Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская павіншавала беларусаў з Новым годам, запрасіўшы Севярынца, Латушку і Калесьнікаву


Удзельнікі навагодняга звароту Сьвятланы Ціханоўскай
Удзельнікі навагодняга звароту Сьвятланы Ціханоўскай

Дэмакратычная лідэрка выступала па-беларуску і запрасіла для віншаваньняў іншых палітыкаў, а фактычны кіраўнік Беларусі цягам апошняга 31 году выступаў традыцыйна на расейскай.

Сьвятлана Ціханоўская на пачатку свайго віншаваньня ўспомніла дзіцячыя гады:

«У дзяцінстве на Новы год мы часта ладзілі гульню: што я вазьму ў наступны год, а што пакіну ў мінулым. Запісвалі гэта на паперках — часам сьмешнае, часам сур’ёзнае. Кепскае — рвалі на шматкі ці адкладвалі ў капэрту. І нам здавалася: у новым годзе ўсё стане лепш і прасьцей, а ўсе праблемы застануцца ў мінулым. Цяпер мы ведаем: кожны год розны. У ім заўсёды ёсьць добрае — але разам зь ім прыходзяць і новыя выпрабаваньні.

У мінулым годзе я б пакінула пустыя спрэчкі, рознагалосьсі, крыўды, якія нас разьядноўваюць. Брахню з тэлеэкранаў, амаральную ваенную прапаганду, ура-патрыятызм і бясконцы пошук ворагаў. Арышты, звальненьні, абсурдныя забароны ўладаў і „заканатворчасьць“, якая ня мае нічога супольнага з законам. Усю тую несправядлівасьць, якую адчувае кожны беларус. Рэжым гэта ўсё робіць, каб утрымацца. Сёньняшняя ўлада няздольная нічога даць людзям, а толькі забірае.

А ў дваццаць шосты я вазьму тыя важныя справы, якія нам трэба працягваць. Тое, што робяць нашы праваабаронцы, падтрымліваючы тых, хто трапіў у бяду. Журналісты, якія даносяць праўду. Людзі культуры, якія зберагаюць нашу мову, памяць, нацыянальную ідэнтычнасьць. Настаўнікі, што вучаць дзяцей думаць. Дактары, якія ратуюць жыцьці. Прадпрымальнікі, якія знаходзяць рашэньні і даюць пэрспэктыву. Рабочыя, якія ствараюць наш дабрабыт. Людзі зямлі, якія кормяць краіну. Вы ўсе патрэбныя Беларусі.

У дзяцінстве на Новы год мы чакалі цудаў. Цяпер я іх не чакаю. Я ведаю, што цуды ня падаюць зь неба. Іх ствараюць людзі, мы з вамі. Таксама і праблемы не зьнікаюць самі. Іх трэба вырашаць. І ў асабістым жыцьці. І на ўзроўні ўсёй краіны. А яшчэ мы загадвалі слова, якое мусіць стаць галоўным у новым годзе. Маё слова году — надзея».

Таксама Ціханоўская адзначыла, што выказваньне «Затое ў нас няма вайны» ўжо ня дзейнічае, бо над Беларусьсю лётаюць ваенныя дроны, а беларускія заводы пастаўляюць снарады для краіны агрэсара — Расеі. Таму ў яе ёсьць надзея, што вайна скончыцца, у суседнюю Ўкраіну вернецца мір.

Яна падзякавала беларусам, якія «ня здрадзілі сабе».

Далей на экране зьявілася нядаўна вызваленая з турмы і прынятая ўладамі Нямеччыны Марыя Калесьнікава, якая на выбарах 2020 году была адной з галоўных дзейных асобаў пратэстаў, уваходзіла ў штаб Віктара Бабарыкі.

«Я не была тут пяць гадоў. Я зь цікавасьцю адкрываю для сябе новы сьвет. Выйшла і даведалася, што за гэты час здарылася шмат дрэннага, дзіўнага і жахлівага. Я выйшла і ня ўбачыла ніводнага чалавека, якому было лёгка. Я ня чула, каб хто-небудзь казаў, што гэтыя пяць гадоў прайшлі гладка. Але я ня бачыла зламаных людзей, людзей, якія забыліся пра салідарнасьць ці любоў. Я бачыла, як шмат дасягнулі беларусы ў сваіх ідэях, у культуры, думцы, у сусьветным маштабе, у краіне і за яе межамі».

Наступны выступоўцам быў выпушчаны з турмы і прымусова вывезены за межы краіны палітык і пісьменьнік Павал Севярынец:

«Вы дапамагалі палітзьняволеным, іх сем’ям. Слалі кветкі жонкам і маці, якім трэба была падтрымка ў цяжкую хвіліну. Усоўвалі грошы пры кожнай нагодзе. Дапамагалі гадаваць ні ў чым не вінаватых дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай прысутнасьці. Тое, што людзі захаваліся, не зламаліся — стала магчыма і дзякуючы вам — вашай веры і вашай салідарнасьці. Калі разумееш, што пра цябе памятаюць, за цябе моляцца — гэта дае сілу трымацца. Упершыню за пяць год я змог абняць жонку Волю і сына Францішка, якому было два, калі мяне пасадзілі.

Мы павінны змагацца за кожнага і кожную, хто застаецца ў турмах. Каб рэпрэсіі скончыліся. Каб і Мікола Статкевіч мог абняць сваю жонку, а кожны вызвалены мог выбіраць дзе жыць. Каб само паняцьце „палітычны зьняволены“ сышло ў нябыт.

Мяне глыбока кранула і тое, як беларусы падтрымліваюць украінскі народ. Хтосьці — служэньнем, хтосьці валянтэрствам. Хтосьці — на фронце, а хтосьці — рублём. Лёсы Беларусі і Ўкраіны неразрыўна зьвязаныя. Калі Ўкраіна будзе моцнай і вольнай, гэта адкрые шлях і для незалежнай, эўрапейскай Беларусі».

Таксама ў навагоднім звароце выступіў намесьнік Ціханоўскай Павал Латушка. Ён зьвярнуўся да дзяржаўных службоўцаў Беларусі. Ён адзначыў, што «сыстэма зайшла ў тупік», а яны штодня сутыкаюцца з рашэньнямі, прынятымі не ў інтарэсах беларускага народу, а ў інтарэсах аднаго чалавека.

«Мы, дэмакратычныя сілы, прапануем пачаць дыялёг для выхаду з крызісу, для незалежнасьці і свабоды. Дыялёг для разьвіцьця замест застою. Дыялёг для лепшай будучыні, якой заслугоўваюць беларусы. Якой заслугоўвае наша Радзіма».

Падагульніла ўсе выступы і завяршыла зварот зноў Сьвятлана Ціханоўская. Яна сказала, што ўсе беларусы розныя, але цудоўна, што яны не апусцілі рук.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«Да новага, 2026 году засталіся лічаныя імгненьні. Прысьвяціце іх сабе. Спытайце сябе: „Чаго я хачу?“ Заплюшчыце вочы. Загадайце жаданьне. Абдыміце блізкіх — хто побач. І згадайце тых, каго сёньня з намі няма. Памятайце: цуды, якіх мы чакаем, не здараюцца выпадкова. Мы ствараем іх самі.

Разам.

З Новым годам, дарагія беларусы.

Жыве Беларусь!»

Сваё віншаваньне прачытаў і Аляксандар Лукашэнка. Ён назваў 2026 году Годам жанчыны. Ён заклікаў берагчы беларускую жанчыну і сваю зямлю, бараніць сваю будучыню, сям'ю, родных, блізкіх і сяброў. Віншаваньне Лукашэнкі працягвалася каля шасьці хвілінаў, раней ён любіў выступаць даўжэй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG