Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці 200 чалавек пратэставалі супраць акумулятарнага заводу, нягледзячы на каранавірус


Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр», ілюстратыўнае фота
Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр», ілюстратыўнае фота

Апоўдні ў Берасьці на плошчы Леніна 22 сакавіка зноў сабраліся праціўнікі акумулятарнага заводу «АйПаўэр». Праваабаронцы налічылі агулам на плошчы больш за 200 чалавек, паведамляе БелаПАН.

З словаў удзельнікаў сустрэчы, яны больш баяцца «не каранавірусу, а сьвінцовага заводу».

«Каранавірус прыйшоў і сыдзе, а калі запусьцяць завод, сьвінец будзе труціць пастаянна нас і нашых дзяцей», — заявіла актывістка Людміла Карчэўская.

На некаторых актывістах былі мэдыцынскія маскі. Міліцыя папярэджвала ўдзельнікаў пра адказнасьць за несанкцыянаваную акцыю. Аб затрыманьнях не паведамляецца.

У Берасьці людзі пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.

Берасьцейскія ўлады дамагліся спагнаньня з «АйПаўэр» 5,7 мільёна рублёў у інавацыйны фонд, так як кампанія не пабудавала ў тэрмін акумулятарны завод. На гэта ёсьць пастанова суда. Аднак цяпер «АйПаўэр» спрабуе абскардзіць гэта рашэньне.

24 лютага 2020 года праектная дакумэнтацыя акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі была пададзеная на дзяржаўную экалягічную экспэртызу.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG