Акторы Том Гэнкс і Рыта Ўілсан заразіліся COVID-19
Уладальнік двух «Оскараў», амэрыканскі актор Том Гэнкс і ягоная жонка, акторка Рыта Ўілсан атрымалі станоўчыя вынікі тэстаў на новы каранавірус, калі працавалі над чарговым фільмам у Аўстраліі. Цяпер яны ізаляваныя, пад назіраньнем.
Гэта першыя зоркі такога ўзроўню, якія заразіліся COVID-19. І Гэнксу, і ягонай жонцы па 63 гады.
- На раніцу 12 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 126,4 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, каля 12,5 тысячы ў Італіі, каля 9 тысяч у Іране, каля 7,9 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 2,3 тысячы ў Францыі, каля 2,3 тысячы ў Гішпаніі, каля 2 тысяч у Нямеччыне, каля 1,3 тысячы ў ЗША.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 4634 чалавекі: 3169 у Кітаі, 827 у Італіі, 354 у Іране, 66 у Паўднёвай Карэі, 55 у Гішпаніі, 48 у Францыі, 38 у ЗША.
- Выпісалі здаровымі 68,3 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца каля 5,7 тысячы пацыентаў.
- У Беларусі пацьвердзілі 12 выпадкаў COVID-19, але трох пацыентаў (у іх ліку самы першы, студэнт БНТУ з Ірану) зьбіраюцца выпісваць як здаровых ужо на гэтым тыдні.
Праз каранавірус у Горадні адмовіліся ад масавага сьвяткаваньня Дня Волі
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў напісаў у сваім фэйсбуку, што сёлета ў Горадні масава ня будуць сьвяткаваць Дзень Волі.
Сьвяткаваньне адмянілі праз каранавірус
«Немагчыма адмовіцца ад сьвята, яно ёсьць апрыёры. Мы толькі пагадзіліся не рызыкаваць і не запрашаць людзей масава ў адно месца. Гэта адэкватны сытуацыі крок, думаю, што мы толькі першыя», — напісаў Свабодзе Саранчукоў.
Паводле Саранчукова, у арганізатары хацелі зрабіць на Дзень Волі: фатазоны, тэматычныя кропкі па горадзе, квэст па мясьцінах БНР. Частку актыўнасьцяў паспрабуюць зрабіць і сёлета, «але ў першапачатковым фармаце Фэст Незалежнасьці прыйдзецца адкласьці».
Хто прымаў рашэньне?
Рашэньне калектыўнае, сказаў Саранчукоў. Яго прымалі заяўнікі акцый і актывісты, гарадзенская каманда з розных арганізацый.
Сусьветная арганізацыя аховы здароўя абвясьціла, што распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце «можна ахарактарызаваць як пандэмію».
Як адзначае СААЗ, гэтае вызначэньне не мяняе ацэнкі пагрозаў, якія нясе хвароба, а таксама не мяняе дзеяньні арганізацыі і тое, што варта рабіць асобным краінам.
Набажэнствы не скасоўваюць, абразы дэзынфікуюць, — як царква і касьцёл рэагуюць на каранавірус
У Беларускай праваслаўнай царкве і Рыма-каталіцкім касьцёле ў Беларусі паведамілі, што пакуль не скасоўвалі масавых набажэнстваў і ня ўводзілі нейкіх асаблівых абмежаваньняў.
Беларускі спорт і каранавірус: карантын, скасаваньне турніраў, страчаныя ганарары
Алімпійскія гульні ў Японіі могуць адкласьці. У падвешаным стане хакейны чэмпіянат сьвету ў Швайцарыі. Няпэўнасьць вакол футбольнага Эўра-2020. Скасаваны тэнісны топ-турнір у ЗША і гэта ж можа напаткаць этап Кубкаў сьвету ў біятлёне ў Нарвэгіі.
Як цярпіць ад эпідэміі каранавірусу беларускі спорт і ці пагражаюць пустыя трыбуны ўнутраным чэмпіянатам?
«Узмоцнены кантроль». Як у дзіцячых садках берагуцца ад каранавірусу
Выпадкі новага каранавірусу ў Беларусі зафіксавалі 11 сакавіка ў Горадні і Гомлі. Раней двух чалавек з новым каранавірусам шпіталізавалі ў Віцебску. Агулам у Беларусі 12 выпадкаў заражэньня COVID-19. У суседніх Украіне і Польшчы ва ўсіх навучальных установах уводзяць карантын. Міністэрства здароўя Беларусі падобных захадаў не прымае. Мы пацікавіліся, як у дзіцячых садках берагуцца ад каранавірусу.
Як шпіталізавалі хворага на каранавірус у Гомлі. ВІДЭА
Станоўчы тэст на каранавірус пацьвердзіўся ў першага беларускага атлета: 20-гадовы спартовы акрабат Аляксей З. вярнуўся пасьля спаборніцтваў у Партугаліі, адчуў сябе кепска і быў шпіталізаваны ў Гомельскую інфэкцыйную лякарню.
Ва Ўкраіне ўсе навучальныя ўстановы на тры тыдні пераводзяць на карантын
Кабінэт Міністраў Украіны ўводзіць ува ўсёй краіне абмежавальныя захады ў сувязі з пагрозай магчымай эпідэміі каранавірусу, каб перадухіліць пашырэньне COVID-19.
Украінскі ўрад таксама прапанаваў абмежаваць масавыя захады з удзелам больш як 200 чалавек, а спартовыя спаборніцтвы з дазволу міжнародных арганізацыяў праводзіць без гледачоў.
«Белавія» скараціла рэйсы ў Ізраіль.
Ад 12 да 31 сакавіка «Белавія» скараціла дзьве траціны рэйсаў у Ізраіль: цяпер палёты ў Ізраіль будуць адбывацца толькі раз на тыдзень.
Паводле сайту Белавіі, у менавіта на гэты пэрыяд авіяцыйныя ўлады Ізраілю ўвялі абмежаваньні для ўезд для замежнікаў і людзей, якія ня маюць ізраільскага пасьведчаньня на жыхарства. Выключэньні складаюць:
Замежныя грамадзяне, якія маюць адмысловыя дазволы міністэрства па міграцыі ці міністэрства аховы здароўя Ізраілю;
Пасажыры-замежнікі, калі яны будуць знаходзіцца ў Ізраілі больш 14 дзён і змогуць пацьвердзіць магчымасьць праходжаньня хатняга карантыну паводле патрабаваньняў мінздароўя Ізраіля. Такім пасажырам трэба назваць адрас і нумар тэлефону асобы ў Ізраілі, які пацьвердзіць разьмяшчэньне ў хатнім карантыне.
Грошы за набытыя квіткі, якія трапляюць ў час абмежаваньняў, вярнуць цалкам ці перанясуць палёт да 31 траўня 2020 году.
На канцэрце італьянскага гурту ў Менску была санітарная служба. Гэта праз каранавірус у Італіі
Але беларусы пакуль ад канцэртаў не адмаўляюцца. Даведаліся ў арганізатараў музычных імпрэзаў, як яны працуюць ва ўмовах пашырэньня каранавірусу.
«А мяжа з Расеяй не кантралюецца». Ці каранавірус паўплывае на праймэрыз апазыцыі і Дзень волі?
У Беларусі працягваюцца праймэрыз — сустрэчы пяці імаверных прэтэндэнтаў у прэзыдэнты з выбарнікамі. Ці сітуацыя з каранавірусам уплывае на пляны апазыцыі правесьці «народнае галасаваньне»?
Каранавірус: што робіцца ў суседзяў Беларусі 11 сакавіка
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу абмяжоўваецца дзясяткамі ці нават адзінкамі хворых. Аднак некаторыя суседнія зь Беларусьсю краіны абвясьцілі пра адмысловыя захады, каб абмежаваць пашырэньне вірусу.
Казахстан адклікае зь Беларусі сваіх студэнтаў
Паводле тэлеканалу Astana TV, студэнтаў абавязваюць вяртацца зь Беларусі ў Казахстан за ўласныя грошы. Некаторыя бацькі абураюцца тым, што ў іх і саміх студэнтаў няма на гэта грошай, і настойваюць на цэнтралізаваным вяртаньні. Вярнуцца да наступнага чацьвярга маюць 50 чалавек.
Пацыент з каранавірусам наведваў мэдцэнтар «Ладэ» ў Менску
Пацыент, у якога выявілі каранавірус, у нядзелю 8 сакавіка, прыкладна з 9 10 гадзін раніцы абсьледаваўся ў сталічным мэдыцынскім цэнтры «Ладэ» на праспэкце Незалежнасьці. Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацьвердзілі ў Міністэрстве аховы здароўя і ў самім цэнтры «Ладэ».
У сераду раніцай усіх лекараў і наведнікаў, якія знаходзіліся ў мэдцэнтры «Ладэ» ў адзін час з пацыентам, у якога пазьней знайшлі каранавірус, павезьлі ў Бараўляны на карантын. Іх няшмат, бо быў выходны і сьвяточны дзень.
«Цяпер наш цэнтар працуе ў штатным рэжыме, прымаем усіх пацыентаў, якія прыходзяць на абсьледаваньне, на прыём да дактароў. Панікі няма», — сказалі Свабодзе ў «Ладэ».
У Кіеве на карантын закрываюць школы і дзіцячыя садкі
Кіеўскія ўлады з 12 сакавіка ўводзяць абмежаваньні, каб прадухіліць магчымае пашырэньне каранавірусу. Яны будуць дзейнічаць да канца сакавіка. Пакуль ва ўкраінскай сталіцы COVID-19 не фіксавалі — зафіксавалі толькі адзін выпадак у Чарнаўцах.
«Улічваючы глябальны характар сёньняшняга сьвету і дынаміку, зь якой распаўсюджваецца эпідэмія каранавірусу, у сталіцы існуе патэнцыйная пагроза надзвычайнай сытуацыі. Каб прадухіліць магчымае распаўсюджваньне захворваньня, улады сталіцы зацьвердзілі плян супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў», — заявіў мэр Кіева Віталь Клічко.
Паводле яго, часова будзе абмежаваны адукацыйны працэс і забясьпечанае дыстанцыйнае навучаньне ва ўстановах агульнай і вышэйшай адукацыі, а таксама ў мастацкіх і спартыўных школах ды дзіцячых садках Кіева.
«Гэта датычыцца і канцэртаў, канфэрэнцый і іншых мерапрыемстваў. Кінатэатры скасуюць паказы. Зачыненыя будуць забаўляльныя цэнтры, а ў гандлёвых цэнтрах уводзіцца ўзмоцнены кантроль і будуць дзяжурыць мэдыкі», — заявіў Віталь Клічко ў сваім відэазвароце.
Нагадваем
Афіцыйна ў Паўночнай Карэі каранавірусу няма. Але крыніцы кажуць іншае
Афіцыйна ў Паўночнай Карэі няма каранавіруса. Але паводле інфармацыі крыніц DailyNK, колькасьць памерлых ад хваробы салдат настолькі вялікая, што было вырашана не крэмаваць іх целы, а адразу хаваць у зямлі.
Паўднёвакарэйскі партал са спасылкай на крыніцу паўночнакарэйскай арміі напісаў, што 6 сакавіка ваенна-мэдыцынскі корпус па просьбе камандаваньня падрыхтаваў справаздачу аб узьдзеяньні віруса SARS-CoV-2. У студзені і лютым з сымптомамі каранавірусу памерла 180 салдат. 3,7 тысячы знаходзяцца на карантыне.
Каранавірус ужо ў Горадні. Гэта 12-ы выпадак у Беларусі
Жанчына прыбыла ў Горадню ў ноч з панядзелка на аўторак, ніякіх праяваў рэсьпіраторнай інфэкцыі ня мела. Першы тэст пацьвердзіў у яе наяўнасьць новага каранавірусу.
Цяпер 62-гадовая пацыентка шпіталізаваная, пад наглядам мэдыкаў. Таксама выяўляюць людзей, якія маглі зь ёй кантактаваць. Яна ўжо 12-я пацыентка з COVID-19 ў Беларусі.
Ці будзе карантын у Беларусі? Што з забаўляльнымі імпрэзамі і заняткамі ў школах
У Міністэрстве адукацыі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што рашэньне пра адмену заняткаў у школах, ВНУ і закрыцьцё садкоў павінна прыняць Міністэрства аховы здароўя, «калі будзе такая неабходнасьць».
«Цяпер усе працуюць у штатным рэжыме. Мы будзем трымацца парадаў Міністэрства аховы здароўя», — сказалі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
У Міністэрстве аховы здароўя на пытаньні карэспандэнта Свабоды пакуль не адказалі.
У Менгарвыканкаме сказалі, што «пакуль не было даручэньняў адмяняць масавыя імпрэзы ў горадзе з прычыны каранавірусу».
«Масавыя мерапрыемствы не адмяняюцца. Калі нешта такое будзе, то мы падрыхтуем прэс-рэліз», — сказалі ў прэс-службе.
У Вялікім тэатры опэры і балету спэктаклі з прычыны каранавірусу на бліжэйшы час не адмяняюцца.
Аднак праз каранавірус адмененыя гастролі аркестру тэатру ў Нямеччыну, якія плянаваліся 10 сакавіка на 20 дзён.