Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пацьвердзілі тры новыя выпадкі COVID-19, яшчэ два пацыенты паправіліся


Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла, што ў трох пацыентаў, у якіх раней западозрылі новы каранавірус, пацьвердзілі інфэкцыю. Такім чынам, у Беларусі зафіксавалі ўжо дзевяць выпадкаў COVID-19. Але неўзабаве выпішуць ужо другога і трэцяга вылечаных.

Паводле міністэрства, у першага ў краіне пацыента з новым каранавірусам SARS-CoV-2, студэнта БНТУ з Ірану, ужо трэці вынік тэсту паказаў адсутнасьць інфэкцыі. Таксама ў двух пацыентаў, якія зь ім шчыльна кантактавалі, тэсты паказваюць адсутнасьць вірусу. Чакаецца, што ўсіх трох выпішуць са стацыянара ў канцы тыдня.

Раней паведамлялася, што ў траіх людзей, аднесеных да «кантактаў 1-га ўзроўню» (гэта значыць, яны шчыльна кантактавалі з інфікаваным), выявілі падазрэньні на COVID-19. Пасьля трох тэстаў падазрэньні пацьвердзіліся. Мінздароўя адзначае, што «прэвэнтыўная ізаляцыя гэтых пацыентаў і адэкватнае мэдыцынскае суправаджэньне дазволілі не дапусьціць далейшага разьвіцьця хваробы і распаўсюду захворваньня».

Як ранейшыя, так і новыя пацыенты адчуваюць сябе здавальняюча, маюць нармальную тэмпэратуру і ня скардзяцца на стан здароўя, сьцьвярджае міністэрства.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG