«Трывожна», але «паніцы не паддаюся», — Шушкевіч, Кустава, Канапацкая і Вольскі пра тое, як на іх жыцьцё ўплывае каранавірус
Спыталі вядомых беларусаў, ці мяняюць яны свае асабістыя і прафэсыйныя пляны праз пандэмію каранавірусу ў сьвеце.
Сьцісла:
- Станіслаў Шушкевіч, палітык: «У Польшчы да гэтага ставяцца больш сур’ёзна, чым у Беларусі».
- Ганна Канапацкая, палітык: «Наколькі наша ўлада гатовая прыняць гэты выклік?».
- Лявон Вольскі, музыка: «Адчуваецца трывожнасьць».
- Валярына Кустава, літаратарка, журналістка: «Да нас усё даходзіць зь вялікім спазьненьнем».
«Няма мукі, мыла, кансэрваў». Беларускі з Польшчы пра змаганьне краіны з каранавірусам
На 12 сакавіка ў Польшчы выявілі 47 выпадкаў каранавіруса. Урад прыняў рашэньне закрыць навучальныя ўстановы і прыпыніць масавыя мерапрыемствы.
Беларускі з Гданьску і Кракава расказваюць, як у суседняй краіне супрацьстаяць пандэміі.
Ад каранавірусу выздаравелі чатыры чалавекі ў Беларусі. Адзін хворы — у «стане сярэдняй ступені цяжкасьці»
Міністар здароўя Беларусі расказаў дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ, што па стане на 12 сакавіка ў Беларусі ўжо ў чатырох пацыентаў, у якіх выяўлялі COVID-19, тэсты цяпер далі адмоўныя вынікі.
Каранік адзначыў, што «былі выпадкі», калі людзі ўтойвалі, што езьдзілі ў раёны ўспышак каранавірусу і позна зьвярталіся да мэдыкаў. Колькі такіх выпадкаў было, ён не назваў, але згадаў адзін.
Той пацыент, якога ў Менску шпіталізавалі 9 сакавіка, быў «у ня вельмі добрым стане, у стане сярэдняй ступені цяжкасьці», кажа Каранік. І ён утойваў і ад дзяржаўных службоўцаў, і ад супрацоўнікаў прыватнага мэдычнага цэнтру «ЛОДЭ», што быў у Паўночнай Італіі, дзе фіксавалі ўспышку COVID-19 (утаіць удалося, бо ляцеў празь нямецкі Мюнхэн).
Вільня на пяць тыдняў закрывае дзіцячыя сады і школы
Віленскае гарадзкое самакіраваньне закрывае на пяць тыдняў усе адукацыйныя ўстановы і публічныя забаўляльныя месцы, паведамляе партал DELFI.
Мэрыя паведаміла, што, па ўказаньні кіраўніка адміністрацыі Павіласа Падзярскіса, ў чацьвер было вырашана спыніць усе мерапрыемствы ў закрытых памяшканьнях, у якіх удзельнічае больш за 100 чалавек. Таксама зь пятніцы будзе спыненая праца сталічных музэяў, кінатэатраў, спартклюбаў і іншых месцаў. З заўтрашняга дня да канца велікодных вакацый усе агульнаадукацыйныя ўстановы ў літоўскай сталіцы будуць зачыненыя — дзіцячыя садкі, школы, унівэрсытэты, адмяняюцца ўсе мерапрыемствы.
Як засьцерагчыся ад каранавірусу. Парады Сусьветнай арганізацыі здароўя
Большасьць людзей, якія хварэюць на COVID-19, маюць невыразныя сымптомы і папраўляюцца. Аднак здараюцца і больш сур’ёзныя выпадкі, зь цяжкімі праявамі хваробы. Вось парады Сусьветнай арганізацыі здароўя, як зрабіць усё магчымае, каб не захварэць. І ня толькі на каранавірус.
«Звычка працаваць хворым і заразным пасьля гэтай эпідэміі перастане мець месца» — доктар мэдычных навук
На пытаньні «Настоящего времени» аб распаўсюдзе каранавіруснай інфэкцыі адказаў прэзыдэнт расейскага Таварыства доказнай медыцыны, доктар мэдыцынскіх навук Васіль Уласаў.
— У сярэдзіне лютага былі надзеі на тое, што эпідэмія акажацца лякалізаванай у Кітаі, а за межы Кітая выйдуць толькі асобныя выпадкі. Але цяпер досыць відавочна, што эпідэмія будзе працяглай. Наколькі працяглай — ніхто ня ведае. Якая частка насельніцтва Зямлі будзе інфікаваная — ніхто ня ведае. Мы можам толькі гадаць пра тое, наколькі захады па стрымліваньні будуць эфэктыўнымі і наколькі пацерпіць эканоміка краінаў. Чым больш актыўныя будуць дзеяньні сыстэмаў аховы здароўя, тым большы будзе шкоды для эканомікі. Але калі ня быць дастаткова актыўнымі, то тады будзе шмат людзей хварэць, шмат паміраць, у рэшце, зноў наступіць вялікая шкода для эканомікі.
Цалкам чытаць ТУТ.
Найстарэйшая хворая на COVID-19 паправілася
103-гадовая кітаянка Чжан Гуанфэнь правяла шэсьць дзён у шпіталі ва Ўхані — горадзе, які стаў эпіцэнтрам эпідэміі каранавіруса. Мэдыкі тлумачаць, што жанчына хутка паправілася, паколькі яна ня мела дадатковых праблемаў са здароўем.
Адзінае, што выклікаў у яе каранавірус, гэта лёгкі бранхіт.
Чжан выпісалі з бальніцы і даставілі хуткай дапамогай дадому. 103-гадовая кітаянка на сёньняшні дзень зьяўляецца самым старым чалавекам, які акрыяў пасьля каранавіруснай інфэкцыі.
Раней у СМІ паведамлялася, што ўдалося вылечыць двух мужчын ва ўзросьце 101 і 100 гадоў. Другі зь іх меў таксама сардэчную недастатковасьць. Абодва лячыліся ў ваенным шпіталі ва Ўхані.
Шпіталізавалі групу студэнтаў БДУ, правяраюць на каранавірус
Міністэрства здароўя днём 12 сакавіка расказала пра «санітарна-эпідэміялягічныя мерапрыемствы» і «апрацоўку кантактаў другога ўзроўню» ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.
Цяпер унівэрсытэт працуе ў звычайным рэжыме, а хворых на COVID-19 сярод студэнтаў БДУ ня выявілі. Але групу студэнтаў, якіх аднесьлі да «кантактаў ІІ узроўню» (то значыць, тых, хто не кантактаваў з хворым шчыльна), шпіталізавалі ў шпіталь вэтэранаў для далейшых тэстаў на новы каранавірус.
Днём раней Telegram-канал «Отчислено» расказваў, што аднаго са студэнтаў БДУ шпіталізавалі з тэмпэратурай, а ў студэнтаў ІІ курсу спэцыяльнасьці «Міжнародныя адносіны», пісалі на канале, «бяруць мазкі проста ва ўнівэрсытэце».
«Белавія» спыніла палёты і ў Рым
Беларуская авіякампанія «Белавія» прыпыніла палёты між Менскам і Рымам ад 16 сакавіка да 15 красавіка. Раней кампанія прыпыняла палёты ў Мілян да 2 красавіка — цяпер прыпыненьне падоўжылі да 15-га. Іншых палётаў у Італію, дзе праз каранавірус увялі забароны на перамяшчэньні, кампанія ня ладзіць.
Тыя, хто ўжо купіў квіткі ў Рым ці Мілян на даты да 15 красавіка, могуць адзін раз бясплатна абмяняць квіткі на даты да 31 траўня або цалкам вярнуць грошы на месцы пакупкі квіткоў.
Мішусьцін: пагроза распаўсюджваньня каранавіруса ў Расеі зьведзена да мінімуму
Прэм’ер РФ Міхаіл Мішусьцін заявіў, што пагроза распаўсюджваньня каранавіруса ў Расеі зьведзена да мінімуму, падкрэсьліўшы вывераны характар мер, якія прымаюцца ўладамі.
«Усе падрыхтаваныя намі меры дакладна вывераны і абгрунтаваныя», — сказаў Мішусьцін, адкрываючы пасяджэньне ўрада. Ён нагадаў, што напярэдадні СААЗ афіцыйна абвясьціла пра пачатак пандэміі каранавіруснай інфэкцыі.
У Казахстане праз каранавірус адмяняюць усе масавыя мерапрыемствы, ВНУ пераходзяць на онлайн-навучаньне
Урад Казахстану прыступае да рэалізацыі спэцыяльных прэвэнтыўных захадаў, а ўсе масавыя мерапрыемствы адмяняюцца праз пандэмію каранавірусу, напісаў у твітэры кіраўнік дзяржавы Касым-Жамарт Такаеў.
Прэзыдэнт краіны таксама падкрэсьліў, што «перабояў з забесьпячэньнем грамадзянаў прадуктамі харчаваньня і таварамі першай неабходнасьці ня будзе». «Галоўнае — абарона здароўя нашых грамадзянаў. Разам мы ўсё пераадолеем», — адзначыў Такаеў.
Пазьней намесьнік прэм’ер-міністра Ералы Тугжанаў удакладніў, што з 13 сакавіка ў краіне ўводзіцца забарона на правядзеньне масавых спартовых мерапрыемстваў і канфэрэнцый. Тугжанаў дадаў, што «гульні не адмяняюцца», проста іх ня будуць наведваць гледачы.
Акрамя таго, намесьнік прэмʼер-міністра паведаміў, што з 16 сакавіка вышэйшыя навучальныя ўстановы Казахстану пяройдуць у рэжым онлайн-навучаньня — ацэньваць веды студэнтаў выкладчыкі будуць дыстанцыйна. Гэтая практыка будзе тычыцца і прафэсійна-тэхнічных вучэльняў.
Таксама Тугжанаў абвясьціў аб выхадзе школьнікаў на датэрміновыя вакацыі — яны працягнуцца з 16 сакавіка па 5 красавіка. Па словах віцэ-прэмʼера, у Казахстане няма зарэгістраваных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, паведамляе Настоящее время.
Мінздароўя прапанавала абмежаваць масавыя мерапрыемствы ў Беларусі ў сувязі з каранавірусам
Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік ня выключыў, што давядзецца абмежаваць правядзеньне масавых мерапрыемстваў у краіне. Ён заявіў, што ведамства працуе на прафіляктыку – каб не давялося «гасіць успышку».
«Акрамя таго, вельмі важна, каб грамадзяне, якія прыяжджаюць з-за мяжы, падвышалі сваю сьвядомасьць. Калі вярнуліся з краін, якія ня вельмі спрыяльныя па эпідэміялёгіі, здайце тэст, абмяжуйце свае кантакты, не наведваеце сталых сваякоў», – заявіў Каранік пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле яго, ва ўсіх абласьцях пераабсталяваныя адмысловыя мэдычныя карпусы, гатовыя да паступленьня хворых. Найперш гэта робіцца дзеля таго, каб пры паступленьні хоць аднаго хворага ня трэба было тэрмінова эвакуяваць увесь шпіталь.
«Нам удалося спакойна прайсьці гэты пэрыяд», — Лукашэнка пра каранавірус
Лукашэнка адзначыў станоўчую працу беларускіх мэдыкаў у барацьбе з каранавірусам. Пра гэта ён заявіў, прымаючы са справаздачай міністра здароўя Уладзімера Караніка.
Лукашэнка ўпэўнены, што для панікі з нагоды сытуацыі з каранавірусам COVID-19 «няма ніякіх падставаў».
«Я разумею, што нам удалося спакойна прайсьці гэты пэрыяд. Супакойвацца, вядома, нельга. Але і для панікі ў нас няма ніякіх падставаў», — казаў ён.
Лукашэнка удакладніў, што яго перш за ўсё хвалюе галоўнае пытаньне — кіравальнасьць сыстэмы.
«Кіравальнасьць заўсёды паказвае сябе і зьяўляецца лакмусавай паперкай у неардынарных выпадках. Нядрэнна працуе сыстэма аховы здароўя і лекары малайцы», — пахваліў ён мэдыкаў.
Разам з тым Лукашэнка прызнаў, што ёсьць і пэўныя недахопы. У прыватнасьці, звярнуў увагу на цэнаўтварэньне пры імпарце мэдабсталяваньня і лекаў, чым злоўжывалі асобныя службовыя асобы.
«Трэба было гэтыя цэны прыводзіць у пачуцьці — ня проста аддаваць рынку на водкуп. Канкурэнцыя — справа добрая, але ўсё ж мы павінны ведаць мінімальныя і максымальныя кошты па тым ці іншым абсталяваньні, асабліва дарагім. Наколькі атрымалася?» — паставіў пытаньне Лукашэнка.
Казахстан скароціць палёты ў Беларусь, але не адмяняе
Улады Казахстану, як піша BaigeNews.kz, вырашылі скараціць колькасьць палётаў беларускай кампаніі «Белавія», якія будуць прымаць у сваёй краіне: па маршруце Нур-Сулан – Менск з 6 да 1 на тыдзень, па маршруце Менск – Алматы з 4 да 1 на тыдзень. Колькасьць рэйсаў на расейскім напрамку не скарачаюць.
Казахстан таксама робіць іншыя захады, зьвязаныя з распаўсюдам каранавірусу: там скасоўваюць масавыя мерапрыемствы ,канфэрэнцыі і выставы, уводзяць санітарны рэжым у гандлёвых цэнтрах і на вакзалах, школьнікаў раней выпраўляюць на вакацыі, а студэнтаў пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Казахстане яшчэ не фіксавалі ніводнага выпадку COVID-19. Але выпадкі каранавірусу фіксавалі ў суседніх Кітаі і Расеі.
Індыя закрыла ўезд для турыстаў праз каранавірус
Улады Індыі ў сераду прыпынілі дзеяньне ўсіх турыстычных візаў да 15 красавіка і заявілі, што будуць зьмяшчаць у карантын падарожнікаў, якія прыбываюць з сямі краін,
заражаных вірусам, у рамках барацьбы з каранавірусам. Мера ўступае ў сілу 13 сакавіка, перадае AFP. Выключэньне зроблена для дыпляматычных віз, віз для міжнародных арганізацый і рабочых праектаў.
Усе падарожнікі, уключаючы грамадзян Індыі, «якія прыбылі або якія наведалі Кітай, Італію, Іран, Рэспубліку Карэя, Францыю, Гішпанію і Нямеччыну пасьля 15 лютага, будуць зьмешчаныя ў карантын на мінімальны тэрмін 14 дзён», гаворыцца ў заяве ўрада.
Кітай заявіў, што пік эпідэміі каранавіруса мінуў
Кітай перажыў пік эпідэміі каранавіруса, паведаміла Нацыянальная камісія па ахове здароўя ў чацьвер, перадае Reuters.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар камісіі Мі Фэн.
«Шчыра? Малюся». Як у Горадні паставіліся да першага выпадку каранавірусу ў горадзе
У Горадні 11 сакавіка выявілі першы выпадак новага каранавірусу. Аднак гарадзенцы захоўваюць спакой, сочаць за сытуацыяй, мыюць рукі і моляцца. Мы схадзілі ў месцы вялікага збору людзей і вось што пабачылі.
Усе, каго мы сустрэлі, ведалі пра выпадак каранавірусу ў Горадні і запэўнівалі, што мыюць рукі. Чалавека ў чорнай масцы сустрэлі толькі аднойчы, але юнак патлумачыў, што маска не ад вірусаў.
Сусьветныя рынкі адрэагавалі на навіну пра абвяшчэньне пандэміі
Індэкс Dow Jones панізіўся амаль на 6%, гэта найгоршы паказьнік ад сьнежня 2018 году.
Цэны на нафту не апусьціліся ніжэй за мінімальнае значэньне 9 сакавіка, калі гатунак Brent сягнуў ніжэй за 32 даляры за барэль, аднак наблізіліся да яго, затрымаўшыся на адзнацы 33,5 даляра.
У пачатку тыдня асноўныя сусьветныя біржы перажылі падзеньне. Каляпс выклікаў распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі ў сьвеце і правал перамоваў нафтавага картэля OPEC з Расеяй.
Краіны — экспартэры нафты не пагадзілася на дадатковае скарачэньне вытворчасьці, фактычна абваліўшы цэны на сыравіну. Па сутнасьці, пачалася цэнавая вайна паміж найбуйнейшымі ўдзельнікамі пагадненьня — Расеяй і Саудаўскай Арабіяй.
НБА і НХЛ могуць дачасна спыніць сэзон
Матч рэгулярнага чэмпіянату паўночнаамэрыканскай Нацыянальнай баскетбольнай лігі (НБА), у якім павінны былі сустрэцца «Аклахома» і «Юта», не адбыўся. Каранавірусам інфікаваны адзін зь лепшых гульцоў апошніх гадоў Рудзі Гобэр, ягоны тэст аказаўся станоўчым.
Афіцыйны твітэр каманды за некалькі гадзінаў да паядынку праінфармаваў, што ўдзел Гобэра пад пытаньнем. Пазьней высьветлілася, што баскетбаліст заразіўся менавіта COVID-19.
Пры гэтым адзначаецца, што гулец адчувае сябе нармальна.
Паводле інсайдэрскіх зьвестак, сэзон у НБА можа быць дачасна спынены.
Гэтаксама Нацыянальная хакейная ліга (НХЛ) з той жа прычыны можа прыпыніць рэгулярны чэмпіянат сэзону-2019/2020.
Дагэтуль разглядалася магчымасьць адносна трохтыднёвага перапынку, але няма гарантыі, што можна ўзяць распаўсюд каранавірусу пад кантроль ў такія сьціслыя тэрміны.
ЗША прыпыняюць допуск у краіну візытэраў з Эўропы
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў у сераду, што Злучаныя Штаты прыпыняць на месяц допуск у ЗША візытэраў з Эўропы. Выключэньне зробяць для Вялікай Брытаніі.
Гэтая забарона ўступіць у сілу ў пятніцу апоўначы. Прычына — хуткі распаўсюд каранавірусу ў Эўропе ўяўляе пагрозу для ЗША.
«Мы прыпынім усе візыты з Эўропы ў Злучаныя Штаты ў наступыя трыццаць дзён. Новыя правілы ўступяць у сілу апоўначы ў пятніцу. Гэтыя абмежаваньні будуць зьмяняцца ў адпаведнасьці з сытуацыяй», — абвясьціў прэзыдэнт Трамп, зьвярнуўшыся да нацыі. Гэтая забарона, паводле прэзыдэнта, таксама закране грузы, якія паступаюць у ЗША з Эўропы.
Назваўшы каранавірус «замежным» вірусам, прэзыдэнт раскрытыкаваў эўрапейскія сталіцы за тое, што яны не распачалі рашучых дзеяньняў для абмежаваньня распаўсюду віруса на кантынэнце. Некалькі ўспышак вірусу ў ЗША былі вынікам кантактаў амэрыканцаў зь візітэрамі з Эўропы, заявіў прэзыдэнт.
Трамп абвясьціў аб гатоўнасьці фэдэральных уладаў дапамагчы мясцовым уладам у гарадах і населеных пунктах, якія сталі ачагамі заражэньняў. Дзеля падтрымкі эканомікі ён унясе ў Кангрэс прапанову аб падатковых паслабленьнях для амэрыканцаў.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі прапанавала плян, згодна зь якім выдзяляць сродкі на правядзеньне бясплатнага тэставаньня па ўсёй краіне і на дапамогу тым, хто быў вымушаны прапусьціць працу ў выніку карантыну.