Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні дзень Вялікай Брытаніі ў Эўразьвязе. Што зьменіцца з 1 лютага? 


Від на Лёндан
Від на Лёндан

31 студзеня а 23.00 паводле лёнданскага часу Вялікая Брытанія афіцыйна пакіне Эўразьвяз у рамках Брэксыту. «Настоящее время» расказала, як гэта паўплывае на міжнародныя кампаніі і прыватных асоб.

Падарожжы

Для грамадзян Эўразьвязу для ўезду ў Вялікую Брытанію не спатрэбяцца візы — ні брытанцам у Эўразьвяз, ні грамадзянам гэтых краінаў. Да канца 2020 году ў аэрапортах і на наземных пунктах пропуску будзе дзейнічаць «пераходны пэрыяд».

Пры гэтым ад 31 студзеня пачынае дзейнічаць пашпартны кантроль. Грамадзяне Вялікай Брытаніі павінны мець пашпарт, які дзейнічае мінімум 6 месяцаў з моманту заканчэньня паездкі. Такія ж правілы будуць дзейнічаць і для грамадзянаў ЭЗ.

Правілы ўезду адносна пашпарта і пашпартнага кантролю ад лютага пачнуць дзейнічаць ня толькі ў аэрапортах, але і пры паездках на цягніках «Эўрастар», паромах або аўтобусах.

Для беларусаў па-ранейшаму патрэбны брытанскія візы.


Пастаяннае пражываньне

З правам пастаяннага пражываньня грамадзянаў ЭЗ у Вялікай Брытаніі і наадварот пытаньне ня вырашанае. Пазыцыя бакоў такая, што пасьля заканчэньня пераходнага пэрыяду брытанцы павінны будуць рэгістравацца па месцы жыхарства, і такое ж правіла будзе дзейнічаць у адносінах да жыхароў ЭЗ у Вялікай Брытаніі. Цяпер такая рэгістрацыя не патрабуецца.

Больш за тое, па заканчэньні вызначанага часу (трох ці шасьці месяцаў) яны, як замежнікі, павінны будуць падаваць заяву ў міграцыйную паліцыю на прадастаўленьне ім віду на жыхарства — гэтак жа, як робяць грамадзяне ўсіх астатніх краін.

Выключэньні, хутчэй за ўсё, застануцца для студэнтаў, якім захаваюць свабоду навучаньня ў ВНУ, а таксама сужонцаў і іншых сямейнікаў: яны не павінны будуць рэгістравацца ці атрымліваць від на жыхарства.


Праца

Паводле дзейных нормаў, грамадзяне краін ЭЗ маюць права на працу ў Вялікай Брытаніі. Пасьля пашырэньня Эўразьвязу гэта прывяло да масавага прытоку ў краіну таннай працоўнай сілы з Польшчы, Літвы, Румыніі ды іншых краін усходу Эўропы. Такое правіла працягне дзейнічаць на пераходны пэрыяд. Але што будзе далей — невядома, асобнае пагадненьне пакуль не падпісанае.

Лёндан замест прыцягненьня работнікаў з усходу абяцае ўкараніць сыстэму паскоранага атрымання рабочых візаў паводле «бальнага прынцыпу» для жыхароў усіх краін без перавагаў для жыхароў эўрапейскіх краін. Гэта азначае, што прыярытэтнае права на працу будзе мець не ўладальнік пашпарта ЭЗ, а значнай для Вялікай Брытаніі спэцыяльнасьці.

Хутчэй за ўсё, пасьля заканчэньня пераходнага пэрыяду грамадзяне ЭЗ працягнуць працаваць на сваіх пазыцыях — гэтак жа, як грамадзяне Вялікай Брытаніі ў краінах ЭЗ. Але брытанскія ўлады прагназуюць, што прыток новых работнікаў з ЭЗ пасьля Брэксыту зьнізіцца на парадак: зь цяперашніх 200 тысяч штогод да 20 тысяч.


Мэдычныя страхоўкі

У гэтай галіне да канца 2020 году таксама будзе дзейнічаць пераходны пэрыяд. Усе мэдычныя страхоўкі, аформленыя ў Эўразьвязе, будуць дзейнічаць у Вялікай Брытаніі (і наадварот). Калі зь іх уладальнікамі нешта здарыцца на тэрыторыі чужой краіны, ім бясплатна акажуць мэдычную дапамогу.

Што будзе пасьля, асабліва ў выпадку хранічных захворваньняў, мусіць адрэгуляваць адмысловае пагадненьне, перамовы па якім пачнуцца ў лютым. Для Вялікай Брытаніі гэтае пытаньне зьяўляецца прынцыповым, бо брытанская сыстэма мэдабслугоўваньня на сёньня бясплатная для пацыентаў, у тым ліку для грамадзянаў Эўразьвязу.


Брытанскія эўрадэпутаты

31 студзеня ўсе 73 эўрадэпутаты ад Вялікай Брытаніі будуць адпраўленыя з Брусэлю на радзіму. Напярэдадні быў апошні дзень іх працы, некаторыя брытанскія абраньнікі плакалі, пакідаючы Эўрапарлямэнт.

Пры гэтым на пераходны пэрыяд, да канца 2020 году, Вялікая Брытанія ўсё роўна будзе жыць па законах Эўразьвязу. Але пісаць іх будуць толькі тыя, хто мае права голасу ў ЭЗ.

Гандлёвыя пытаньні

Акрамя ўжо згаданых пагадненьняў, Лёндан і Брусэль цягам гэтага году мусяць паразумецца па шэрагу важных гандлёвых пытаньняў.

Рыбалоўства. Рыбакі з ЭЗ патрабуюць права лавіць рыбу і малюскаў у брытанскіх тэрытарыяльных водах, як і раней. Брытанцы лічаць, што гэта права варта абмежаваць.

Роўмінг. Невядома, ці будзе захаванае пагадненьне аб адзіных тарыфах на сувязь пры паездках эўрапейцаў у Вялікую Брытанію і наадварот.

Паліцыя. Праца паліцыі на тэрыторыі суседняй дзяржавы і сумесныя расьсьледаваньні могуць быць спыненыя.

Перамовы будуць праходзіць у сакавіку — красавіку, а дакумэнты павінны быць падпісаныя да 30 чэрвеня. Калі па нейкіх пунктах дамовіцца ня ўдасца, Вялікую Брытанію і Эўразьвяз будзе чакаць «жорсткі брэкзіт» з неадрэгуляванымі гандлёвымі і мытнымі працэдурамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG