Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралева ўхваліла закон пра Брэксыт. Брытанія выйдзе з ЭЗ 31 студзеня


Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II

Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II ўхваліла законапраект аб выхадзе краіны з Эўразьвязу, прыняты раней парлямэнтам. Дакумэнт набыў моц закону. Ён прадугледжвае, што Вялікая Брытанія пакіне Эўразьвяз 31 студзеня а 23-й гадзіне паводле лёнданскага часу (у менску будзе 2 гадзіны ночы 1 лютага).

Закон заснаваны на пагадненьні, заключаным раней прэм'ер-міністрам Борысам Джонсанам і лідэрамі Эўразьвязу. Гэтае пагадненьне яшчэ павінен ухваліць Эўрапарлямэнт. Напэўна, што гэта адбудзецца 29 студзеня. Хаця многія прадстаўнікі краін ЭЗ заяўляюць, што не вітаюць Брэксыт, яны, як чакаецца, ухваляць узгоднены дакумэнт і ня будуць чыніць перашкодаў.

Вялікая Брытанія пакідае ЭЗ праз тры з паловай гады пасьля рэфэрэндуму аб Брэксыце, на якім большасьць выбарнікаў нечакана для многіх выказалася за выхад з Эўразьвязу. Дату Брэксыту тройчы пераносілі, бо брытанскі парлямэнт адмаўляўся ўхваліць складзенае з ЭЗ пагадненьне.

Борыс Джонсан, які стаў прэм'ерам летась, заключыў новы варыянт пагадненьня з ЭЗ, а затым дамогся датэрміновых выбараў у брытанскі парлямэнт і атрымаў на іх перамогу. У Палаце грамадаў цяпер большасьць маюць кансэрватары, якія без праблем ухвалілі законапраект.

Пасьля выхаду Брытаніі з ЭЗ пачнецца пераходны пэрыяд да канца гэтага году. Да 31 сьнежня павінна быць заключана новае гандлёвае пагадненьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG