Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу на «справу патрыётаў» пачалі разглядаць у ААН, фігуранты патрабуюць кампэнсацыі


Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў, Сяргей Стрыбульскі, Віктар Мароз і адвакат Людміла Казак у судзе ў Менску, 27 сакавіка 2018 году

Камітэт правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў зарэгістраваў індывідуальны зварот былых фігурантаў справы, што стала вядомай як «справа Белага легіёну», або «справа патрыётаў», піша «Вясна».

Паведамленьне ў Камітэт правоў чалавека накіравалі Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Мароз. Вясной 2018 году ў судзе Маскоўскага раёну Менску ім адмовілі ў кампэнсацыі маральнай шкоды ад затрыманьня ў справе, якую закрылі праз адсутнасьць складу злачынства (Менскі гарадзкі суд адхіліў касацыйную скаргу на гэта).

Чатырох пазоўнікаў і яшчэ тры дзясяткі чалавек затрымалі ў канцы сакавіка — пачатку красавіка 2017 году. Іх трымалі пад вартай больш за 4 месяцы, а потым яшчэ да лістапада — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

У скарзе ў Камітэт правоў чалавека ААН яны заяўляюць, што ў Беларусі ў іх былі парушаныя прэзумпцыя невінаватасьці, іхныя правы на свабоду і асабістую недатыкальнасьць, права не зазнаваць катаваньні і права не прымушаць да паказаньняў супраць сябе. Былыя фігуранты справы патрабуюць абавязаць Беларусь публічна папрасіць прабачэньня, выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды і маёмасныя страты, не дапусьціць падобных парушэньняў у будучыні.

Цяпер матэрыялы з ААН павінны перадаць у Беларусь, каб улады далі адказ Камітэту па сутнасьці паведамленьня.

Справа «Белага легіёну» разгарнулася пасьля таго, як 21 сакавіка 2017 году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах са зброяй». Пасьля заявы затрымалі 35 чалавек. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (частка 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу), пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім» (артыкул 287 КК).

У красавіку на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм «Белы легіён чорных душ» пра «справу патрыётаў», у якім расказвалася пра нібыта пагрозы замаху на спакой у Беларусі з боку «экстрэмістаў»: з тэрыторыі Польшчы, Украіны і Расеі, пра знойдзеную ў фігурантаў справы зброю, пра плянаваньне тэрактаў у Маскве.

Па дзяржаўнай тэлевізіі і ў дзяржаўнай прэсе ня раз паказвалі «канфіскаваную зброю баевікоў», але сярод паказанай зброі была і легальная паляўнічая, і бяскрыўдная страйкбольная. Ад тэрарыстаў Беларусь нібыта «ўратавала» нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: нібыта яна паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Менску.

30 лістапада 2017 году Сьледчы камітэт спыніў крымінальную справу, бо дзеяньні яе фігурантаў ня несьлі грамадзкай небясьпекі і не зрабілі шкоды.​ Дзеяньні КДБ і Сьледчага камітэту не былі прызнаныя незаконнымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG