў цяперашні момант застаецца ва Ўстанове судовай мэдыцыны Варшаўскага мэдычнага ўнівэрсытэту, і гэтая ўстанова будзе выконваць ускрыцьцё. З увагі на зацікаўленасьць мэдыяў мы будзем імкнуцца абнародаваць зьвесткі, якія не супярэчаць інтарэсам сямʼі загінулага. Далейшыя працэсуальныя дзеяньні залежаць ад вынікаў судова-мэдычнай экспэртызы. Усё залежыць ад таго, што стане вядома пасьля ўскрыцьця».

Звычайна анатамаваньне праводзіцца цягам двух тыдняў.

«Магчыма, вынікі з’явяцца раней. Мы ўжо тэлефанавалі ў судмэдэкспэртызу з просьбай, каб зрабілі ўсё як мага хутчэй», — сказаў Скіба.

Ён таксама паведаміў, што пакуль у сувязі са сьмерцю была апытаная толькі ўдава Мікіты і што галоўная вэрсія сьледзтва цяпер — негвалтоўная сьмерць:

«На гэтым этапе мы бярэм пад увагу, што сьмерць магла адбыцца з натуральных прычынаў, але ўсё гэта праверым шляхам пасьлядоўнага збору доказавага матэрыялу».

Журналіст, аўтар youtube-каналаў «Жыцьцё-малiна» і «Загляне сонца» Мікіта Мелказёраў памёр у ноч на 21 верасьня дома ў Варшаве. Яму было 37 гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG