Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма мукі, мыла, кансэрваў». Беларускі з Польшчы пра змаганьне краіны з каранавірусам


Пустыя паліцы ў адной з крамаў Варшавы

На 12 сакавіка ў Польшчы выявілі 47 выпадкаў каранавіруса. Урад прыняў рашэньне закрыць навучальныя ўстановы і прыпыніць масавыя мерапрыемствы.

Беларускі з Гданьску і Кракава расказваюць, як у суседняй краіне супрацьстаяць пандэміі.

«Людзі дома сядзяць»

Антаніна скончыла Варшаўскі ўнівэрсытэт і жыве ў Гданьску. У Беларусь пакуль вяртацца не плянуе, бо не адважваецца падарожнічаць.

Антаніна
Антаніна

«У горадзе людзі скупляюць лекі, ужо няма мыла, антыбактэрыяльных геляў, — кажа дзяўчына. — У аптэках няма масак, лекаў ад галаўнога болю, тэмпэратуры. У крамах пуста. Няма ўвогуле нічога. Учора ўвечары ўсе паліцы былі пустыя — ні мукі, ні макароны, ні кансэрваў, ні папяровых сурвэтак».

«Тут сапраўды паніка», — кажа Антаніна. У горадзе закрылі тэатры, кінатэатры, музэі, басэйны і амаль усе спартовыя клюбы.

«Людзі дома сядзяць. Тыя, хто працуе ў кавярнях, таксама дома, бо ніхто ўжо туды ня ходзіць, там пуста», — кажа Антаніна.

«Усім здароўя, не хварэць і падарожнічаць, куды і калі хочацца!»

Зіна працуе ў ІТ-кампаніі і ўжо другі год жыве ў Кракаве. Яе кампанію на карантын не закрывалі, але супрацоўнікі могуць працаваць з дома.

Зіна
Зіна

«Да 25 сакавіка ў Польшчы закрытыя тэатры, музэі. Фэстывалі, канфэрэнцыі адмяняюцца. Дзеці ня ходзяць ні ў садкі, ні ў школы, — кажа Зіна — Таму шмат якія кампаніі дазваляюць супрацоўнікам працаваць з дома, каб мець магчымасьць быць зь дзецьмі ў гэты час і не перарываць працэсу распрацоўкі».

Зіна кажа, што для ІТ-сфэры ў аддаленай працы няма нічога надзвычайнага, і хоць для яе кампаніі гэта часовае рашэньне, але на сам працэс работы не ўплывае аніяк.

«У горадзе масава скупляюць туалетную паперу, ваду, мыла, антысэптыкі, — апісвае Зіна цяперашні Кракаў. — Запасы на паліцах папаўняюцца, але ўсё адно выглядае дзіўна».

Дзяўчына мяркуе, што людзі проста робяць запасы на той час, пакуль ня будуць працаваць закрытыя на карантын установы — каб як мага менш выходзіць з дома і не кантакаваць зь іншымі.

Крама ў Кракаве
Крама ў Кракаве

Паўсюль у горадзе тлумачаць, што трэба часта мыць рукі і як гэта правільна рабіць.

«Раяць не дакранацца да твару, як мага менш кантактаваць, не падарожнічаць. У прынцыпе, усё вельмі зразумела, — кажа Зіна. — Не магу сказаць, што тут ажыятаж наконт лекаў ці масак, але турыстаў значна менш. Цяпер можна ў любую кавярню ці рэстаран прыйсьці, і там будуць свабодныя месцы».

Крама ў Кракаве
Крама ў Кракаве

Пра сябе Зіна кажа, што ёй пашанцавала пазьбегнуць карантыну, бо нядаўна яна прастыла, вярнуўшыся з Францыі.

«Я зайшла ў клініку, і там мяне адразу спыталі, ці была я за мяжой. А я літаральна 15 дзён таму прыляцела з Францыі. Пашанцавала, бо калі б было менш за 14 дзён, то мяне б, магчыма, адправілі на карантын, — кажа яна. — Буду сядзець дома, на канфэрэнцыю не паеду, у Францыю мне таксама ня хочацца. Пакуль што ня буду на канцэрты, вечарынкі хадзіць. Дома кіно буду глядзець. Трошкі памяняю свой звыклы лад жыцьця».

Паўпустыя паліцы ў Кракаве
Паўпустыя паліцы ў Кракаве

Дзяўчына кажа, што і ў Беларусь ужо ня так проста адважыцца выехаць.

«Нават у Менск паехаць на 2 тыдні — і то няясна, што адбудзецца за гэты час. Раптам мяжу закрыюць? Кожны дзень нейкія навіны, адмяняюць авіярэйсы, нельга прыляцець у Штаты з Эўропы. Ня хочацца трапіць у такую сытуацыю, — разважае Зіна. — А так, вядома, хацелася б, каб усе здаровенькія былі і менш інфармацыйнага сьмецьця ўтваралася. Паніка, хваляваньні — зразумела, але ўсё ж не катастрофа. Хацелася б, каб усё хутчэй вярнулася ў звычайнае рэчышча».

«Усім здароўя, не хварэць, і падарожнічаць —— куды і калі хочацца!» — зычыць Зіна.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG