Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія памежнікі правяраюць пашпарты ў пальчатках з прычыны каранавірусу


Пасажыры выходзяць з зоны мытнага кантролю ў менскім аэрапорце

У памежных пунктах пры ўезьдзе ў Беларусь праводзіцца праверка, каб выявіць ініфікававаных каранавірусам.

«Мы ажыцьцяўляем усе працэдуры ўзмоцненага санітарна-карантыннага кантролю ўжо працяглы час. І што тычыцца дадатковых захадаў, якія ўводзяць нашы калегі ў іншых краінах, то ўсе гэтыя мерапрыемствы мы ўжо праводзім», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

На каранавірус правяраюць на ўсіх межах, апроч мяжы з Расеяй

У Польшчы і Чэхіі на межах зь Нямеччынай уводзяць праверку падарожнікаў, паведамляюць СМІ. У іх будуць выбарачна правяраць тэмпэратуру, раздаваць лістоўкі з інфармацыяй пра каранавірус, яны мусяць запаўняць карту падарожніка.

«У нас такая праца ідзе ўжо некалькі тыдняў. Праводзіцца ўзмоцнены санітарна-карантынны кантроль асобаў, якія наведвалі краіны з успышкай каранавіруснай інфэкцыі. У гэтых захадах таксама бяруць удзел памежнікі», — сказаў Антон Бычкоўскі.

Мэта гэтых захадаў — на стадыі праверкі дакумэнтаў выявіць грамадзяніна «з прыкметамі фізычнага недамаганьня, інфэкцыйнага захворваньня». Такога пасажыра адразу ізалююць ад іншых і перадаюць супрацоўнікам санітарна-карантыннага пункту.

«Грамадзянам, якія едуць з краін зь неспрыяльнай санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыяй, выдаецца анкета, якую яны мусяць запоўніць.Таксама іх накіроўваюць у санітарна-карантынны пункт здаць аналіз», — сказаў Бычкоўскі. За мераньне тэмпэратуры ў падарожнікаў на беларускай мяжы адказваюць санітарна-карантынныя пункты.

«Я магу толькі параіць тым, хто перасякае дзяржаўную мяжу, не хаваць інфармацыю пра наведваньне краін зь неспрыяльнай каранавіруснай сытуацыяй, бо ідзецца пра агульную бясьпеку».

Аналягічныя праверкі, зьвязаныя з каранавірусам, праводзяць і на мяжы з Украінай. «Што да ўчастку мяжы з Расеяй, то на ёй органы памежнай службы не прысутнічаюць і памежны кантроль там не праводзіцца», — сказаў Бычкоўскі.

Памежнікі працуюць у мэдычных пальчатках

У Нацыянальным аэрапорце ў міжнародным і «саюзным» (сюды прыбываюць пасажыры з Расеі) сэктарах паставілі цеплавізары, якія дазваляюць памераць тэмпэратуру дыстанцыйна. Пункты лябараторнага кантролю ўстанавілі ў абодвух сэктарах.

Беларускія памежнікі працуюць у мэдычных пальчатках, правяраючы пашпарты і беручы ўдзел ў захадах санітарна-карантыннага кантролю.

«Маем неабходныя сродкі індывідуальнай мэдычнай абароны: рэсьпіратарныя маскі і пальчаткі. Вірус можа пэўны час знаходзіцца ў тым ліку на паверхні дакумэнтаў. Калі працуюць у памяшканьнях з патокавым перамяшчэньнем людзей, то выкарыстоўваюць маскі. Пры зьмене памежных нарадаў праводзяць дадатковы інструктаж і апытаньне асабовага складу пра самаадчуваньне. Калі супрацоўнікі адчулі сябе дрэнна, то могуць здаць аналізы ў санітарна-карантынным пункце. Таксама ў падразьдзяленьнях ёсьць розныя дэзынфэктары», — расказаў Антон Бычкоўскі.

Падчас перасячэньня літоўска-беларускай мяжы рэйсавыя аўтобусы спыняюць, у пасажыраў пытаюцца, ці былі яны ў Італіі, Кітаі, Паўднёвай Карэі ці Іране. Затым прадстаўнік санітарна-карантыннай службы мерае ўва ўсіх пасажыраў тэмпэратуру. Такія ж захады прымаюць ў аэрапортах.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

22 новыя адказы пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG