Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем студэнтаў і выкладчыка БНТУ выпісалі зь лякарні: каранавірусу ў іх няма

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. «Хуткая» каля БНТУ, дзе выявілі першы выпадак заражэньня новым каранавірусам у Беларусі. 27 лютага 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. «Хуткая» каля БНТУ, дзе выявілі першы выпадак заражэньня новым каранавірусам у Беларусі. 27 лютага 2020 году

Зь лякарні выпісалі семярых студэнтаў і аднаго выкладчыка БНТУ, якія знаходзіліся там з 28 лютага ў сувязі з магчымым заражэньнем новым каранавірусам. Пра гэта парталу ВНУ расказаў намесьнік дэкана мэханіка-тэхналягічнага факультэту БНТУ Аляксей Белы.

Выпісалі тых, хто ня меў прамога кантакту з іранскім студэнтам БНТУ Гуламі Парсам Гуламрэзом, у якога выявілі COVID-19. Вынікі аналізаў паказалі, што студэнты здаровыя. Тых, хто кантактаваў з Парсам асабіста, павінны пратрымаць пад наглядам 14 дзён, незалежна ад вынікаў аналізаў.

Выпісаны выкладчык цяпер знаходзіцца дома на бальнічным.

Паводле Аляксея Белага, цяпер пад назіраньнем у лякарні застаюцца 28 студэнтаў БНТУ, пачуваюцца яны добра і скардзяцца толькі на нудоту.

«Іх перасоўваньне абмежавана палатай. Выкладчыкі і студэнты скардзяцца на тое, што зусім няма чаго рабіць. Ва ўсіх, вядома, ёсьць тэлефоны з інтэрнэтам, але і ён рана ці позна надакучвае. Некаторыя з выкладчыкаў змаглі ўзяць з сабой ноўтбукі і працуюць адтуль. Студэнты, маючы доступ у інтэрнэт, таксама працягваюць дыстанцыйна атрымліваць адукацыю, як іх аднакурснікі ў інтэрнатах», — расказаў Аляксей Белы.

Ён пагаварыў і з іранскім студэнтам, у якога выявілі каранавірус. Паводле намесьніка дэкана, хлопец «на здароўе ня скардзіцца, кажа, што ўсё ў яго добра», «перажывае трохі за вучобу» і за тое, што іншыя людзі празь яго — ускосна — трапілі ў шпіталь.

Усіх шпіталізаваных з каранавірусам плянуюць неўзабаве выпісаць

На здарўое яны не наракаюць, тэмпэратура ў іх нармальная. Засталося толькі, каб аналізы паказалі, што каранавірусу ў сьлізістых больш няма, піша Мінздароўя.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

<

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG