Ужо 11. Каранавірус выявілі яшчэ ў двух беларусаў: у Менску і Гомлі
Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла пра яшчэ два станоўчыя тэсты на COVID-19 у беларускіх грамадзянаў — жыхароў Менску і Гомля. Такім чынам, у краіне ўжо 11 выпадкаў новага каранавірусу.
У Нацыянальным аэрапорце «Менск» выявілі станоўчы тэст на COVID-19 у беларускага грамадзяніна, які вяртаўся з Партугаліі — яго шпіталізавалі ў Гомельскую абласную інфэкцыйную лякарню, праводзяць паглыблены паўторны аналіз. Ягоны стан задавальняльны. Таксама шпіталізавалі тых, хто прыбыў разам зь ім і хто сядзеў побач зь ім у самалёце — яны лічацца «кантактамі першага ўзроўню».
Акрамя таго, піша Мінздароўя, удакладняльная дыягностыка праводзіцца ў аднаго з пацыентаў у Менску, які «прыбыў зь Нямеччыны і ў момант праходжаньня мяжы схаваў факт знаходжаньня ў Паўночнай Італіі». Ці першы тэст на COVID-19 даў пазытыўны вынік, не ўдакладняецца, але колькасьць пацыентаў з новым каранавірусам у Беларусі за дзень павялічылася на два.
Алімпійскія гульні ў Токіё пад пагрозай адтэрміноўкі
Алімпіяду ў Токіё могуць перанесьці на год ці два, калі яе ня ўдасца правесьці праз эпідэмію каранавірусу. Пра гэта газэце The Wall Street Journal заявіў сябра выканаўчай рады аргкамітэту Гульняў Харуюкі Такахасі.
Раней магчымасьць правядзеньня летняй Алімпіяды-2020 без гледачоў абмяркоўвала Сусьветная арганізацыя аховы здароўя. Аднак, паводле Такахасі, фінансавы ўрон ад правядзеньня спаборніцтваў у адсутнасьць заўзятараў занадта вялікі.
МЗС Беларусі параіў устрымацца ад наведваньня Італіі і Ізраілю
Міністэрства замежных справаў Беларусі ў Facebook пераказала сытуацыю з карантыннымі захадамі ў Італіі і Ізраілі, а таксама параіла беларусам устрымацца ад наведваньня гэтых краінаў «у дадзены востры пэрыяд без асаблівай неабходнасьці».
Не дапускаюцца турыстычныя паездкі, а ў пасажыраў па прыбыцьці патрабуюць назваць абгрунтаваную мэту паездкі.
Беларуска расказала, што адбываецца ў закрытай на карантын Італіі
Італія, дзе больш за 10 тысяч чалавек захварэлі на новы каранавірус і звыш 600 чалавек памерлі ад яго, увяла татальны карантын. Беларуска Натальля, якая жыве ў паўднёвай частцы Сардыніі (італьянская выспа ў Міжземным моры), расказала карэспандэнту Свабоды, што адбываецца ў краіне.
«Крамы цяпер працуюць з панядзелка да пятніцы паводле скарочанага графіку. Пускаюць туды ад 20 да 40 чалавек адначасова. У чарзе ў краме трэба стаяць на дыстанцыі адзін-два мэтры адно ад аднаго. Усе бары і кавярні нібыта працуюць да 18 гадзін, але прыватнікі пераважна закрываюць іх з 11 сакавіка, бо ўсе разумеюць, што людзі ня будуць хадзіць. Кірмашы таксама закрываюць. Закрытыя дзіцячыя садкі, школы, трэнажэрныя залі. І я думаю, што на Сардынію нікога не ўпускаюць», — кажа Натальля.
Натальля сказала, што выходзіць з дому можна ў выключных выпадках. Каб паехаць у іншы горад, павінна быць прычына, напрыклад да доктара.
«Бо калі мяне паліцыя спыніць, я павінна назваць прычыну. А калі я выйшла проста пагуляць, то мяне могуць аштрафаваць на 206 эўра і яшчэ арыштаваць на тры месяцы. Каб паехаць, напрыклад, да доктара, трэба раздрукаваць адмысловую паперу, якую даюць у прэфэктуры, альбо мець яе ў электронным выглядзе».
«Францыя ў самым пачатку эпідэміі», — прэзыдэнт Макрон
Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон заклікаў французаў да «прагматызму». На гэты момант хвароба выяўленая ў 1784 чалавек, 33 зь іх памерлі.
Прэзыдэнт заклікаў суграмадзянаў «ясна і цьвяроза» усьведамляць небясьпеку і падкрэсьліў, што «поўная празрыстасьць» інфармацыі пра разьвіцьцё эпідэміі павінна суправаджацца грамадзкім спакоем.
Макрон паўтарыў тое, што гавораць эпідэміёлягі: 85% тых, хто заразіцца каранавірусам, перахварэюць у бяскрыўднай форме. Паводле прэзыдэнта Макрона, эпідэмія ня прывядзе да радыкальнай зьмены жыцьця краіны.
Візыт у шпіталь — чацьвёртая за 10 дзён публічная сустрэча Эмануэля Макрона, прысьвечаная распаўсюду вірусу COVID-19.
10 сакавіка каранавірусная інфэкцыя была выяўлена ў міністра культуры Францыі Франка Рыстэра. У папярэднія дні ён некалькі разоў наведваў Нацыянальны сход, дзе, як высьветлілася, захварэлі пяць дэпутатаў.
У Маскве да 10 красавіка забаранілі буйныя масавыя акцыі
Улады Масквы ўвялі забарону на правядзеньне масавых акцыяў з удзелам больш за 5 тысяч чалавек. Забарона зьявілася ў дзень, калі Дзяржаўная дума «абнуліла» тэрміны прэзыдэнцтва Ўладзімера Пуціна, супраць чаго выступіла апазыцыя.
На 21 і 22 сакавіка актывісты апазыцыі ў аўторак падалі ў мэрыю Масквы некалькі апавяшчэньняў аб правядзеньні мітынгаў супраць паправак да Канстытуцыі.
Прычынай забароны названая каранавірусная інфэкцыя. Згодна з указам, забароненыя спартыўныя, відовішчныя, публічныя і іншыя імпрэзы і акцыі. Улады Масквы ў сувязі з каранавірусам адмянілі сярод іншага асноўную праграму фэстывалю «Крымская вясна», прысьвечанага гадавіне анэксіі ўкраінскага Крыму.
- На раніцу 11 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 119,2 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,8 тысячы ў Кітаі, каля 10,1 тысячы ў Італіі, каля 8 тысяч ў Іране, каля 7,8 тысячы ў Паўднёвай Карэі, блізу 1800 у Францыі, каля 1600 у Нямеччыне, блізу 1000 у ЗША.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 4299 чалавек: 3161 у Кітаі, 631 у Італіі, 291 у Іране, 61 у Паўднёвай Карэі, 36 у Гішпаніі, 33 у Францыі, 31 у ЗША.
- Выпісалі здаровымі 66,6 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане каля 5,7 тысячы пацыентаў.
- У Беларусі пацьвердзілі 9 выпадкаў COVID-19, але трох пацыентаў (у іх ліку самы першы — студэнт БНТУ з Ірану) зьбіраюцца выпісваць як здаровых ужо на бягучым тыдні.
Праз каранавірус у Магілёве скасавалі тэатральны форум
У Магілёве праз каранавірус скасавалі правядзеньне 15-га Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М.@rt.контакт», адкрыцьцё якога было заплянавана на 21 сакавіка.
Магілёўскі аблвыканкам і арганізацыйны камітэт прынялі рашэньне яго адмяніць: у 9 краінах з 10 адкуль павінны прыехаць тэатральныя калектывы, зарэгістравалі распаўсюд каранавірусу. Форум адмянілі, каб мінімізаваць рызыкі.
Мэркэль: Каранавірус закране 60% немцаў
Ад 60 да 70 адсоткаў людзей у Нямеччыне будуць заражаныя каранавірусам, заявіла канцлерка ФРГ Ангела Мэркэль, якую цытуюць мясцовыя СМІ. З ацэнкай Ангелы Мэркэль пра колькасьць жыхароў Нямеччыны, якія будуць заражаныя каранавірусам, пагадзіўся міністар аховы здароўя краіны. Ён выказаў меркаваньне, што 80 працэнтаў заражаных вірусам ня будзе ведаць пра інфэкцыю і ня будзе мець сымптомаў хваробы.
Беларускія памежнікі правяраюць пашпарты ў пальчатках
«Мы ажыцьцяўляем усе працэдуры ўзмоцненага санітарна-карантыннага кантролю ўжо працяглы час. І што тычыцца дадатковых захадаў, якія ўводзяць нашы калегі ў іншых краінах, то ўсе гэтыя мерапрыемствы мы ўжо праводзім», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.
«Грамадзянам, якія едуць з краін зь неспрыяльнай санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыяй, выдаецца анкета, якую яны мусяць запоўніць.Таксама іх накіроўваюць у санітарна-карантынны пункт здаць аналіз», — сказаў Бычкоўскі. За мераньне тэмпэратуры ў падарожнікаў на беларускай мяжы адказваюць санітарна-карантынныя пункты.
Аналягічныя праверкі, зьвязаныя з каранавірусам, праводзяць і на мяжы з Украінай. «Што да ўчастку мяжы з Расеяй, то на ёй органы памежнай службы не прысутнічаюць і памежны кантроль там не праводзіцца», — сказаў Бычкоўскі.
Што адбываецца ў суседніх зь Беларусьсю краінах
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу абмяжоўваецца дзясяткамі ці нават адзінкамі хворых. Аднак некаторыя суседнія зь Беларусьсю краіны абвясьцілі пра ўвядзеньне адмысловых захадаў, каб абмежаваць пашырэньне вірусу. Чытаць падрабязьней
«Белавія» скасавала рэйсы ў Мілян. А ў Рым пакінула
«Белавія» абвясьціла аб прыпыненьні рэйсаў на маршруце Менск — Мілян — Менск ад 12 сакавіка да 2 красавіка ўключна.
Тым, хто купіў білеты на гэты час, могуць або цалкам вярнуць грошы, або бясплатна перанесьці палёт на дату да 31 траўня, або абмяняць квіток на рэйс Менск — Рым — Менск у межах тае ж клясы, як быў у квітку на Мілян. Абменьваюць ці вяртаюць білеты ў месцы куплі.
Палёты скасоўваюць у сувязі з забаронай ураду Італіі на ўезд і выезд з 15 правінцыяў у сувязі з успышкай новага каранавірусу. Прытым ад 10 сакавіка абмежавальныя захады, у ліку якіх забарона на перамяшчэньне, распаўсюдзілі на ўсю тэрыторыю Італіі. Камэнтаваць пашырэньне абмежаваньняў на Рым і далейшыя палёты ў сталіцу Італіі ў прэс-службе «Белавія» адмовіліся.
У Беларусі пацьвердзілі тры новыя выпадкі COVID-19, яшчэ двух пацыентаў вылекавалі
Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла, што ў трох пацыентаў, у якіх раней западозрылі новы каранавірус, пацьвердзілі інфэкцыю. Такім чынам у Беларусі фіксавалі ўжо дзевяць выпадкаў COVID-19.
Паводле міністэрства, у першага ў краіне пацыента з новым каранавірусам SARS-CoV-2, студэнта БНТУ з Ірану, ужо трэці вынік тэсту паказаў адсутнасьць інфэкцыі. Таксама ў двух пацыентаў, якія зь ім шчыльна кантактавалі, тэсты паказваюць адсутнасьць вірусу. Чакаецца, што ўсіх трох выпішуць са стацыянару ў канцы тыдня.
Раней паведамлялася, што ў трох людзей, аднесеных да «кантактаў І узроўню» (гэта значыць, яны шчыльна кантактавалі з інфэктаваным), выявілі падазрэньні на COVID-19. Пасьля трох тэстаў падазрэньні пацьвердзіліся. Мінздароўя адзначае, што «прэвэнтыўная ізаляцыя дадзеных пацыентаў і адэкватнае мэдычнае суправаджэньне дазволілі не дапусьціць далейшага разьвіцьця хваробы і распаўсюду захворваньня».
Як ранейшыя, так і новыя пацыенты адчуваюць сябе задавальняльна, маюць нармальную тэмпэратуру і ня скардзяцца на стан здароўя, сьцьвярджае міністэрства.
Італія пашырыла абмежаваньні на ўсёй сваёй тэрыторыі
Прэм'ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ абвясьціў аб пашырэньні абмежавальных захадаў, уведзеных некалькі дзён таму на поўначы Італіі, на ўсю тэрыторыю краіны.
У прыватнасьці, уводзяцца абмежаваньні на паездкі па Італіі, каб спыніць распаўсюджваньне каранавірусу.
«Ня будзе так званых „чырвоных зонаў“. Італія цалкам абвяшчаецца ахоўнай зонай з аўторка», — сказаў Контэ.
Журналісты адзначаюць, што абмежаваньні датычацца тых, хто знаходзіцца на карантыне. Пералік падстаў для паездак можа заставацца даволі шырокім.
У Італіі ў ноч на панядзелак за адзін дзень колькасьць заражаных людзей вырасла на 1807. Агульная колькасьць заражаных складае 9172. Колькасьць памерлых ад COVID-19 у Італіі складае 463.
- На раніцу 10 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 114,4 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,7 тысячы ў Кітаі, каля 9,2 тысячы ў Італіі, каля 7,5 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 7,2 тысячы ў Іране, блізу 1400 у Францыі, блізу 1200 у Нямеччыне, каля 700 у ЗША.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 4027 чалавек: 3136 у Кітаі, 463 у Італіі, 237 у Іране, 54 у Паўднёвай Карэі, па 30 у Францыі і Гішпаніі, 27 у ЗША.
- Выпісалі здаровымі 64 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане каля 5,7 тысячы пацыентаў.
- У Беларусі пацьвердзілі 6 выпадкаў COVID-19, яшчэ тры выпадкі не пацьверджаныя канчаткова, але першыя тэсты паказалі наяўнасьць вірусу.
Усіх, хто прыбывае ў Ізраіль, абавязалі прайсьці 14-дзённы карантын
Ізраіль распаўсюдзіў 14-дзённы карантын на ўсіх, хто прыяжджае ў краіну з-за мяжы, паведамляе Bloomberg. Такім чынам, улады спрабуюць спыніць распаўсюд каранавірусу.
Як паведамляе Бі-бі-сі, замежных грамадзяян гэта будзе тычыцца ад чацьвярга.
У міністра культуры Францыі выявілі каранавірус
У міністра культуры Францыі Франка Рыстэра выявілі каранавірус. Пра гэта паведаміла агенцтва France Presse са спасылкай на офіс міністра. На мінулым тыдні некалькі дзён правялі ў Нацыянальным сходзе краіны, дзе было пацьверджана некалькі выпадкаў хваробы.
У Італіі за суткі 97 чалавек памерлі ад каранавірусу
У Італіі ад COVID-19 за апошнія суткі памерлі яшчэ 97 чалавек — агульная колькасьць памерлых дасягнула 463. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на італьянскія ўлады.
Агулам у Італіі выяўлена ўжо 9,172 выпадкаў хваробы — за дзень колькасьць выяўленых хворых вырасла на 24%. На сёньня 724 чалавекі з тых, хто захварэў, цалкам выздаравелі.
Вязьні італьянскіх турмаў пратэстуюць праз каранавірус
У некалькіх турмах Італіі 8 і 9 сакавіка адбыліся пратэсты вязьняў пасьля таго, як улады праз каранавірус часова забаранілі спатканьні з сваякамі.
У адной з турмаў вязьні ўзялі закладнікаў, іх вызвалілі ў выніку паліцэйскай спэцапэрацыі. У іншых турмах пратэстоўцы падпальвалі мэблю і абсталяваньне. Паведамляецца пра сутыкненьні з паліцыяй. Некалькі дзясяткаў вязьняў зьбеглі.
Цягам сутак у італьянскіх турмах загінулі 6 вязьняў. Прычыны сьмерці ўдакладняюцца.
У сувязі з каранавірусам місія МВФ не прыедзе ў Беларусь
Візыт аглядальнай місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусь перанесены на няпэўны тэрмін з прычыны сытуацыі з COVID-19, паведаміла агенцтву БелаПАН «інфармаваная крыніца».
Спачатку меркавалася, што візыт пройдзе 19–30 сакавіка, плянаваліся сустрэчы місіі МВФ з прадстаўнікамі беларускага ўраду, Нацбанку і іншых банкаў, а таксама з экспэртнай супольнасьцю.
Аднак для супрацоўнікаў фонду ўвялі абмежаваньне на перасоўваньне ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу ў сьвеце. Таксама МВФ і Сусьветны банк вырашылі правесьці штогадовую вясновую сэсію кіроўных органаў завочна, празь відэасувязь.