Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускага спартоўца знайшлі каранавірус. Уся каманда на карантыне

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Станоўчы тэст на каранавірус пацьвердзіўся ў першага беларускага атлета: 20-гадовы спартовы акрабат Аляксей З. вярнуўся пасьля спаборніцтваў у Партугаліі, адчуў сябе кепска і быў шпіталізаваны ў Гомельскую інфэкцыйную лякарню.

На турніры ў горадзе Мая ў зьвязцы з партнэрам ён заваяваў бронзавую ўзнагароду.

Вядома, што разам зь ім адным самалётам ляцелі іншыя чальцы каманды. Як расказала Свабодзе галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Беларусі ў спартовай гімнастыцы Анжэла Янусік, цяпер пад мэдычным наглядам знаходзяцца ўсе спартоўцы зь «першага кола» атачэньня заражанага спартоўца.

«З Аляксеем усё добра, яго назіраюць спэцыялісты, — удакладніла настаўніца каманды. — Колькі будзе трэба, столькі, імаверна, і пратрымаюць. Тыя, хто зь ім кантактаваў, таксама будуць агледжаныя, цяпер яны на карантыне».

Вынікае, што прынамсі 10 чалавек бліжэйшыя два тыдні будуць заставацца ў ізаляцыі. Ці азначае, што пад пагрозай акрабатычны этап Кубку сьвету, заплянаваны на пачатак красавіка ў Баўгарыі?

«Мы ўжо нікуды ня едзем, — пацьвердзіла асьцярогі Анжэла Янусік. — На жаль, для нас этап Кубку сьвету скончыўся, яшчэ нават не пачаўшыся. Гэта, натуральна, тычыцца толькі зборнай Беларусі, для ўсіх іншых спаборніцтвы не касуюцца».

Чалец зборнай, у якога верагодна дыягнаставалі каранавірус, таксама кажа, што ў яго «усё добра», але падрабязнай інфармацыі ад лекараў ня мае. Іншы ягоны калега па камандзе ўдакладняе, што ў шпіталь яго забралі ўначы на хуткай дапамозе.

«Ем, сплю, мераю тэмпэратуру, — расказаў Свабодзе малады чалавек. — Кнігі, ноўтбук...»

Па яго словах, аналіз на каранавірус акрабаты здалі адразу па вяртаньні з Партугаліі. Таксама пацьвердзіў, што на карантыне знаходзяцца ўсе, хто лятаў на спаборніцтвы. Канкрэтную колькасьць ня ведае, але агулам склад мужчынскай і жаночай камандаў, з улікам трэнэраў і адміністратараў, перавышаў два дзясяткі чалавек.

11 сакавіка Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла пра тры новыя станоўчыя тэсты на COVID-19 у беларускіх грамадзянаў — жыхароў Менску, Горадні і Гомля. Такім чынам, у краіне ўжо 12 выпадкаў новага каранавірусу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG