Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Узмоцнены кантроль». Як у дзіцячых садках берагуцца ад каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота

Выпадкі новага каранавірусу ў Беларусі зафіксавалі 11 сакавіка ў Горадні і Гомлі. Раней двух чалавек з новым каранавірусам шпіталізавалі ў Віцебску. Агулам у Беларусі 12 выпадкаў заражэньня COVID-19. У суседніх Украіне і Польшчы ва ўсіх навучальных установах уводзяць карантын. Міністэрства здароўя Беларусі падобных захадаў не прымае. Мы пацікавіліся, як у дзіцячых садках берагуцца ад каранавірусу.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

«Вывесілі абвесткі, як правільна мыць рукі з усіх пазыцыяў»

Загадчыца ясьляў-садка ў аграгарадку Гезгалы Дзятлаўскага раёну Горадзенскай вобласьці Сьвятлана Гурская расказала, што яны ўвялі падвышаныя захады бясьпекі пасьля таго, як у Беларусі паведамілі пра першы выпадак каранавірусу.

  • Штодня кантралюецца наведваньня садка.
  • Выхавальніцы да 8:30 паведамляюць загадчыцы, колькі дзяцей няма і зь якой прычыны.
  • Закрыты доступ ва ўстанову, замок на весьніцах, ніхто, апрача бацькоў, ня можа зайсьці.
  • Бацькі прыводзяць дзяцей толькі да пэўнага часу.
  • Калі нехта з бацькоў выхаванцаў прыяжджае з-за мяжы, ім звоняць з садка і распытваюць пра стан здароўя.
  • Абслуговы пэрсанал штодня захоўвае гігіену. «Кожны, прыйшоўшы, адразу праходзіць праз рукамыйнік. Ніводны чалавек ня пройдзе, каб не памыць адразу рукі. Вывесілі абвесткі, як правільна мыць рукі з усіх пазыцый. Стаяць дэзынфэкцыйныя сродкі і мыла. На нашую ўстанову 4 рукамыйнікі».
  • Калі людзі адыходзяць і вяртаюцца ў садок, прыкладам, з абеду, дэзынфэкцыйным сродкам праціраюць ручкі дзьвярэй.
  • Штодня мыюць цацкі з дадаткам дэзынфэкцыйнай рашчыны, потым прамываюць іх праточнай вадой.
  • Сталовы посуд награюць да высокай тэмпэратуры ў харчовым блёку, у групах посуд мыюць.
  • У канцы кожнага працоўнага дня робяць вільготнае прыбіраньнедэзынфэкцыйнымі сродкамі. Рыхтуе рашчыну ў адпаведных прапорцыях мэдсястра. Раней дэзынфэкцыйныя сродкі ўжывалі для прыбіраньня раз на тыдзень.
  • Загадчыца сыходзіць з працы пазьней, чым звычайна. Правярае, у якім стане пакінулі групы: ці памылі цацкі, ці прыбралі, ці адчынілі фортку на ноч праветрыць.
  • На бацькоўскім сходзе папрасілі бацькоў, каб старэйшыя дзеці, якія цяпер вучацца ў Менску і маюць большую магчымасьць заразіцца, не прыяжджалі пакуль дахаты. Бацькам параілі лепей пераслаць дзецям грошы, каб не было непасрэднага кантакту з малодшымі.
  • Дзеці штодня ходзяць на прагулянку, займаюцца на сьвежым паветры фізычнай культурай. У дождж усё роўна выходзяць на вэранду, каб добра праветрыць групы пасярод дня.
  • Ранкам супрацоўнікі садку прыходзяць на 10-15 хвілін раней, каб праветрыць групу.

«Ранкам прымаем дзяцей у масках»

Мэдсястра ясьляў-садка № 39 у Горадні Галіна Казачук расказала, што на мінулым тыдні праводзілі сход у дзіцячай паліклініцы наконт прафіляктыкі вірусных інфэкцыяў.

«Нам там даступна патлумачылі, сказалі, што такія дзеці да нас у садок трапіць не павінны. Але мы робім захады прафіляктыкі: ранкам прымаем дзяцей у масках. Узмоцнены кантроль за прыбіраньнем памяшканьняў: апрацоўваюць дэзынфэкцыйнай рашчынай ручкі, парэнчы, кранікі. Кантралюем, як дзеці мыюць рукі. Сочым, каб нават некалькі разоў мылі акуратна рукі пасьля туалету, шпацыру, перад ежай. Цяпер прыбіраем з дэзынфэкцыйным сродкам, звычайна мылі толькі з мыйным сродкам. Сёлета больш адказна да гэтага падышлі», — расказала Галіна Казачук.

«Паскасоўвалі канцэрты, тэатры, усе падзеі»

Загадчыца ясьляў-садка № 1 у Карэлічах Горадзенскай вобласьці Ніна Мазанік паведаміла, што ў садку цяпер адпаведна рэкамэндацыям санстанцыі «павышаны санітарна-эпідэмічны рэжым».

«Цяпер штодня пасьля таго, як дзеці сыдуць, апрацоўваем і падлогі, і мэблю, і посуд замочваем з дэзынфэкцыйным сродкам. У нас закрытая ўстанова, прапускны рэжым, пабочных асобаў не пускаем. Рукі, цацкі апрацоўваюць дэзынфэкцыйнай рашчынай. Паскасоўвалі канцэрты, тэатры, усе падзеі, нічога такога няма», — кажа Ніна Мазанік.

Яна расказала, што кожны год у часе вірусных інфэкцыяў больш дбайна захоўваюць гігіену, але сёлета — узмоцнена. Каля месяца таму хварэла больш выхаванцаў, цяпер хварэюць прастудай толькі 6% дзяцей.

«Апрацоўваем усе месцы, да якіх дакранаюцца дзеці»

Загадчыца садка № 65 у Віцебску Валянціна Астравухава паведаміла, што яны праводзяць дэзынфэкцыю «паводле ўказанняў санэпідэмстанцыі».

«Апрацоўваем усе месцы, да якіх дзеці дакранаюцца ручкамі. Зь дзецьмі больш старанна мыем рукі. Тлумачым, што гэта патрэбна для іхнае бясьпекі. Гутарым з бацькамі, папярэджваем, каб яны менш наведвалі грамадзкія месцы, больш уважліва прыглядаліся да дзяцей і трымаліся чысьціні і парадку. Таксама просім, каб не прыносілі з сабой у садок ежу».

Паводле яе, у садку заўсёды ёсьць імавернасьць інфэкцыяў, ротавірусных захворваньняў. Таму ў цяперашняй сытуацыі галоўнае — не паддавацца паніцы.

«Мы працуем у звыклым рэжыме — дзеці займаюцца гімнастыкай, наведваюць басэйн і абавязкова гуляюць, бо сьвежае паветра забівае ўсякую інфэкцыю», — сказала Валянціна Астравухава.

«Усё як і заўсёды»

У віцебскім дзіцячым садку № 35 расказалі, што трымаюцца віруліцыднага рэжыму, наказанага санэпідэмстанцыяй. Праводзяць захады для прафіляктыкі і дэзынфэкцыі — у канцы дня, калі дзяцей няма.

«Асаблівыя вымаганьні для групавых памяшканьняў, санітарных вузлоў, кухні. Апрацоўваем падлогу, дзьвярныя ручкі, лесьвічныя парэнчы, мэблю, падваконьні, сталовы посуд. Асаблівая ўвага санвузлам, — расказала загадчыца садка Тацьцяна Кабузан. — Выхавальніцы пры ранішнім аглядзе глядзяць на стан дзіцяці. Як і заўсёды. У нас вялікі садок — 247 дзетак. Нядаўна была вятранка, цяпер асаблівай успышкі захворваньняў няма».

Паводле яе, бацькі цікавяцца, задаюць пытаньні, асабліва калі бачаць, як апрацоўваюць садок. Да мэдыкаў падыходзяць: у садку ёсьць мэдсястра доктар-пэдыятар. «Аднак ніхто не панікуе».

«Замест аднаго разу апрацоўваем памяшканьні 3-4 разы»

З словаў загадчыцы дзіцячага садка № 74 Віцебску Натальлі Скараходавай, у лютым яны атрымалі ліст ад санэпідэмстанцыі пра ўзмацненьне віруліцыднага рэжыму.

«Мы карыстаемся дэзынфэкцыйнымі сродкамі. Паводле рэжыму, апрацоўваць памяшканьні трэба адзін раз на дзень. Цяпер мы гэта робім 3-4 разы на дзень: апрацоўваем усе групы, лесьвічныя пляцоўкі, парэнчы, калідоры, туалеты, музычную залю. Таксама ў кожнай групе ёсьць бактэрыцыдныя лямпы, якія ўключаем, калі няма дзяцей. Больш працу садку перасьцярогі не закранулі. Сёньня з 110 дзяцей прыйшлі 70», — сказала Натальля Скараходава.


Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG